Наверх

Споведзь дзеда Браніслава

02.05.2013 405 Наш край

У нашай вёсцы Колбавічы ёсць жыхар, які добра памятае падзеі Вялікай Айчыннай вайны: наступленне немцаў, голад, бядноту. Слухаючы Браніслава Цвікла,  прыходзіш да  высновы, што лёс гэтага сталага чалавека не менш трагічны за лёс многіх тых, хто змагаўся з ворагам са зброяй у руках. За ўсю вайну  жыццё хлапчука  некалькі разоў вісела на валаску, але фартуна нейкім цудадзейным чынам заўсёды апыналася на яго баку… 

– Калі пачалася вайна, мне было ўсяго 13 гадочкаў, – успамінае  Браніслаў Вікенцьевіч. – Неяк восенню 1943 года мы, вясковыя хлапчукі, пасвілі кароў. Было яшчэ цёпла. Раптам бачым – над вёскаю павіслі клубы дыму. Сэрца маё пачало калаціцца ўсё хутчэй. Я залез на высокую сасну і зразумеў, што адбылося самае жахлівае – немцы падпалілі вёску. Мы кінуліся паглядзець, што ж там робіцца. Бег і ў думках маліўся, каб не знішчылі  нашу хату, але дарма: нічога ад яе не засталося. Ды і іншым вяскоўцам не больш пашчасціла, толькі дзе-нідзе ўцалела хаціна. Рабілі людзі потым зямлянкі, хаткі з моху – хто як мог спраўляўся з горам.

Дзед Браніслаў змяніўся у твары, пасуровеў. Бачыла, што нялёгка даюцца яму ўспаміны пра трагічнае мінулае.

– Аднойчы пасвім кароў і бачым – едуць з Вуглоў у бок нашай вёскі немцы, – працягвае апавяд дзед Браніслаў. – Цягнуцца цэлай калонай. А ехалі яны, як высветлілася пазней, мініраваць мост праз раку Шчара. Мы спужаліся, развярнулі свой статак і драпанулі. Імчаліся, сябе не памятаючы, а за спіной ўзрываліся снарады. Прыбеглі на падворак набраць з калодзежа вады. Апусцілі ўжо журавель, калі перад самай брамкай раптам упала нямецкая міна. Страшэнны выбух скалануў наваколле, але ў нікога з нас асколкі не патрапілі. Не дай Божа каму перажыць такое страхоцце.

Браніслаў Вікенцьевіч памаўчаў, сабраўся з думкамі:

– Дасканала помніцца і той дзень, калі  ўсе жыхары Колбавічаў амаль не развіталіся са сваім жыццём. Вось як гэта было: сабралі немцы ўсіх нас каля гумна, паставілі на калені старых і малых, насупраць – кулямёты. Кожны ўжо ў думках пахаваў сябе, рыхтаваўся да смерці. Але тут з нашага натоўпу выйшаў Антось Кароль, які раней служыў у Польшчы, і накіраваўся да аднаго з немцаў. Той таксама служыў там разам з Антосем, яны нават сябравалі. І тут пазналі яны адзін аднаго! Узрадаваліся, канешне, пачалі аб нечым размаўляць. А праз некаторы час ўсіх вяскоўцаў немцы памілавалі і адпусцілі. Супадзенне? Чалавечы лёс? Хто яго ведае. Але тыя жудасныя карціны да гэтага часу стаяць у мяне ў вачах.



  • Мы в социальных сетях: