Наверх

Памятаюць і ганарацца

27.03.2013 439 Наш край

У Маласваротаўскай бібліятэцы-музеі прайшла вахта памяці  «Помнім і ганарымся», прысвечаная 85-годдзю з дня нараджэння Героя Сацыялістычнай Працы Багуслава Вільчкоўскага.

У той дзень у бібліятэцы-музеі было шматлюдна. Тут сабраліся жыхары вёскі, якія добра памятаюць свайго былога старшыню калгаса  Багуслава Багданавіча Вільчкоўскага, вучні і настаўнікі мясцовай школы, кіраўніцтва СВК  «Зарэчанскі», Моўчадскага сельсавета, сын Канстанцін са сваімі сынамі. Яны паглядзелі дакументальны фільм  «Куля для старшыні», у якім расказваецца пра трагічны лёс Багуслава Вільчкоўскага, які загінуў на працоўным пасту, успомнілі старонкі яго біяграфіі: як 14-гадовы падлетак стаў партызанам, быў пастухом, брыгадзірам, старшынёй калгаса  «17 Верасня», перайменаванага потым у калгас  «Іскра».

Усё сваё жыццё Багуслаў Вільчкоўскі, які нарадзіўся 17 сакавіка 1928 года ў вёсцы Пагулянка, шчыраваў на карысць роднага краю, адстаючую гаспадарку пераўтварыў у моцную, пра якую ведалі не толькі на Брэстчыне, але і ў рэспубліцы.

– Багуслаў Багданавіч імкнуўся, каб моладзь заставалася ў калгасе, – успамінала на гэтым мерапрыемстве Тамара Адамаўна Шах. – Арганізаваў вячэрнюю школу. Калі мне было 15 год, сам завёз у раённы аддзел культуры, каб мяне прынялі на працу загадчыцай клуба. Ён казаў: «Я вас усіх уладкую на працу. У нас будуць свае кадры». Так і было.

Надзея Канстанцінаўна Адамчук успамінала, як за высокія паказчыкі ў жывёлагадоўлі была накіравана ў Маскву на выстаўку дасягненняў народнай гаспадаркі, дзе яе ўзнагародзілі сярэбраным медалём. А Марыя Пятроўна Васільчук і цяпер удзячная Багуславу Багданавічу за тое, што некалі накіраваў яе ў бухгалтарскую школу, а калгас аплаціў вучобу: «Вось які ў нас быў старшыня – людзі ў яго знаходзіліся на першым месцы».

Мерапрыемства, якое арганізавала загадчык Маласваротаўскай бібліятэкі-музея І.М. Нагорная, прайшло ў атмасферы любові і павагі да гістарычнага мінулага роднага краю.



  • Мы в социальных сетях: