Наверх

Сябры Яе Вялікасці Прыроды

07.02.2014 330 Наш край
«Салют!» – вітаецца дзяўчына ў клятчастай кашулі і аранжавых ботах, што сустрэла мяне ля ўвахода Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства ў Мінску. 

 
Гэта Юля Траццяк, сябра грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» з Баранавіч. Менавіта яна запрасіла мяне на штогадовы з’езд АПБ, паабяцаўшы: будзе цікава. Толькі зайшлі ў файе – і Юля знікае: «У нас там гульні з дзеткамі». Ветлівая рэгістратарка выдае мне яркую чырвоную папку з раскладам на дзень і невялічкім канцнаборам. Трэба агледзецца. Па падрабязным плане будынку арыентавацца лёгка. Без цяжкасцяў трапляю ў эпіцэнтр забавак. Малыя карпатліва выразаюць флікеры-птушкі. Крыху далей дарослыя з імпэтам ператвараюць каляровы лямец у вераб’ёў, сініц, гіляў (снегіроў). Тут праходзіць майстар-клас па валянні. 
 
– Адпраўце паштоўку са з’езду родным і знаёмым, – прапануе валанцёрка. Ля скрынкі прыгожыя карткі з птушкамі, як інакш! Выбіраю колькі – і прывітанні паляцелі 
па адрасах. 
 
З Юляй сустракаюся зноў у калідорчыку. Яе абступілі школьнікі.
 
– Давай з намі гуляць! – чаму б не. Выпадковы ўдзельнік у крузе павінен назваць жывёліну, птушку ці рыбу, якая жыве ў Беларусі, па камандзе вядучай. «Слон!» – кажа нехта з малых. Заалагічную памылку хутка выпраўляем, але тут пачынаецца афіцыйная частка.
 
Сядаем далей ад сцэны, каб можна было паразмаўляць. Даведваюся, што да сяброў АПБ Юля далучылася ў 2007-м, яшчэ студэнткай БарДУ. Цікавасць да «Птушак» абудзіў настаўнік біялогіі з універсітэта. Ахова прыроды захапіла так, што зараз дзяўчына атрымлівае профільную спецыяльнасць у Брэсцкім дзяржуніверсітэце – біяэколага. 
 
Між іншым, ля мікрафона падводзяць вынікі 2013-га. 
 
Ёсць пазітыўныя навіны: са спісу птушак, на якіх можна паляваць вясной, выключаны два віды качак, у рэках Астравецкага раёна на нераст збіраецца больш ласосяў з Балтыкі, чым раней. Некаторыя праблемы аднак засталіся. Напрыклад, працягваецца асушэнне балот у межах заказнікаў пад сяльгаскультуры. Амаль незваротны працэс – знікненне вяртлявай чаротаўкі, птушкі-чырвонакніжніцы. Дарэчы, над захаваннем гэтага віду беларусы працуюць сумесна з замежнымі калегамі. 
 
– АПБ праводзіць мноства мерапрыемстваў напрацягу года: патруліраванне нерасцілішч ласосяў, палявыя летнікі, напрыклад, «Начныя жыхары лясоў» пад Белавежскай пушчай, акцыі па ачыстцы тэрыторый каля вадаёмаў і рэк, назіранні за птушкамі, – дадае Юля. – Аднойчы мы з немкай балотаведам Анэт Ціле ўдзельнічалі ў чэмпіянаце па сенакосе.
 
– І як?
 
– Нам падарылі па блендару і сказалі займацца жаночымі справамі, – смяецца суразмоўца. 
 
Выступленні са сцэны цяпер гучаць у будучым часе. Пра свае планы расказвае і Юля:
 
– Дакладна ў сакавіку бу-дзем ладзіць у горадзе Дзень вераб’я. 
 
У Баранавічах і раёне зараз каля 30 удзельнікаў АПБ. 
 
Пасля пачынаюцца выбары ў цэнтральны савет, а пасля галасаванне за Птушку года – 2015. Сёлета гэта зязюля. Сярод наступных кандыдатаў сіняя сініца, баталён, вушатая сава і цецярук. «Пераможца» стане вядомы ў жніўні. А вось тое, што Брэсцкае абласное аддзяленне АПБ прызнана лепшым па выніках мінулага года, вядома ўжо зараз. Гэта трэцяя перамога нашага рэгіёну запар. 
 
Другая частка праграмы ўключала прагляд дакументальных стужак, даклады, наведванне аранжарэі і ўзнагароды пераможцам конкурсаў АПБ.


  • Мы в социальных сетях: