Дарагія дыяцэзіяне, душпастыры, кансэкраваныя асобы і людзі добрай волі!
„Хрыстус уваскрос з мёртвых” – так спяваем у рэлігійнай песні на памяць аб падзеі, якая пакінула незнішчальны след для жыхароў зямлі на ўсе часы. Гэты спеў адлюстроўвае таямніцу радасці ўсіх хрысціян. Сёння мы радуемся ўваскрасенню Хрыста Пана, які адкрыў веруючым дарогу ў рай – месца прабывання Бога, анёлаў і справядлівых людзей, якія скончылі зямное жыццё і дзякуючы ахвяры Хрыста і Яго ўваскрасенню маюць удзел у жыцці вечным. Стоячы над пустым гробам Уваскрослага Езуса Хрыста, радуемся з перамогі Пана, якая перамяніла сэнс гісторыі Сусвету.
У Сімвале Веры, які прамаўляем у штодзённых малітвах, успамінаючы падзеі Пасхальнай ночы, гаворым аб Езусе: “…замучаны пры Понцкім Пілаце, укрыжаваны, памёр і быў пахаваны; зышоў да адхлані, на трэці дзень уваскрос з памерлых…” Для хрысціян і для ўсіх людзей добрай волі гэтае вызнанне – радасць і надзея на розныя акалічнасці жыцця, якое нават з хвілінай смерці не заканчваецца, а толькі перамяняецца, бо – Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Аллелюя!
Пасхальныя святы ажыўляюць нашу надзею на дасягненне звышпрыроднай мэты. Уваскрослы Хрыстус вярнуў нам жыццё, страчанае праз першародны грэх першых продкаў. Мы маем магчымасць цяпер пілігрымаваць з Хрыстом праз штодзённасць у вечнасць. Жадаю ўсім вам глыбокай веры, жывой надзеі і бясстрашнай любові.
Няхай уваскрослы Хрыстус увойдзе ў нашае жыццё . Прымем Яго як сапраўднага Сябра. А калі нават здаецца, што цяжка ісці за Ім, узгадаем сабе словы самога Хрыста, якія скіраваў да Пятра: ,,Не бойся!” Будзьма ўпэўненыя, што Ён блізка кожнага з нас і адорыць нас супакоем, якога шукаем. Няхай гэтае свята будзе крыніцай святла і надзеі для вас, родных і блізкіх вашаму сэрцу асоб. А традыцыйныя сустрэчы з іншымі людзьмі ў велікодны час няхай спрыяюць паглыбленню веры ў перамогу жыцця над смерцю, ласкі над грахом, хрысціянскай надзеі над безвыходнасцю ў розных абставінах жыцця.
Святы Пасхі няхай таксама кожную сям’ю напоўняць надзеяй, адновяць радасць веры, умацуюць, каб больш плодна сведчылі аб перамозе Хрыста. Жадаю, каб велікодная радасць, якую перажываем на зямлі, стала для ўсіх нас радасцю вечнай.
Мае дарагія!
Велікодныя святы, якія мы цяпер перажываем, асаблівыя для Касцёла Пінскай дыяцэзіі, бо ў гэтым годзе рыхтуемся да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў і 90-годдзя паўстання нашай дыяцэзіі, разумеючы і прымаючы неабходнасць асабістага навяртання, мы абвяшчаем вызваляючую прысутнасць уваскрослага Хрыста і радасць Божага прабачэння. Бо змаганне праўды аб Хрысце Укрыжаваным і Уваскрослым усё трывае і будзе трываць аж да сканчэння свету.
Жадаю, каб Хрыстус сустрэў нас, так, як вучняў па дарозе ў Эмаўс, і ўчыніў, каб нашыя сэрцы запалалі новай любоўю да Яго і нашых блізкіх. Езус жыве ў супольнасці Касцёла і з’яўляецца прычынай нашай радасці і надзеі на жыццё вечнае. Насуперак закону смерці, Любоў Божая выпраменьваецца з глыбіні пустой грабніцы і асвятляе цемру нашага жыцця, надае яму сэнс, кірунак і мэту. Мы сустракаем Яго на нашых дарогах жыцця, у нашай з вамі штодзённасці – тлумачачага Пісанне, схіляючагася над чалавекам усіх часоў, у жэсце прабачэння і міласэрнай любові.
”Мы абвяшчаем тую расдасць, якую нам дае Дух Святы, каб дайшла яна да ўсіх сэрцаў, запальваючы ў іх святло надзеі, якае не згасае. Хрыстус жыве!” – навучае Папа Францішак. Жадаю, каб Пан даў нам удзел у Яго Уваскрасенні, каб мы здолелі прыняць Яго як жывога і дзейнічаючага пасярод нас Бога.
Я віншую ўсіх вернікаў, усіх хрысціян і людзей добрай волі, якія яшчэ толькі ў пошуках Бога, з радасным святам Уваскрасення Пана нашага Езуса Хрыста. Няхай радасць Уваскрасення напоўніць нашыя сэрцы радасцю і сапраўдным спакоем, якое мае сваю крыніцу ў прабачэнні і паяднанні. Няхай такі супакой ахіне ўвесь свет.
Сардэчна запрашаю да ўдзелу ў святкаванні перамогі Хрыста!
На час перажывання велікодных святаў з сэрца ўсіх вас благаслаўляю.
Антоні ДЗЯМ’ЯНКА, біскуп Пінскі