Наверх

Праект “Нк” – “Пераможны год”. Усё для фронта, усё для перамогі

27.04.2015 465 Наш край

IMG_4431Красавік 1945 года. Вайна падыходзіла да свайго завяршэння, Чырвоная Армія набліжалася да Берліна. А на вызваленай савецкай зямлі, і ў нашых мясцінах, людзі жылі адзінай думкай: «Усё для фронта, усё для перамогі».

Пра што ж пісала папярэдніца «Нашага краю» – пасляваенная баранавіцкая газета «Чырвоная звязда» ў красавіку 1945­га?

Пра гэта чацвёрты артыкул творчага праекта «Пераможны год». Пры цытаванні газетных матэрыялаў мы захоўваем тагачасны стыль напісання.

ЖЫЦЦЁ АДРАДЖАЛАСЯ З ПОПЕЛУ

Як гавораць у народзе, мужык памірае, а пра хлеб думае. Вайна дагрымвала на захадзе, забірала свае апошнія ахвяры, а веснавое поле чакала сейбітаў.

У пачатку красавіка «Чырвоная звязда» надрукавала зварот удзельнікаў абласнога сходу сялян і спецыялістаў сельскай гаспадаркі да ўсіх працаўнікоў Баранавіцкай вобласці. Галоўная думка звароту – узорна правесці веснавую сяўбу, каб не пуставаў ні адзін кавалак зямлі, аднавіць будынкі школ, радзільных дамоў, устаноў культуры, адрамантаваць дарогі і масты, адбудаваць дамы сялянам, якія пацярпелі ў вайну, узмацніць дапамогу сем’ям франтавікоў і загінуўшых партызан, клапаціцца аб дзецях, чые бацькі загінулі ад рук нямецкіх акупантаў.

Канкрэтны план аднаўлення вёскі перад удзельнікамі сходу развіваў дэпутат Вярхоўнага Савета СССР, сакратар абкама партыі Тур, пра што паведамлялася ў артыкуле «Адраджэнне».

«…Кроў кіпіць у людзей у жылах, нянавісць стукае ў сэрцах, калі яны слухаюць і ўсведамляюць падаваемыя дакладчыкам цыфры варварскага знішчэння людзей і разбурэння гаспадаркі Баранавіцкай обласці нямецка­фашысцкімі захопнікамі.

У гарадах спалена 44 700 дамоў, у вёсках знесена з твару зямлі 26 тысяч хат. Цяжка пацярпела жывёлагадоўля обласці: 54 тысячы коней, 100 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, 157 тысяч свіней, 175 тысяч авечак знішчылі і вывезлі ў Германію нямецкія захопнікі. Немцы ўкралі 600 трактараў, тры мільёны метраў піламатэрыялаў…

Фашысты вывезлі на катаргу ў Германію 7 640 дзяўчат, 12 000 падросткаў. Варвары знішчылі 258 тысяч чалавек. 23 000 дзяцей засталіся без мацярэй. 27 600 дзяцей – без бацькоў. 18 000 засталіся круглымі сіротамі…»

Такім быў рахунак вайны для нашых землякоў.

«ЗАВАЮЕМ УРАДЖАЙ ПЕРАМОГІ»

12 красавіка «Чырвоная звязда» выйшла з заклікам: «Шырэй разгорнем на палях сацыялістычнае спаборніцтва за правядзенне веснавой сяўбы ў сціслыя тэрміны і высокаякасна! Заваюем ураджай перамогі!»

Акрамя думак пра ўраджай нашых зем­лякоў турбавалі і іншыя клопаты. У тым жа звароце ўдзельнікаў абласнога сходу сялян і спецыялістаў сельскай гаспадаркі звярталася ўвага на неабходнасць аднавіць жывёлагадоўлю, мясцовую прамысловасць будаўнічых матэрыялаў…

«…У мэтах хутчэйшага аднаўлення жывёлагадоўлі да ўзроўню 1940 года поўнасцю захаваць маладняк і прыплод 1944 і 1945 гг. усіх відаў жывёлы. Усямерна развіваць птушкаводства, больш разводзіць курэй, гусей, качак.

Ачысціць усе маючыяся ў обласці вадаёмы і пруды, поўнасцю аднавіць рыбную гаспадарку.

У бягучым годзе поўнасцю аднавіць мясцовую прамысловасць і асабліва прамысловасць мясцовых будаўнічых матэрыялаў: цагельныя, вапнавыя заводы, прадпрыемствы па выпуску гонты, спіртаводачныя заводы, лесазаводы, маслазаводы, ганчарныя прадпрыемствы…

Мы заклікаем усіх сялян і спецыялістаў сельскай гаспадаркі павысіць рэвалюцыйную пільнасць, выкрываць і адда­ваць у рукі совецкага правасуддзя нямецка­-фашысцкіх шпіёнаў і дыверсантаў, а таксама іх пасобнікаў. Гэтым самым мы ўмацуем наш совецкі тыл, наблізім радасны дзень перамогі над ворагам».

ГАРАДСКІЯ АГАРОДЫ

Не заставаліся ў баку ад вырашэння, як сёння сказалі б, харчовай праграмы і гараджане. У газетнай заметцы «Засеем індывідуальныя агароды» ішла гаворка менавіта аб гэтым.

«Рабочыя і служачыя горада Баранавічы ўпершыню пасля нямецкай акупацыі будуць засяваць свае індывідуальныя агароды, каб атрымаць дадатковыя прадукты харчавання. Калектывы работнікаў абласной і гарадской канторы сувязі больш месяца таму назад пачалі падрыхтоўку да веснавой сяўбы на сваіх агародах. З леп­шых вопытных агароднікаў створаны спецыяльныя агародныя камісіі, якія правялі ўлік рабочых, жадаючых атрымаць зямлю пад агароды, арганізавалі збор лапат, матык, грабель, леек і другога інвентару.

Адначасова агародныя камісіі дапамагаюць семьям франтавікоў і інвалідаў Айчыннай вайны ў набыцці насення для сваіх індывідуальных агародаў. Аддзел рабочага забеспячэння ўпраўлення сувязі ў бліжэйшы час размяркуе сярод работнікаў 4 тоны бульбы на насенне…»

АДНОВІМ РОДНЫ ГОРАД

У папярэдніх артыкулах праекта «Пераможны год» мы расказвалі і пра аднаўленне горада Баранавічы, якому вайна таксама нарабіла нямала шкоды. Канешне, гэта было справай не аднаго дня, тым больш ва ўмовах разбуранай вайной народнай гаспадаркі. Таму ў той час шмат клопатаў лажылася на плечы жыхароў горада, на іх энтузіязм, пра што сведчыць заметка «Прадоўжым аднаўляць горад Баранавічы», надрукаваная 5 красавіка.

«У нядзелю, 8 красавіка, будзе праве­дзен першы масавы нядзельнік па ачыстцы горада ад захламленасці і смец­ця, па рас­чыстцы будаўнічых пляцовак, па разборцы разбураных будынкаў… У агульнай працы па адраджэнню роднага горада павінна ўдзельнічаць усё насельніцтва. Мы не павінны паўтараць памылак мінулага года, калі не ўсё праца­здольнае насельніцтва ўдзельнічала ў аднаўленчых работах. На ўчастках не было брыгадзіраў, кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў не забяспечвалі рабочых патрэбным інструментам…»

Аднаўленнем горада трэба кіраваць, гаварылася ў заметцы. Для прадастаўлення магчымасці ўсім жыхарам горада ўдзельнічаць у аднаўленчых работах гарадскі Савет і гаркам партыі ўручалі ім працоўныя кніжкі, у якіх вёўся строгі ўлік праведзенай работы.

Вулічныя і квартальныя камітэты станавіліся асноўным арганізуючым звяном, якое адказвала за выхад насель­ніцтва на будаўнічыя ўчасткі, за якімі людзі былі замацаваны.

«…Прадстаіць вялікая работа. Трэба адрамантаваць пяць гарадскіх мастоў, пабудаваць два дзіцячыя сады, палац піонераў, адрамантаваць 15 650 квадратных метраў бруку і 1 330 метраў тратуараў і многа другіх работ. Замест засох­шых дрэў па гораду будзе пасаджана 3 000 дрэў і ў новым гарадскім парку, там, дзе раней быў рынак, будзе высажана 6 000 дрэў, 1 500 кустоў рознай зелені і 3 500 маладых ёлак для стварэння жывой агарожы вакол парка. А плошча, якую трэба будзе ачысціць ад смецця і развалін, складае 325 721 квадратны метр».

ЧАС АДПЛАТЫ ПРАБІЎ

А напрыканцы красавіка 1945 года па газетных публікацыях адчувалася, што доўгія вёрсты вайны вось­вось прывядуць савецкіх салдат да канчатковай перамогі над ворагам.

24 красавіка чытаем:

«Час адплаты прабіў!
Учора, 23 красавіка, войскі 1-га Беларускага і 1­-га Украінскага франтоў уварваліся ў сталіцу Германіі – Берлін!
Слава доблесным совецкім воінам­ багатырам!»

26 красавіка:

«Войскі 1­-га Беларускага фронта перарэзалі (25 красавіка. – Рэд.) ўсе шляхі, якія ідуць з Берліна на захад і злучыліся на паўночным захадзе ад Потсдама з войскамі 1­га Украінскага фронта, завяршыўшы такім чынам поўнае акружэнне Берліна».

Масква салютавала доблесным войскам артылерыйскімі залпамі.

Міхаіл ШУБІЧ.

(Заканчэнне будзе)



  • Мы в социальных сетях: