Наверх

Пад гром дэцыбелаў

26.05.2012 684 Наш край

Некалькі тыдняў Баранавічы пражылі ў прадчуванні сустрэчы з нашым вядомым спеваком Аляксандрам Саладухай. Рэклама абяцала цікавую і абноўленую канцэртную праграму «Берагі». А раз абноўленая, значыць прагучаць новыя творчыя знаходкі. І, сапраўды, мяне прыемна здзівіла такая знаходка, як выкананне дзяржаўнага гімна перад пачаткам канцэрта.

Яго мелодыя, дарагая кожнаму беларусу, адразу захліснула маё сэрца цёплай хваляй невыказнага пачуцця роднасці з усімі, хто сабраўся тут, падкрэсліла ўрачыстасць моманту і напомніла, што я спачатку сын Радзімы, а ўжо потым – глядач.

Дружнымі воплескамі сабраная на трыбуне стадыёна глядацкая грамада вітала з’яўленне знаёмай постаці, узмахваючай рукамі, быццам крыламі, і патрабуючай рабіць гэта і нам. Многія ўзрадаваныя гледачы, у тым ліку і я, адразу ж зморшчыліся ад валу дэцыбелаў, які абрушыўся на нас з магутных гукавых калонак. Мае грудзі літаральна пульсавалі ў рытме першай песні. Пачуліся воклічы: «Навошта так моцна?» Голас жа спевака сяк-так працінаў, так бы мовіць, музычнае суправаджэнне, але, на жаль, згубіў пры гэтым уласцівую яму аксамітную афарбоўку. Асалода і прыўзняты настрой адразу ж паглынула прыкрасць. А Аляксандр, нібы настаўнік на ўроку фізкультуры, настойліва патрабаваў ад нас пастаянна ўздымаць рукі і пляскаць імі. Дзіўна, што яго каманды не сціхалі нават падчас выканання такіх журботна-шчымлівых песень, як «Каліна»…

Многія мае суседзі па крэслах незадаволена ўздыхалі: «Навошта вымагаць, сёння ж 21-е стагоддзе!» Мне ж успомніліся бурлівыя 90-я гады мінулага стагоддзя, калі на сцэнічныя пляцоўкі прарваліся шматлікія дваровыя хэўры з гітарамі. Тых можна было зразумець: за грымотамі гукавых калонак і вымогай узмахаў рук яны хавалі свае безгалосасць і ўбоства. Шкада і дзіўна, што такому майстру, як Саладуха, гэта невядома.

Адзначу і яшчэ адну бяду: дзяўчаты – красуні з падпеўкі так і пратанцавалі ўвесь вечар, бязгучна шавелячы губамі, як і на мінулых канцэртах Саладухі. А так хацелася пачуць іх галаскі! Толькі ў адной кампазіцыі яны неяк здолелі прабіцца праз роў гукавых пачвар. Куды ж глядзеў гукааператар? Засмуціла і ўбранне дзяўчат колеру калонак, і выхад спевака ў другой палове праграмы ў белым касцюме і чорных хадаках.

Тым не менш, трэба адзначыць, што такія «дробязі» усё ж не змаглі астудзіць агульнага глядацкага энтузіязму – кожная песня Саладухі выклікала бурныя воплескі стадыёна.

Радуе тое, што Аляксандр пастаянна імкнецца дапрацоўваць сваю праграму. Новыя песні, і асабліва такая, як «Берегите женщин», адзывалася вартым рэзанансам у чулых сэрцах людзей. Заслугоўвае пахвалы і працавітая дынастыя Саладухаў: удзел маладых талентаў надаў праграме разнастайнасці і сакавітасці. А якое замілаванне пракацілася па трыбуне пры з’яўленні на дарожцы стадыёна маленькай Варвары! Упэўнены, што хутка над Беларуссю ўзыдзе новая, непараўнальная спеўная зорка, да якой пастануць у чаргу ўсе паэты і кампазітары са сваімі творамі!

Любяць у народзе Саладуху, але многіх здзіўляе тое, што спявак, корні якога прараслі ў Паланечцы і Шчэрбавічах, саромеецца ці баіцца спяваць па-беларуску. І таму трохі смешна, што пры гэтым беларускім сынам-спеваком ён называе сябе даволі часта. Зразумела, што добрых аўтарскіх песень усім не хапае, але ж анталогія народнай песеннай творчасці бязмерная. Як бы напрыклад, упрыгожылі праграму старадаўнія мужчынскія песні ў выкананні Саладухі: вайсковыя, казацкія, прымацкія. На жаль, гэтага не пачулі і не пабачылі.



  • Мы в социальных сетях: