Наверх

Прыгожае імя – Жанчына

03.08.2013 366 Наш край

Усё часцей мы не толькі чуем, але і бачым, як адметныя жаночыя якасці знікаюць у характары дзяўчат. Мода змяняецца. Калі раней галоўным здабытчыкам ў сям’і быў мужчына, то цяпер жанчыны жадаюць самастойна клапаціцца пра свой дабрабыт.

Гісторыя называе нам імёны многіх выбітных жанчын, інтэлігентных, выхаваных і незалежных, уплыў якіх на літаратуру, мастацтва і нават гісторыю чалавецтва цяжка пераацаніць.

З нараджэннем і развіццём фемінізму паданні аб «ідэальнай жанчыне» і ролі жанчын у грамадстве пачынаюць паступова змяняцца. Феміністкі абвяшчаюць ідэал моцнай, незалежнай жанчыны, які не абмежаваны традыцыйнымі стэрэатыпамі. Але ж, як і раней, да самых каштоўных жаночых уласцівасцяў належаць далікатнасць, адчувальнасць, такт, дар разумення іншых, памяркоўнасць, вернасць, мяккасць, спакой. Гэта тое, з чаго складаецца жаноцкасць.

А што такое жаноцкасць у сучаснасці? Якія мэты перад сабой ставяць цяперашнія дзяўчаты?

Аліна, 17 гадоў, абітурыентка:

– На цяперашні час галоўнае месца ў жыцці належыць кар’еры. У будучыні я збіраюся быць менеджарам, таму ўсе сілы на дадзеным этапе накіроўваю на вучобу. Але, як і ўсе дзяўчаты, я мару аб уласнай сям’і: вялікай і дружнай.

Марына, 33 гады, эканаміст:

– Я лічу, што жаноцкасць – гэта сукупнасць традыцыйна жаночых рыс. Гэта мяккасць, пластычнасць, гібкасць, адчувальнасць, развітая інтуіцыя, спакой і міралюбства. Гэтыя рысы можна выхаваць у сабе. Я мама, і галоўнае, што
ёсць у маім жыцці – гэта мая сям’я. На мой погляд быць сапраўды добрай мамай – значыць быць сапраўднай жанчынай. А якая ж мама без жаноцкасці?!

Наталля, 26 гадоў, прадавец:

– У кожнай жанчыне ад прыроды закладзена жаноцкасць, і яна проста ёсць у кожнай з нас, і, адпаведна, нам не прыходзіць у галаву задумвацца над гэтым.

Вераніка, 21 год, студэнтка:

– Даць дакладнае вызначэнне, што такое жаноцкасць, досыць складана. Кожны чалавек укладвае ў гэтае паняцце нешта сваё. Бяда ў тым, што некаторыя дзяўчаты забываюць, што жаноцкасць – гэта не толькі прыгажосць або сэксуальнасць, але і тое, якая вы ёсць, пра што вы думаеце, што перажываеце, што робіце, як робіце. У мінулым, цяпер. І тое, якой будзеце праз хвіліну! Усё гэта і ёсць ваша жаноцкасць!



  • Мы в социальных сетях: