«А Слова сталася целам і пасялілася між намі»
(Ян 1, 14)
Дарагія браты і сёстры ў Хрысце!
На парозе святаў Божага Нараджэння і Новага году жадаю, каб гэты незвычайны для ўсіх нас час мы перажывалі як дар Божага Провіду ў будаванні лепшай будучыні. Няхай асаблівасць перажывання сёлетніх святаў і тыя жыццёвыя выклікі, якія стаяць перад намі, дапамогуць кожнаму з нас адкрыць для сябе нешта новае і добрае. Нараджэнне Хрыста напоўніла свет зусім іншым глыбінным сэнсам. Няхай таксама і нам перажыванне таямніцы калядных святаў дапаможа адкрыць новыя перспектывы ў адносінах з Богам і бліжнім.
Няхай Бог, які стаўся Чалавекам, учыніць усіх людзей яшчэ больш чалавечнымі, каб усе памяталі, што мы створаны па Яго вобразу і падабенству. Каб кожны з нас няспынна ўзрастаў у веры, не губляў надзеі, а перадусім любіў Бога і ўзлюбленае Ім стварэнне. Няхай Сын Божы прынясе давер туды, дзе пануе сумненне, а роспач і абыякавасць пераменіць у шчырую любоў і радасць жыцця.
Радасных святаў Божага Нараджэння!
Хрыстус нарадзіўся! Славім Яго!
Антоні Дзям’янка, біскуп Пінскі