Ад ціхіх рэчак Мухаўца і Буга, ад сцен Брэсцкай крэпасці пачыналіся доўгія вёрсты вайны, неверагодна цяжкі і гаротны шлях да берагоў Шпрэе і Эльбы, да сцен скоранага рэйхстага. Але дзяды і бацькі нашы, каму лёсам было наканавана дажыць да пераможных залпаў, прайшлі той шлях і ўзнялі чырвоны сцяг у самым цэнтры фашысцкага логава. І вярнуліся з перамогай.
Лікаваў савецкі народ, лікавалі нашы землякі. Пра гэта сведчыць папярэдніца «Нашага краю» – пасляваенная баранавіцкая газета «Чырвоная звязда» у сваіх майскіх нумарах 1945 года.
Пра гэта пяты артыкул творчага праекта «Пераможны год». Пры цытаванні газетных матэрыялаў мы захоўваем тагачасны стыль напісання.
«БЕРЛІН УЗЯТ!»
Нумар «Чырвонай звязды» за 4 мая 1945 года выйшаў з доўгачаканым паведамленнем, вынесеным у «шапку»: «Воіны гераічнай Чырвонай Арміі поўнасцю авалодалі Берлінам!»
І тут жа, на першай старонцы газеты, аб радасных падрабязнасцях гэтай падзеі, якая адбылася 2 мая, чытачы маглі даведацца з «Загада Вярхоўнага Галоўнакамандуючага па войсках Чырвонай Арміі і Ваенна-Марскога Флоту».
«Войскі 1-га Беларускага фронта, пад камандаваннем Маршала Совецкага Саюза Жукава, пры садзейнасці войск 1-га Украінскага фронта, пад камандаваннем Маршала Совецкага Саюза Конева, пасля ўпартых вулічных баёў завяршылі разгром берлінскай групы нямецкіх войск і сёння, 2 мая, поўнасцю авалодалі сталіцай Германіі горадам Берлінам – цэнтрам нямецкага імперыялізма і ачагом нямецкай агрэсіі.
Берлінскі гарнізон, які абараняў горад, на чале з начальнікам абароны Берліна генералам ад артылерыі Вейдлінг і яго штабам, сёння, у 15 гадзін, спыніў супраціўленне, склаў зброю і здаўся ў палон…»
Масква салютавала доблесным войскам 24 артылерыйскімі залпамі з 324 гармат. А жыхары нашага краю лікавалі пасвойму, вітаючы воінаў, узняўшых пераможны сцяг над сталіцай Германіі, і адчуваючы хуткую канчатковую перамогу над ворагам. Газета размясціла заметкі з мітынгаў рабочых і служачых швейнай фабрыкі «Даканаць фашысцкага звера», гарадской канторы сувязі, тэлеграфа і тэлефоннай станцыі «Настала доўгачаканае свята».
Але найбольш яскрава пра святкаванне ўзяцця Берліна расказвалася ў заметцы «Ля рэпрадуктара», калі жыхары Баранавіч выйшлі на вуліцы горада паслухаць той самы загад аб узяцці Берліна, які, як вынікае з тэкста, перадаваўся ў начны час.
«…Магутнае аднадушнае «Ура!» усіх прысутных ускалыхнула начную цішыню. Незнаёмыя людзі віншавалі адзін другога са слаўнай перамогай, радасна паціскалі рукі.
– Настала свята на нашай вуліцы! Прабіў дзень расплаты! Над фашысцкай сталіцай горда палыхае чырвоны сцяг перамогі! – чуліся воклічы.
Скончана паўторная чытка загада. Гучыць Гімн Совецкага Саюза, а людзі прадаўжаюць стаяць ля рэпрадуктараў, дзеляцца сваімі радаснымі пачуццямі.
А праз некаторы час можна было чуць, як стукалі ў вокны многіх кватэр і, як пароль, вымаўлялі радасныя словы: «Берлін узят!» Позна ў гэтую ноч заснуў радасны і ўзбуджаны горад Баранавічы».
СЯЛЯНСКАЯ ЎЗАЕМАДАПАМОГА
На франтавыя перамогі вяскоўцы адказвалі працоўнымі подзвігамі, аб чым паведаміла «Чырвоная звязда» ў тым жа нумары.
«Гістарычную перамогу Чырвонай Арміі – узяцце Берліна – сяляне сустрэлі завяршэннем сяўбы збожжавых культур. План пасеву збожжавых па обласці выканан на 105,4 проц. Сяўба прадаўжаецца. Паспяхова ідзе пасадка бульбы, сяўба ільну і другіх культур».
А ў наступным нумары за 5 мая газета заклікае аказаць дапамогу бясконным вяскоўцам і сем’ям франтавікоў у хутчэйшым завяршэнні сяўбы. Тут жа змешчана заметка за подпісам селяніна з вёскі Ялуцэвічы Гарадзішчанскага раёна Д. Філіповіча «Сялянская ўзаемадапамога».
«…Больш паловы гаспадарак у нас бясконныя. Працаздольныя мужчыны на фронце перамогу над немцамі заваёўваюць, помсцяць за гора і за слёзы нашы.
Жанчыны, старыкі і падросткі працуюць на палях і спраўляюцца з работай добра. Не сорамна нам будзе глядзець у вочы воінам, якія вернуцца з перамогай. Не сядзелі мы, склаўшы рукі, а працавалі ад рання да позняга вечара, каб забяспечыць іх прадуктамі, каб сем’і іх удоваль усяго мелі. Чырвонаармейскім сем’ям у першую чаргу засявалі мы палі.
Сусед мой 65-гадовы Сельвестр Дарашэвіч на сваім кані апрацаваў і засеяў зямлю жонак франтавікоў Марыі Кукета, Марыі Скамарох і Ніны Кукета. А такіх, як Дарашэвіч, у нас многа ў вёсцы. У Івана Гуцько немцы карову забралі. Іосіф Барыс у парадку ўзаемадапамогі гадуе яму цёлку…
Ад рук фашысцкіх душагубаў загінулі тры мае сыны. Пайсці на фронт стары я, а на полі працаваць магу. І працую, не шкадуючы сіл. Двум сем’ям воінаў нашых палі апрацаваў. Яны, франтавікі нашы, б’юць немцаў і за мяне і за сыноў маіх помсцяць…»
І не пра адзінкавы такі прыклад расказвала «Чырвоная звязда» у маі пераможнага года.
«ДЗІЦЁ НАЗВАЛІ СЛАВАЙ»
Так сталася, што ў падшыўцы «Чырвонай звязды» за 1945 год, якая знаходзіцца ў нашым краязнаўчым музеі, захаваліся не ўсе нумары. Скажам, 8 мая – нумар газеты 57, а наступны – нумар 59 за 12 мая. А пра што пісала газета ў незахаваўшымся нумары паміж гэтымі датамі?
Знайсці адказ на гэтае пытанне дапамог ліст заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь нашага земляка Анатоля Клышкі, які я атрымаў у верасні 2009 года да 70-годдзя нашай газеты. Вось што ён напісаў.
«9 мая 1945 года – Дзень Перамогі.
Уявім на момант той час. Няма там сённяшняга тэлебачання. Добра, калі на ўсю вёску ў каго захаваўся даваенны дэтэктарны радыёпрыёмнік са слухаўкамі. Акупанты вымагалі строга – здаць усе прыёмнікі, якіх і да вайны было небагата. За нязгоду – расстрэл.
А як важна было, каб гэтая радасная навіна аб сканчэнні вайны, аб нашай Перамозе не абмінула, не запазнілася прыйсці ў самыя закінутыя вёскі.
Рэдакцыя газеты ўночы 8 мая выдае экстраны спецвыпуск. Быў выдзелены самалёт. І, як успамінаў мой брат Міхась (Міхась Клышка працаваў у той час у «Чырвонай звяздзе». – Рэд.), ужо ўранні 9 мая ён раскідаў з самалёта такія радасныя лістоўкі…»
Вось, аказваецца, як яно было.
А ў нумары за 12 мая ў перадавым артыкуле «Пад вадзіцельствам вялікага Сталіна» газета дае падрабязнасці той доўгачаканай падзеі.
«Збылося!
Вялікая Айчынная вайна завяршылася нашай поўнай перамогай. Германія разгромлена. Трыццаццю артылерыйскімі залпамі з тысячы гармат сталіца нашай Радзімы Масква ў Дзень Перамогі адзначыла гэтую найвялікшую падзею ў жыцці нашага народа. Радасцю перапоўнены нашы сэрцы. Мы марылі аб гэтым дні, мы змагаліся за яго прыход…
Затаіўшы дыханне, слухалі працоўныя нашай обласці гістарычнае выступленне таварыша Сталіна 9 мая. Гэты дзень назаўсёды застанецца ў нашай памяці…
Гэтая доўгачаканая вестка маланкай пранеслася ад сяла да сяла. Ва ўсіх гарадах і вёсках обласці адбыліся многалюдныя мітынгі…»
У гэтым жа нумары змешчаны і артыкул пад назвай «Урачыстасці ў Гарадзішчы».
«Аб перамозе даведаліся ноччу. Людзі ўскаквалі з пасцеляў, стукалі ў вокны да суседзяў і радасна апавяшчалі: – Перамога! Перамога!
Неўзабаве ўсё Гарадзішча было ўжо на нагах. Жыхары падмяталі вуліцы, мылі ў кватэрах падлогі, упрыгожвалі хаты зеленню і чырвонымі сцягамі. А ноч адыходзіла. Яснела цёмнае неба, ззяў усход, і вось паказалася ўрачыстае, асляпляльна яркае сонца.
Перамога!..
Цэнтральную вуліцу Гарадзішча запоўнілі натоўпы народа. Рабочыя, служачыя, дзеці, сяляне навакольных сёл. Вуліца ясная і радасная. Людзі цалуюцца, вітаюць адзін другога: – Перамога! Перамога! У бязвоблачнае блакітнае неба льюцца гукі гармоніка, гучыць магутная песня:
…Никем непобедимая
Страна моя, Москва моя,
Ты самая любимая…
Песні. Гульні. Танцы. Настала на нашай вуліцы свята!
…У 12 гадзін адкрываецца мітынг. Старшыня райвыканкома тав. Лукашэвіч вітае прысутных з гістарычнай перамогай і зачытвае акт аб ваеннай капітуляцыі Германіі… На плошчы гучыць магутнае «ура!», воклічы:
– Слава вялікаму Сталіну!
– Слава пераможнай Чырвонай Арміі!
Пасля мітынга – масавыя гульні. Пад гукі гармоні кружацца ў танцах пары…
У гэты дзень былі шчаслівыя ўсе. Але шчаслівей усіх быў Васіль Малкоў: у вялікае свята Перамогі яго жонка нарадзіла сына. І ў чэсць вялікай перамогі дзіцё назвалі Славай».
Большасць заметак у «Чырвонай звяздзе» друкаваліся без подпісаў іх аўтараў. А гэту, пра ўрачыстасці ў Гарадзішчы, напісаў невядомы нам калега Г. Шылаў. Дзякуй яму за такія падрабязнасці сустрэчы Вялікай Перамогі ў нашым краі.
А магчыма, і Слава Малкоў цяпер яшчэ жыве – 70 год – цярпімы ўзрост. Калі так, адгукніцеся, равеснік Перамогі!
Прыкладна з сярэдзіны мая газета перастала друкаваць ваенныя звесткі – Перамога! Можна ўявіць, як радаваліся маткі, бацькі, дзятва, што хутка прыйдуць дадому іх муж, сын, татка ці брат. Хаця пахавальныя лісты ішлі і пасля 9 мая. І доўга ішлі.
А нашы землякі і сёння ўдзячны ветэранам – жывым і загінуўшым – за пераможны год!
Міхаіл ШУБІЧ.