Наверх

Летам – пра біятлон

04.08.2012 463 Наш край

На Брэстчыне створана абласное аддзяленне Беларускай федэрацыі біятлона.

Апошнім часам вынікі біятланістаў Рэспублікі Беларусь уражваюць усіх балельшчыкаў. Кожнага з іх парадавала выступленне жаночай зборнай у сезоне 2011–2012 гадоў. І ў першую чаргу дасягненні Дар’і Домрачавай, якая 18 разоў падымалася на п’едэстал гонару ў розных гонках сезону і ўпершыню ў сваёй кар’еры стала чэмпіёнкай свету, заваяваўшы  «золата» у гонцы праследавання ў Рупольдзінгу. А таксама папоўніла сваю капілку двума Крышталёвымі Кубкамі свету. Мусіць, яе дасягненні і паскорылі  стварэнне на Брэстчыне абласнога аддзялення Беларускай федэрацыі біятлона.

У снежні 2010 года Брэсцкі аблвыканкам прыняў рашэнне «Аб развіцці масавай фізічнай культуры у аграгарадках вобласці», у якім прадугледжваецца, што з              1 студзеня 2013 года ў Баранавіцкім раёне павінен адкрыцца біятлонны цэнтр. І зусім нядаўна, у маі сёлетняга года, на ўстаноўчым сходзе ў пасёлку Мір нашага раёна створана абласное аддзяленне Беларускай федэрацыі біятлона. Старшынёй аддзялення абраны генерал-маёр              І.Я. Бусько – начальнік упраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці, а яго намеснікам – А.Ф. Добыш, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплекса Баранавіцкага раёна. Сёння з ім гутарыць наш карэспандэнт.

 

– Аляксей Фёдаравіч, ці выпадкова Баранавіцкі рэгіён абраны цэнтрам біятлона Брэсцкай вобласці?

 

– Безумоўна, гэта не выпадкова.

У выканаўчы камітэт абласнога аддзялення Беларускай федэрацыі біятлона ўвайшлі таксама вядомыя людзі ў нашым рэгіёне, якія даўно займаюцца зімовымі відамі спорту, актыўна іх прапагандуюць. Гэта дырэктар Мірскай сярэдняй школы А.М. Жук, якога абралі адказным сакратаром абласнога аддзялення федэрацыі біятлона, настаўнік  фізічнай  падрыхтоўкі  гэтай жа  школы В.Р. Богуш, майстар спорту С.Л. Астрэйка і іншыя.

Сваімі спартыўнымі поспехамі ў лыжных гонках выхаванцы Мірскай школы вядомы не толькі ў Брэсцкай вобласці, але і ў Рэспубліцы Беларусь. Апошнім часам яны ня-дрэнна выступаюць і ў біятлоне. Напрыклад, чэмпіёнам краіны на прызы прэзідэнцкага клуба «Снежны снайпер» станавіўся Яўген Шалік, у 2009 годзе бронзавым прызёрам Беларусі стала эстафетная каманда школьнікаў. Фактычна наш раён з’яўляецца асновай зборнай Брэсцкай вобласці па зімовых відах спорту.

Дзякуючы намаганням кіраўніцтва Баранавіцкага лясгаса, дарожных арганізацый створана нядрэнная матэрыяльная база, вядомая, мусіць, кожнаму жыхару раёна і горада лыжаролерная траса ў пасёлку Мір.

 

– А ці здольны раён апраўдаць давер? Ці пасільную ношу ўзялі вы на сябе?

 

– Пытанне вельмі складанае, але вырашальнае. Успомніце, як будавалася першая лыжаролерная траса ў пасёлку Мір. Тады мала хто верыў, што атрымаецца. Але дзякуючы актыўнай пазіцыі, якую занялі старшыня аблвыканкама К.А. Сумар, старшыня Баранавіцкага райвыканкама М.М. Язубец, кіраўнікі гаспадарчых арганізацый раёна, актывісты, атрымаўся цудоўны спартыўны аб’ект, які карыстаецца вялікім попытам сярод насельніцтва горада і раёна.

Але сёння стаіць задача рухацца далей, каб атрымліваць добрыя вынікі.

 

– Мы так разумеем, што патрэбна ствараць больш дасканалую матэрыяльную базу і інфраструктуру?

 

– Сапраўды так. Сучасная база ў аграгарадку Мір можа служыць для пачатковай лыжнай і біятлоннай падрыхтоўкі. На жаль,  рэльеф мясцовасці вакол гэтага пасёлка не адпавядае лепшым рэспубліканскім аналагам (Раўбічы, Лагойск, Навагрудак). А яшчэ патрэбна свая абласная спецыялізаваная спартыўная школа па зімовых відах спорту (дарэчы, наша паў-днёвая суседка, Гомельская вобласць, мае тры такія школы), дзе неабходна сканцэнтраваць увесь арганізацыйны,  кадравы і навуковы патэнцыял. Зрэшты, павінен быць абгрунтаваны зімовы спартыўны каляндар і ўсё, што з ім звязана: у першую чаргу каардынацыя намаганняў усіх зацікаўленых арганізацый і ведамстваў і прапаганда здаровага ладу жыцця.

 

– Дзе і хто, на вашу думку, можа ўвасобіць такі амбіцыёзны праект?

 

– Я ўжо адказваў, што з кадрамі ў нас праблем не будзе. На працягу дзесяці гадоў каманда Мірскай школы па зімовых відах спорту прадстаўляе Брэсцкую вобласць на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Выхаванцы В.Р. Богуша жывуць і працуюць цяпер у Баранавіцкім рэгіёне. Яны і павінны скласці касцяк будучага праекта.              Гэта па-першае.

 Па-другое, мы выбіраем Моўчадзь (наша беларуская Швейцарыя) для стварэння там спецыялізаванай спартыўнай школы па зімовых відах спорту. Рэльеф мясцовасці і ўжо існуючая інфраструктура, можна сказаць, адпавядаюць патрабаванням да рэспубліканскіх зімовых цэнтраў. Неабходна, як кажуць у такіх выпадках, палітычная воля кіраўніцтва рэгіёна, падтрымка грамадскасці, прадпрыемстваў і арганізацый. У такім выпадку прыкладна за год-два можа быць створана цудоўная база.

 

– Гэта будзе аднафункцыянальны цэнтр, прадназначаны толькі для біятлона?

 

– Зусім не. Біятлонны стадыён, лыжныя трасы, траса для маўнцінбайка, фрыстайла, месцы для катання на санках і цюбінгах, горналыжныя спускі… Дарэчы, калі даўжыня спуску ў Сілічах прыкладна 350–400 метраў, то адзнака найвышэйшай кропкі ў вёсцы Моўчадзь і найніжэйшай у вёсцы Саўцавічы з перападам вышынь у 50 метраў складае 1,5–1,8 кіламетраў. Ёсць розніца? Таму  ў стварэнні зімовага цэнтра ў Моўчадзі могуць быць задзейнічаны як дзяржаўныя сродкі, так і прыватны капітал. А на выхадзе – здароўе цэлага рэгіёна.

 

– Адкуль у вас такая ўпэўненасць і захапленне зімовымі відамі спорту?

 

– З дзяцінства, бо я з тых мясцін. Я памятаю, як з Баранавіч фарміраваўся спецыяльны турыстычны поезд з працаўнікоў прадпрыемстваў горада, і там, на гэтых гарах каля Моўчадзі, не было дзе яблыку ўпасці. Усе горы былі прарэзаны лыжнымі і саннымі трасамі. Наогул, заняткі ў зімовым хваёвым лесе, дзе паветра насычана адмоўна зараджанымі іонамі, станоўча ўплывае на дыхальную сістэму чалавека і сардэчную дзейнасць. Аб гэтым вам скажа любы медыцынскі спецыяліст. Таму набывайце лыжы –  і ў зімовы лес!

 

– Гэта, бясспрэчна, цудоўна, але ж нашы зімы не заўсёды марозныя і снежныя. Вядомы, напрыклад, праблемы з заліўкай каткоў у нашым горадзе з-за гэтага. Уклаўшы грошы, можна, як гаворыцца, і праляцець. Хіба не так?

 

– Безумоўна, больш утульна на канапе, уключыўшы тэлевізар, глядзець спаборніцтвы з Аберхофа ці Хантымансійска, але існуе некалькі тэзаў, якія я часта паўтараю, напрыклад, здароўе не купіш – яно бясцэннае!

Ужо зараз у Брэсцкай вобласці існуе дастаткова тэхнічных сродкаў для выпрацоўкі штучнага снегу. Яны ўжо   апрабаваны на канале для веславання ў Брэсце. Тэмпература паветра павінна быць каля 00 і ніжэй. Акрамя таго комплекс можа быць выкарыстаны як у асенне-зімовы перыяд, так і ў вясенне-летні, напрыклад, для заняткаў веласпортам, маўнцінбайкам, трыятлонам і г.д. Ваколіцы Моўчадзі, Перхавіч, Круплян, Саўцавіч, Ягаднай, рэчкі Маўчадка, Шчара, Іса ці не самі за сябе гавораць?

Або чаму не выкарыстаць конны турызм на павозках далей ад асфальту, распрацаваўшы пэўныя маршруты?

 

– Хвалюе і такое пытанне: ці многа ёсць дзяцей у пасёлку Мір, у вёсцы Моўчадзь, якія жадаюць займацца зімовымі відамі спорту? Гэта ж усё плануецца ў першую чаргу для іх!

 

– Безумоўна, усё для дзяцей! А жадаючых займацца зімовымі відамі спорту дастаткова як у Міры, так і ў Моўчадзі. У радыусе 15–20 кіламетраў знаходзяцца Жамчужненская і Сталовіцкая сярэднія школы (1000 вучняў), Маўчадская сярэдняя школа, Маласваротаўская базавая школа, Перхавіцкая і Цешаўлянская сярэднія школы (300 вучняў).

У нас амаль не задзейнічаны патэнцыял гарадскіх школ і студэнцкай моладзі. Гэта толькі Баранавіцкі рэгіён, а калі правесці маніторынг па Ляхавіцкім, Ганцавіцкім, Івацэвіцкім і іншых раёнах вобласці, то праца поўнамаштабнай школы-інтэрната па зімовых відах спорту будзе забяспечана. На выхадзе ж, няхай не адразу, але праз 2–3 гады атрымаем і неабходны вынік.

 

– Усё сказанае ўражвае. А ці абмяркоўваліся ўсе гэтыя пытанні, і што ўжо зроблена на сённяшні дзень?

 

– А як жа. І стварэнне абласнога аддзялення Беларускай федэрацыі біятлона, і нашы прапановы, якія мы з вамі сёння абмяркоўваем, узніклі не на пустым месцы. Гэта вынік дзесяцігадовай практычнай дзейнасці і Федэрацыі прафсаюзаў па развіцці зімовых відаў спорту. Напрыклад, восем год пры прафсаюзнай школе птушкафабрыкі «Дружба» дзейнічае гурток «Лыжныя гонкі». Трэнер – В.Р. Богуш. Выхаваны  майстар спорту В.В. Богуш, 10 першаразраднікаў і многа спартсменаў масавых разрадаў.

Заслугоўвае ўвагі і вывучэння і праца раённага спартыўнага клуба «Надзея». І, нарэшце, праца Мірскай сярэдняй школы  і яе калектыву – яркае пацверджанне таго, што невялікая сельская школа на роўных можа канкурыраваць з лепшымі спецыялізаванымі школамі Беларусі па зімовых відах спорту. Па выніках кожнага сезону праводзіцца аналіз і абмяркоўваюцца праблемы і перспектывы, што выліваецца ў пэўныя аналітычныя даведкі, якія накіроўваюцца кіраўніцтву вобласці, раёна, кіраўнікам зацікаўленых ведамстваў і ўстаноў. Распрацаваны канкрэтныя прапановы па ўсіх накірунках, і зараз шчыльна ідзе іх абмеркаванне на розных узроўнях. Ніхто не адмаўляецца ад працы, і вынік павінен быць!

– Жадаем, Аляксей Фёдаравіч, нашаму маладому абласному аддзяленню Беларускай федэрацыі біятлона, адным з кіраўнікоў якога з’яўляецеся і вы, выйсці з некаторых арганізацыйных праблем прыгожа і… з медалямі, заваяванымі на разнастайных спаборніцтвах нашымі выхаванцамі.



  • Мы в социальных сетях: