Наверх

Цераспалосіца

16.09.2013 621 Наш край

Правядзенне камасацыі на тэрыторыі Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства ў 1921-1939 гадах.

Па выніках савецка-польскай (1919-1921 гг.) вайны Заходняя Беларусь (у тым ліку і Баранавічы разам з ваколіцамі) увайшла ў склад адроджанай Польшчы (II Рэчы Паспалітай). Сельская гаспадарка краю асабліва пацярпела падчас вайны і прыйшла ў поўны заняпад. Акрамя таго ў аграрнай сферы назіраўся цэлы шэраг перажыткаў з часоў прыгону, галоўным з якіх была цераспалосіца – наяўнасць у большасці заходнебеларускіх сялян некалькіх зямельных надзелаў, размешчаных у аддаленых мясцовасцях.

Наяўнасць цераспалосіцы можна растлумачыць хуткім драбненнем сялянскіх гаспадарак з-за высокага натуральнага прыросту і немагчымасцю набыць зямлю ў адным месцы з-за яе дэфіцыту і высокага кошту. Цераспалосіца абцяжарвала сялян, аказвала адмоўны ўплыў на якасць апрацоўкі зямлі і садзейнічала зніжэнню паказчыкаў ураджайнасці сялянскіх надзелаў. Гас­падаранне на некалькіх надзелах зямлі, адлеглых адзін ад аднаго часам на некалькі кіламетраў, было вялікаю стратаю сіл і часу селяніна.

На 30 верасня 1921 года ў Заходняй Беларусі, паводле дадзеных сельскагаспадарчага перапісу, налічвалася 349 239 самастойных сялянскіх гаспадарак. Каля 207 900 гаспадарак заходнебеларускіх сялян былі цераспалоснымі і вузкапалоснымі: з іх сяляне, якія мелі ад 1 да 2 гектараў зямлі, складалі 14,8%, ад 2 да 5 гектараў – 44,2%, ад 5 да 10  – 29,5%, ад 10 да 20 –  9,6%, ад 20 да 50 гектараў (заможныя сяляне) – 1,9%. Такім чынам, 59% цераспалосных гаспадарак прыходзілася на малазямельныя з надзелам да 5 гектараў. 40% гаспадарак усходніх ваяводстваў мелі некаторыя зямельныя надзелы шырынёю ад 1 да 2 метраў, а 14% гаспадарак – нават з шырынёю менш за 1 метр, з-за чаго на такіх вузкіх надзелах селяніну з канём было цяжка нават развярнуцца. 

3 мэтаю адраджэння сельскай гаспадаркі краю і станаўлення ў аграрнай сферы капіталістычных адносін польскія ўлады правялі ў 1921-1939 гадах на тэрыторыі Заходняй Беларусі (у тым ліку і Баранавіччыны) шэраг аграрных пераўтварэнняў і найперш за ўсё – камасацыю. У цэлым камасацыя вылілася ў аб’яднанне раскіданых надзелаў з улікам іх грашовай вартасці ў адзін з перанясеннем сюды хаты і стварэннем, такім чынам, хутара.

У адпаведнасці з польскім адміністрацыйным падзелам Заходняя Беларусь была падзелена на ваяводствы, паветы і гміны, прычым у 1921-1939 гадах Баранавічы з’яўляліся павятовым цэнтрам Навагрудскага ваяводства. Баранавіцкі павет падзяляўся на 14 гмін: Вольна, Востраў, Гара­дзішча, Дабрамысль, Дарэва, Крывошын, Ляхавічы, Моўчадзь, Мядзведзічы, Новая Мыш, Паланечка, Сталовічы, Чэрніхава, Ястрамбель.

Камасацыя, паводле меркаванняў значнай част­кі польскай эліты, павінна была стаць галоўнаю складоваю часткаю аграрнай рэформы. У адпаведнасці з прынятым Сеймам 31 ліпеня 1923 года законам аб камасацыі (ссяленні) надзелы аднаго ўладальніка, даўжыня якіх у адносінах да шырыні складала менш як 15 разоў, аддзеленыя ад сябе надзеламі іншага ўладальніка, лічыліся раздробленымі і цераспалоснымі і падлягалі звя­дзенню ў адзін, адпавядаючы асновам справядлівага гаспадарання, з перанясеннем сюды хаты і стварэннем, такім чынам, хутара.

Працэс камасацыі быў доўгім і складаным у сувязі з неабходнасцю правядзення вялікага аб’ёму падрыхтоўчых работ і складання шматлікіх патрабуемых дакументаў. Акрамя таго, заходнебеларускія сяляне спадзяваліся атрымаць пры ссяленні дадатковую ворную зямлю, але ва ўрада адсутнічаў дастатковы запас свабодных зямель. Паводле ацэнак тагачасных польскіх даследчыкаў для ажыццяўлення камасацыі асобнай вёскі неабходна было як мінімум 1,5-2 гады, у першую чаргу, для падрыхтоўкі нарматыўна-прававой і тэхнічнай дакументацыі і, пры магчымасці, па надзяленні дадатковаю ворнаю зямлёю беззямельных і малазямельных сялян, а таксама тых, якія пераносілі на новае месца гаспадарчыя будынкі.

Паспяховае ажыццяўленне камасацыі на Баранавіччыне было немагчымым без дадатковага надзялення зямлёю, але ва ўладаў не хапала на гэта свабодных ворных зямель. 3 мэтаю надзялення сялян зямлёю польскімі ўладамі звычайна выкарыстоўваліся царкоўныя і касцёльныя ўладанні (землі «мёртвай рукі»), пры захаванні канкардатнага мінімуму ў 20 гектараў. Так, 30 мая 1925 года сяляне вёскі Падлессе гміны Дарэва падалі заяву аб скамасаванні іх зямель абшарам каля 620 гектараў. На пасяджэнні Навагрудскай акруговай зямельнай управы ў Гродна 29 студзеня 1926 года выступіў селянін гэтай вёскі Стэфан Віктаровіч, які па просьбе 35 мясцовых малазямельных сялян прасіў перадаць на іх карысць каля 85 гектараў зямлі, належачых праваслаўнай парафіяльнай царкве ў Дарэва. Просьбу вяскоўцаў улады задаволілі з мэтаю ўзмацнення карлікавых гаспадарак.

Многія мясцовыя сяляне насуперак палажэнням закона аб камасацыі ад 31 ліпеня 1923 года, паводле якога ўдзельнікі камасацыі атрымоўвалі прыкладна роўны па грашовай вартасці страчанаму новы зямельны надзел, спадзяваліся на правядзенне камасацыі на больш выгадных для сябе ўмовах і на бясплатнае атрыманне зямлі, у сувязі з чым накіроўвалі скаргі ў зямельныя ўправы. Але на думку прадстаўнікоў польскіх улад прашэнні сялянства не адпавядалі рэчаіснасці і не заслугоўвалі ўвагі. Сяляне часта пераацэньвалі грашовую вартасць ранейшага асабістага надзелу і былі не задаволены атрыманымі зямельнымі надзеламі, але звычайна ўлады паведамлялі ім, што ў цэлым іх новы зямельны надзел па грашовай вартасці прыкладна роўны страчанаму.

У сувязі са значнымі цяжкасцямі першапачаткова камасацыя праходзіла даволі марудна, а масава яна стала праводзіцца пасля прыняцця сумеснага распараджэння Міністэрстваў сельскагаспадарчых рэформ і фінансаў ад 14 студзеня 1927 года аб выдачы хутаранам ільготных крэдытаў. Дзяржаўная крэдытная дапамога выдзялялася ў форме дадатковых банкаўскіх пазык пад 4% гадавых. Уладальнікам новаствораных хутарскіх гаспадарак выдаваўся крэдыт у 1 200 (у выключных выпадках да 2 500) злотых на перанясенне будынкаў і 600 (800) злотых на меліярацыю, а малазямельным гаспадарам на набыццё дадатковай зямлі. Высокасць пазыкі ў адносінах да аднаго гектара новаатрыманага надзела не магла перавышаць сярэднерынкавага кошту зямлі ў дадзенай мясцовасці, а агульная сума крэдыту на набыццё зямлі на гаспадарку не магла быць больш паловы сукупнага кошту надзелаў селяніна. Крэдыты выдаваліся пад іпатэчнае забеспячэнне нерухомасцю на тэрмін да 15 гадоў, а на тэхнічныя работы – да 4 гадоў. 

Значную цяжкасць пры правядзенні камасацыі ўяўляла дзейнасць камуністаў, якія паставілі сваёю мэтаю сарваць яе і ўсяляк дыскрэдытавалі саму ідэю насаджэння хутароў. Так, напрыклад, у партыйным органе КПЗБ «Чырвоны  сьцяг» у красавіку 1933 года паведамлялася, што «ў Баранавіцкім павеце з кожным днём пагаршаецца наша (сялян) становішча. Большасць нашых вёсак скамасавана. Абманулі нас (улады), што дадуць больш зямлі, пазыку. Толькі цяпер мы пазналі са­праўдны смак камасацыі. Па два гады сядзелі бяз хлеба, пакуль перавезьлі будовы на новае месца. Зямлі атрымалі трошкі больш, але балота, пустыры, няўжыткі, так што меншы ўраджай маем чым раней. А розныя оплаты сыплюцца на нас як з дзіравага мяшка: камасацыйныя, мэліярацыйныя, процанты па даўгох. У бягучым годзе павінны заплаціць 200-300 злотых камасацыйных выдаткаў, 80-100 зл. падаткаў.

Таму вёскі, у якіх не праведзена яшчэ камасацыя, бачучы нашае марнае жыццё, зацята змагаюцца супраць камасацыі».

Паводле дадзеных дзяржаўнай статыстыкі, на канец 1934 года ў Баранавіцкім павеце закончана камасацыя 46 вёсак (14% ад патрабуемага), а ў 92 вёсках была ўжо распачата праца па камасацыі і ў 69 вёсках справа ішла да свайго заканчэння. Варта адзначыць, што ў разглядаемы перыяд польская дзяржаўная статыстыка вялася пераважна ў цэлым па ваяводствах, таму вызначыць дакладна, колькі зямель было скамасавана ў Баранавіцкім павеце па стане на верасень 1939 года не ўяўляецца магчымым. Паводле ацэнак тагачасных польскіх даследчыкаў, на 1934 год пры захаванні тэмпаў апошніх пяці гадоў (1929-1934 гг.) для поўнага правядзення камасацыі і ліквідацыі цераспалосіцы ў сельскай гаспадарцы края павінна прайсці яшчэ прыкладна 14 гадоў (да 1948 г.), але час распарадзіўся па-свойму.

Падводзячы вынікі, трэба адзначыць, што правядзенне ў 1921-1939 гадах камасацыі ў Баранавіцкім павеце мела на мэце ліквідацыю цераспалосіцы, вылілася ў паўсюднае насаджэнне эканамічна самастойных рынкава арыентаваных гаспадарак фермерскага тыпу, садзейнічала станаўленню капіталістычных адносін у аграрнай сферы рэгіёна, дало значныя станоўчыя вынікі ў сферы сельскай гаспадаркі – спрыяла стварэнню агульнага ўнутранага рынка, уцягванню заходнебеларускіх сялян у таварна-грашовыя адносіны. Разам з тым многія мясцовыя сяляне не змаглі прыстасавацца да новых умоў гаспадарання з-за адсутнасці дастатковых сродкаў і недахопу агранамічных ведаў, што прывяло да хуткай маёмаснай дыферэнцыяцыі на вёсцы і разарэння значнай яе часткі.

Дзякуючы ўдасканаленню і ўдакладненню існуючых у аграрнай сферы юрыдычных адносін кошт скамасаванай зямлі ўзрастаў прыкладна на 30%, памяншалася колькасць неабходных для апрацоўкі надзела працадзён, паляпшалася якасць апрацоўкі і ўзрастала ўраджайнасць ворнай зямлі. Скамасаваныя гаспадаркі станавіліся заможнейшымі, іх уладальнікам было прасцей выкарыстоўваць перадавыя метады апрацоўкі зямлі, сельскагаспадарчыя машыны і севаабарот. У цэлым, па ацэнках тагачасных польскіх даследчыкаў, рашэнне сялян на пытанне пераносу будынкаў пераважна было адмоўным, бо землі каля сядзіб былі больш дагледжаныя і ўгноеныя, а перанос будынкаў патрабаваў значных намаганняў і будматэрыялаў. Звычайна сяляне пераацэньвалі вартасць старых сядзіб  і адмаўляліся пераходзіць на землі на ўскраінах вёскі, ішлі на значныя саступкі сваім суседзям, найперш за ўсё ў вызначэнні межаў на іх карысць. Такімі абставінамі карысталіся пераважна маладыя, энергічныя і ўпэўненыя ў сабе сяляне, якія згаджаліся на пакіданне старых сядзіб пры ўмове атрымання дадатковага кавалка зямлі. Дзякуючы працавітасці і настойлівасці сваіх уладальнікаў, новаўтвораныя гаспадаркі праз 3-8 гадоў амаль нічым не адрозніваліся ад старых гаспадарак, а не раз нават былі лепш апрацаванымі.



  • Мы в социальных сетях: