Наверх

На парозе жыцця і смерці

24.06.2013 378 Наш край

22 чэрвеня, у дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны, па ўсёй краіне праходзілі жалобныя мерапрыемствы. Пасля ўскладання кветак да Вечнага агню ветэраны вайны і працы, моладзь, грамадскасць і госці горада накіраваліся да мемарыяльнага комплекса ва ўрочышча Гай. Тут адбыўся жалобны мітынг, прысвечаны Дню ўсенароднай памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны.

Цярплівая і негаваркая чалавечая памяць, 
якая непадуладна часу, спрадвеку надзелена здольнасцю ператвараць мінулае ў цяперашняе, звязваць сучаснае з будучым.

Узнёсла-урачыстыя галасы вядучых паведамілі прысутным, што 24 чэрвеня 1942 года ва ўрочышчы Гай 3 тысячы чалавек, грамадзян Чэхаславакіі, прайшлі свае апошнія крокі, 3 тысячы сэрцаў разам перасталі біцца, пакінуўшы нам памяць. Месца іх растрэлу – сімвалічны парог жыцця і смерці, пераступіўшы які, людзі апынуліся па другі бок быція.

Так много лет прошло,

И времени река

Омыла кровь с листвы,

Войны истерла грани,

Но тянется из прошлого рука,

И, кажется, их души рядом с нами.

Удзельнікі мітынгу прайшлі дарогай жаху і болі да сцяны растрэлу і палажылі кветкі ў памяць пра загінуўшых.

Выступаючы на жалобным мерапрыемстве, старшыня гарадскога выканаўчага камітэта Віктар Дзічкоўскі абвясціў прысутным, што гэты глыбокі смутак з намі раздзяляюць высокія зарубежныя госці: другі сакратар Пасольства Дзяржавы Ізраіль, намеснік Главы дыпламатычнай місіі пані Анна Бен Эзра, другі сакратар, консул Пасольства Чэшскай Рэспублікі пані Гана Елінкава і другі сакратар Пасольства Славацкай Рэспублікі пан Любаш Міхалічка.

– Беларуская зямля пакоіць мільёны ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны многіх нацыянальнасцей, – сказаў Віктар Дзічкоўскі. – На адной толькі Баранавіцкай зямлі загінула, расстраляна і закатавана амаль 50 тысяч чалавек. Плыве глухі стогн колакала над прасторамі нашай краіны. Вечная памяць загінуўшым!..

Гістарычныя падзеі, працягваў Віктар Дзічкоўскі, прымушаюць атрымліваць з іх сур’ёзныя ўрокі. У ХХІ веку, калі мы бачым дыктат і агрэсію шэрагу краін і ваенных блокаў, умяшальніцтва ва ўнутраныя справы суверэнных краін, міжнародны тэрарызм, беларускі народ цэніць і аберагае сваю незалежнасць, палітычныя і сацыяльныя заваяванні. І адначасова імкнецца развіваць сяброўскія партнёрскія адносіны з усімі краінамі і народамі. Як адзначыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, наша шматвектарная палітыка заснавана на прынцыпах узаемапавагі, роўнасці і партнёрства…

Выступаючы на жалобным мітынгу, дыпламаты выразілі надзею на тое, што ўжо ніколі не паўторыцца жах мінулай вайны.  «Наша задача – мэтанакіравана прыкладваць намаганні па ўмацаванню талерантнасці для паляпшэння сумеснага пражывання людзей розных рас, вераспавяданняў і поглядаў», – сказала, напрыклад, другі сакратар, консул Пасольства Чэшскай Рэспублікі Гана Елінкава.

А ўвогуле пасля жалобнага мітынгу дыпламаты выказалі старшыні гарвыканкама падзяку за вялікі парадак на мемарыяльным комплексе ва урочышчы Гай, за высокі ўзровень правядзення мерапрыемства, аб чым паабяцалі далажыць свайму кіраўніцтву.

Народ, на лёс якога выпалі нягоды Вялікай Айчыннай вайны, на зямлі якога сотні тысяч магіл абаронцаў Айчыны і ахвяр фашысцкага тэрору, па іншаму паступіць і не можа.



  • Мы в социальных сетях: