Наверх

«Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Баранавіцкага раёна» адзначае юбiлей

14.03.2015 487 Наш край

DSC00676Дзяржаўная ўстанова спецыяльнай адукацыі «Цэнтр карэкцыйна­-развіваючага навучання і рэабілітацыі Баранавіцкага раёна» ў гэтым месяцы адзначае сваё 10-­годдзе. З чаго пачыналася яго развіццё, чаго змог дабіцца за гэты час калектыў, з «Нк» падзялілася дырэктар цэнтра Людміла ЦЫМАНАВА.

«У пачатку дзейнасці цэнтра наша невялікая каманда – настаўнікі­-дэфектолагі, педагогі–псіхолагі, сацыяльны педагог – выяўляла сем’і, дзе выхоўваліся дзеці­-інваліды, наладжвала кантакт з бацькамі, абследавала дзяцей і вызначала для іх адукацыйны маршрут», – успамінае Людміла Цыманава.

Вядома, што падтрымка бацькоў, якія гадуюць дзяцей-­інвалідаў, прадыктавана дзяржаўнай палітыкай нашай краіны. Таму, каб аб­легчыць іх душэўны боль і эмацыянальны неспакой, супрацоўнікі прапаноўвалі бацькам навучаць іх дзяцей у карэкцыйным цэнтры.

Першапачаткова цэнтр знахо­дзіўся ў будынку Навамышскай пачатковай школы, а з верасня 2011­-га – пераехаў у пасёлак Мірны, дзе адкрыліся спецыяльная дашкольная група для выхаванцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ад 3 да 7­8 гадоў і спецыяльны клас для дзяцей з цяжкімі і шмат­лікімі фізічнымі і псіхічнымі парушэннямі развіцця ад 8 да 18 гадоў. Для цэнтра набылі спецыялізаваны транспарт, каб выхавацелі штодзённа маглі суправаджаць дзяцей на заняткі.

«За дзесяць гадоў у нас з’явілася шмат сяброў, суседзяў і сацыяльных партнёраў, – кажа Людміла Цыманава. – Так, дзякуючы спонсарам – Баранавіцкаму раённаму выканаўчаму камітэту, аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, рай­каму прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, райкаму прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, ЗАТ «Шчара­Агра», ААТ «Мінсктэлекамстрой», валанцёрам – вучням Жамчужненскай сярэдняй школы, Мірнаўскага дзіцячага саду­-сярэдняй школе, кадэцкаму вучылішчу, – цэнтр штогод папаўняецца цацкамі, настольнымі гульнямі, развіваючымі дапаможнікамі, умацоўваецца матэрыяльна­-тэхнічная база».

За час сваёй дзейнасці цэнтр атрымаў не адну ўзнагароду. Так, у 2013 годзе яго інтэрнэт-­сайт перамог у абласным конкурсе «Лепшы інтэрнэт-рэсурс». Дыпломамі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта, падзякамі Брэсцкага абласнога цэнтра карэкцыйна­-развіваючага навучання і рэабілітацыі не аднойчы адзначалася і праца педагогаў. У фестывалях, конкурсах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва актыўна ўдзельнічаюць і выхаванцы цэнтра, не раз атрымліваючы ўзнагароды.

«На сённяшні дзень у нас выхоўваецца 11 дзетак з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, – расказвае дырэктар. – Для іх створаны ўсе ўмовы: трохразовае харчаванне, сон, прагулкі, заняткі, гульні. Хлопчыкі і дзяўчынкі маюць магчымасць не толькі кантакта­ваць адзін з адным, але і вучыцца, развівацца».

Сапраўды, зараз цэнтр – каардынатар сістэмы спецыяльнай адукацыі раёна. На сённяшні момант у раённым банку дадзеных налічваецца 419 дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Большасць з іх маюць толькі парушэнні вуснага ці пісьмовага маўлення, але ёсць і такія, якія патрабуюць спецыяльных умоў навучання.

Трэба адзначыць, што ў дзіцячых садах і школах раёна функцыянуюць класы і групы інтэгрыраванага навучання. Да прыкладу, спецыяльная група для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення ёсць у Жамчужненскім яслях-­садзе, арганізаваны адукацыйны працэс і для выхаванцаў Гара­дзішчанскага дома-­інтэрната, дзяцей-­інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Адукацыйным працэсам ахоплены ўсе дзеці.

«Для таго, каб працаваць у сістэме спецыяльнай адукацыі, трэба мець сапраўды вялікае і чулае сэрца, быць неабыякавым, шчырым і ўважлівым чалавекам, – упэўнена кажа Людміла Цыманава. – Менавіта такія людзі і працуюць у нашым цэнтры. Яны заўсёды імкнуцца дапамагчы дзецям, чый лёс трохі адрозніваецца ад іншых. За стараннасць, адданасць сваёй справе, прафесійнае майстэрства хочацца шчыра падзякаваць усім членам калектыва, былым супрацоўнікам і калегам. А таксама ўсім пажадаць здароўя, дабрабыту, надзеі і радасці!»

Іна ГАНЧАР



  • Мы в социальных сетях: