Ветэран прыфрантавых чыгунак Аляксандр Вікенцьевіч Сурма 25 жніўня адзначыў 90-гадовы юбілей.
45 гадоў і 9 месяцаў Аляксандр Вікенцьевіч аддаў баранавіцкаму аддзяленню Беларускай чыгункі. У 1944 годзе ўладкаваўся на станцыю Баранавічы-Цэнтральныя стрэлачнікам, дзе адпрацаваў 30 гадоў. Яшчэ 12 гадоў Аляксандр Вікенцьевіч працаваў брыгадзірам цэха экіпіроўкі ў вагонным участку.
У паслужным спісе Аляксандра Сурмы пасады правадніка і ахоўніка. Такі доўгі працоўны шлях не мог застацца незаўважаным, яго працоўная кніжка мільгае запісамі падзяк і прэмій: Аляксандр Вікенцьевіч быў прадстаўлены да мноства ганаровых узнагарод.
Сам ветэран лічыць самым каштоўным званне «Выдатны работнік Беларускай чыгункі». Аляксандр Сурма быў членам савета ветэранаў вагоннага ўчастка і актыўна ўдзельнічаў у самадзейнасці: спяваў песні і іграў на акардэоне.
Аляксандр Вікенцьевіч багаты не толькі чыгуначным стажам, але і сям’ёй: сын, дачка, 3 унукі і 2 праўнукі. Жыве ветэран з сынам, нявесткай і ўнучкай.
– І з тэлевізарам, – дадае ветэран, – таму што часам сумна бывае. Асабліва люблю перадачу «Давай поженимся». А ў сям’і мы жывём дружна і ніколі адзін аднаго не крыўдзім.
Роднае прадпрыемства клапоціцца пра ветэрана – на пенсіі Аляксандр Вікенцьевіч атрымліваў пуцёўкі ў санаторыі ў Кіславодску, Пяцігорску, Есентуках і баранавіцкі «Магістральны».
– Вялікі дзякуй усім урачам чыгуначнай і цэнтральнай паліклінік за тое, што лячылі, рабілі аперацыі і падтрымліваюць не толькі мяне, але і ўсіх пажылых людзей.
Павіншавалі Аляксандра Вікенцьевіча Сурму з юбілеем і ўручылі каштоўныя падарункі старшыня савета ветэранскай арганізацыі вагоннага ўчастка Зоя Васько, намеснік начальніка Баранавіцкага вагоннага ўчастка Беларускай чыгункі Ганна Манько і галоўны інжынер вагоннага ўчастка Юрый Савось.
Бадзёрасці духу і даўгалецця Вам, Аляксандр Вікенцьевіч!
Вольга КАВАЛЬКО.