Наверх

Старая яблыня

01.06.2013 298 Наш край

Вясна ў той год была позняя. Чакалі яе доўга, асабліва вяскоўцы. Карцела хутчэй бульбу пасадзіць, на агародзе папрацаваць, навесці чысціню ля сваіх хатак.

– А хлопцы бульбу ўжо на поле вывезлі! У гэтым годзе шмат садзіць не будзем. Не магу я больш, трэба і сябе пашкадаваць, – сказала старая Вольга суседцы, беручы ў рукі кошык. 

Хоць яна так і вымавіла, у душы ўсё карцела зрабіць наадварот: ёй хацелася як мага больш дапамагчы дзецям. Мужык у хаце ляжыць хворы, дапамагае толькі па дробязях. А больш яна яму і не дазваляе: шкадуе. Вось так ірвецца адна з ранку да ночы для дзяцей і для яго. Дзеці ж прыязджаюць на выхадныя, але гэта толькі некалькі дзён з тых, якія ёй даводзіцца пражываць адной. Невядома навошта даў ёй Бог такое добрае сэрца, каб ім карысталіся? I таму трэба, і гэтаму трэба. Нікому не адмовіць. Кажа, што ў яе ўжо такі характар.

Зіму перажыла, зараз надышоў час вясенніх работ. Галоўнае для вясковага жыхара – пасадзіць бульбу. Вось цяпер Вольга і хвалюецца, хаця каб добра пасадзілі, ці каб дождж на
саджальнікаў не лінуў.

– Святланка, высока так не садзі, а то выбарануецца… I глыбока так не трэба, магчыма, дзе якая не ўзыдзе, пусткі будуць…

Яна доўга яшчэ нешта гаварыла, але дзецям яе «забабоны» здаваліся старадаўнімі. Падабрала яшчэ бульбу, што выгаралася з мінулага года. Ніхто не разумеў, для чаго яна гэта зрабіла.

– Мама, мы тут выгараць з-за яблыні не можам! Трэба пару галін спілаваць! – закрычаў ёй рухавы сын Толік і хутка прыняўся за справу. Не паспела яна агледзецца, як галіны са старой яблыні паляцелі адна за адной.

– Сынок, можа, не трэба, так па-спрабуйце праехаць. Восенню колькі яблычак маглі б прычакаць, я ж вам – не сабе…

А галінкі ўсё падалі і падалі на свежую зямлю. Здавалася, што Толік ніколі не скончыць, а проста спілуе ўсю яблыню. Пілка скончыла сваё жужуканне толькі пасля гучнага выкрыку Вольгі.

– Што ты робіш? Паглядзі,  што ад яблынькі засталося! Я ж яе ўсё жыццё даглядала…

Дзень пачынаў цямнець. Вольга пацалавала дзетак, якія ад’язджалі ў горад. Доўга стаяла на дарозе. Ёй здавалася, што бачыць яшчэ машыну, якая насамрэч даўно знікла. Вольга вырашыла паглядзець на вынік іхняй плённай працы – на поле.

Яно было чорным, як смоль, і быццам дыхала вясеннім водарам. Вочы не маглі глядзець толькі на параненае дрэва. Вольга калісьці сама яго садзіла. «Вось так, – думала, – за жыццё колькі і мне галін падрэзалі. Чаму мяне дзеці не разумеюць? Я ж не для сябе, усё для іх…»

Невядома, колькі часу яна так разважала. Калі жоўты сярпок на небе ўжо выразна асвятляў зямлю, Вольга сабрала адрэзаныя галінкі і панесла іх на дрывотню.



  • Мы в социальных сетях: