Наверх

Мы адных каранёў…

05.12.2012 983 Наш край

На зямлі бываюць людзі, якія самаадданасцю працы, яркасцю асобы, дзівоснасцю натхнення асвятляюць шлях іншым праз дзесяцігоддзі і вякі. Да такіх людзей можна аднесці патрыёта Бацькаўшчыны, даследчыка мінуўшчыны Томка Уладзіміра Канстанцінавіча.

З цеплынёю ўспамінаюць яго былыя навучэнцы і настаўнікі Гарадзішчанскай сярэдняй школы, дзе ён выкладаў гісторыю. З павагай адносяцца да яго ўсе краязнаўцы раёна. Мне часта даводзілася чуць аб незвычайнай музейнай калекцыі У.К. Томка, аб фотаздымках ужо неіснуючых на тэрыторыі нашага раёна помнікаў. Я ведала, што калекцыі ўжо няма, паглядзець на тыя фотаздымкі заставалася марай… Прайшлі гады, лёс дазволіў мне ўстанавіць сувязь з дачкой  Уладзіміра Канстанцінавіча – Ірынай Уладзіміраўнай Кончыц, якая цяпер жыве ў Мінску. Яна і прадставіла матэрыялы для гэтай публікацыі. Нам выпала рэдкая магчымасць пазнаёміцца з успамінамі Уладзіміра Канстанцінавіча, акунуцца праз яго даследаванні ў эпоху стогадовай даўнасці. Бо мы адных каранёў – з ваколіц Гарадзішча, мы адной душы – закаханыя ў свой край. Я спадзяюся, што дзеці Уладзіміра Канстанцінавіча дазволяць нам таксама ўбачыць даўнішнія фотаздымкі, каб не парвалася нітка пакаленняў, повязь гадоў. Успамінамі пра бацьку Ірыны Уладзіміраўны мы пачынаем публікаваць матэрыялы, якія, лічым, шмат раскажуць чытачам пра гісторыю нашай зямлі, яе красу, узаемаадносіны людзей, іх пакуты і радасці, іх працу, якую хацелі і мусілі рабіць дзеля сваіх нашчадкаў.

 Ірына ДУБЕЙКА, настаўніца Жамчужненскай сярэдняй школы.

Успаміны пра бацьку

На скраі лясоў Наваградчыны, за пяць кіламетраў ад старажытнага мястэчка Гарадзішча Баранавіцкага раёна, на паўночным захадзе ад яго, знаходзілася невялікая, у шэсць двароў і ля дзесятка хат, вёска Душкаўцы…
24 студзеня 1908 года ў сям’і настаўніка Канстанціна Томка і яго жонкі Надзеі Шумскай (мае дзед і бабуля) нарадзіўся сын Уладзімір (мой бацька).

Дзед, не парываючы сувязі з сялянскай гаспадаркай, стаў настаўнікам, скончыўшы ў 1913 годзе педагагічныя курсы ў Мінску, якія арганізоўвала і ладзіла епархіяльнае ведамства царкоўна-прыходскіх школ.

З вясны 1916 па восень 1917 сям’я жыла ў бежанстве ў горадзе Юр’еве (Тарту) па прычыне Першай сусветнай вайны, і Валодзя са старэйшым братам вучыліся ў Рыжскай імператарскай мужчынскай гімназіі, эвакуіраванай ў час вайны ў горад Юр’еў.

У сям’і нарадзілася сямёра дзяцей, але ў жывых пасля звароту на радзіму з бежанства засталіся толькі трое хлопчыкаў.

Пасля вяртання на радзіму дзед атрымаў накіраванне ў Мірскі аддзел асветы і быў назначаны настаўнікам школы ў вёсцы Залужжа, на паўдарозе паміж Мірам і станцыяй Стоўбцы. Тут ён працаваў настаўнікам два гады, а сваіх старэйшых сыноў адвёз на вучобу ў Нясвіжскую мужчынскую гімназію (1917–1918 гг.).

Мой бацька, Уладзімір Канстанцінавіч, успамінае ў сваіх дзённікавых запісах (якія ён пачаў весці з 1928 года, калі яму было дваццаць год, і вёў усё жыццё), што чытаць ён пачаў з маленства, але першай кнігай, якая зачаравала яго надоўга, былі казкі братоў Грым. У Нясвіжы ён карыстаўся даволі багатай бібліятэкай настаўніцкай семінарыі, з якой браў для яго кнігі, ні ў кога не пытаючыся, яго найлепшы сябра і аднакласнік Алёша Самковіч, сын семінарскага свяшчэнніка Юльяна Самковіча.

Жыццё Валодзі ў той час было такім жа, якім было жыццё яго аднагодкаў-хлапцоў – сялянскіх дзяцей. Крыху іншым быў яго ўнутраны свет, жыццё яго душы, яго думкі і перажыванні, але гэта ўжо быў уплыў кнігі, з якою ён не расставаўся ні на хвіліну. Кнігі ўводзілі яго ў свет мараў і летуценняў, без якіх не можа жыць юнацтва, кнігі былі для яго ўцёкам ад шэрай, напоўненай цяжкай працай рачаіснасці.

У яго біяграфіі былі два доўгія гады (1930–1932) вайсковай службы ў польскай арміі, у Быдгошчы, вяртанне на радзіму, да каханай дзяўчыны Ніны, з якой ён узяў шлюб у 1939 годзе. У гэтым жа годзе яго назначылі настаўнікам у Мастыцічскую школу. 

22 чэрвеня 1941 года… Гэты дзень крывёю і агнём прайшоў па гісторыі і лёсах людзей. Другая сусветная вайна ўварвалася маланкава, ужо на чацвёрты дзень немцы былі ў Гарадзішчы. Чатыры доўгія гады акупацыі азначыліся і раненнем жонкі, калі немцы абстрэльвалі хату, шукаючы партызан, і стратай брата, якога немцы забілі за сувязь з партызанамі, і нараджэннем сына і дачкі.

Пасля вайны мой бацька закончыў Баранавіцкі настаўніцкі інстытут (1944–1947 гады) і атрымаў спецыяльнасць выкладчыка гісторыі і беларускай мовы і літаратуры.

З 1940 па 1969 гады Ула-дзімір Канстанцінавіч працаваў настаўнікам гісторыі Гарадзішчанскай сярэдняй школы. Вёў актыўную краязнаўчую работу, выступаў з дакладамі на раённых, абласных і рэспубліканскіх краязнаўчых канферэнцыях, арганізоўваў турысцкія паходы вучняў па сцежках роднага краю, па славутых мясцінах Адама Міцкевіча. Ён вучыў дзяцей бачыць прыгажосць роднага краю, захапляцца веліччу старажытных замкаў, якімі багата наша зямля, шанаваць памяць людзей, што аддалі сваё жыццё за Беларусь. Стварыў краязнаўчы музей у школе, экспанатамі якога былі разнастайныя археалагічныя знаходкі, даволі вялікая нумізматычная калекцыя, у складзе якой была нават грэчаская лепта. Але, як гэта часта бывае са справамі, якія робяцца на энтузіязме асобных людзей, школьны музей перастаў існаваць, калі  Уладзімір Канстанцінавіч пакінуў працу ў школе і пайшоў на пенсію.

У.К. Томка быў знаёмы і вёў перапіску з народным пісьменнікам Беларусі Янкам Брылём, гасцямі ў яго хаце былі Алесь Адамовіч, Язэп Семяжон, Сакрат Яновіч.

Ён валодаў якасцямі, аб якіх трапна сказаў вуснамі свайго героя Уладзімір Караткевіч: «Андрэй любіў добрыя якасці менавіта правінцыяльных інтэ-
лігентаў: павышанае пачуццё сумлення, амаль дзіцячую чысціню помыслаў і поглядаў на свет, бязмежную, трохі наіўную веру ў людзей – якасці ў тым-сім старамодныя…».

Памёр Уладзімір Канстанцінавіч 4 сакавіка 1990 года.

У наступных нумарах газеты прапануем вам пазнаёміцца з успамінамі Уладзіміра Канстанцінавіча, акунуцца праз яго даследаванні ў тую даўнюю эпоху нашай гісторыі.

Добры род

Да нядаўняга часу сярод беларускага сялянства былі вельмі звычайнымі і трывалымі паняцці і традыцыі добрага роду. У патрыярхальных сялянскіх сем’ях гэтыя паняцці і традыцыі былі сваеасаблівым пачуццём нейкага арыстакратызму, у лепшым значэнні гэтага слова. Зразумела, гэта не была пышлівасць шляхецкай выключнасці ці адасаблення ад сялянскай вёскі, наадварот, гэта было пачуццё поўнай і неразарвальнай сувязі сям’і са сваім родам, са сваёй вясковай грамадой, а праз яе – з усім народам.

Добры род – гэта калектыў блізкіх і далейшых родзічаў. Здаровы інстынкт захавання і прадаўжэння роду выхаваў у народзе на працягу вякоў пэўныя патрабаванні, крытэрыі ці нормы ў адносінах да асобы чалавека. Можна зразумець і вытлумачыць, чаму яны, гэтыя патрабаванні, даволі суровыя і няўхільныя. Напрыклад, у добрым родзе не павінна быць лю-
дзей, якія хварэюць на працяглыя ці заразныя хваробы, – гэта вякамі злажыўшаяся патрабавальнасць поўнай працаздольнасці ў цяжкім працоўным сялянскім жыцці, а ў другім, больш падсвядомым плане, тут грае ролю і інстынктыўны натуральны адбор, свае-
асаблівая селекцыя віда. Гэта мела асаблівае значэнне пры жаніцьбе хлапца ці замужстве дзяўчыны, шляхам якіх звязваліся асобныя, чужыя дагэтуль, роды. Этычныя патрабаванні ў гэтым пытанні таксама ясныя і недвузначныя. У добрым ро-
дзе не павінна быць зладзеяў, п’яніцаў, распуснікаў, махляроў, наогул людзей з тымі ці іншымі маральнымі хібамі. Як мы ўжо зазначалі, пытанне добрага роду ўзнікала ва ўсёй вастрыні пры жаніцьбе ці замужастве. Маёмаснае палажэнне маладых, пасаг, зразумела, мелі сваё значэнне, але таксама вялікую ролю ў гэтым адыгрываў добры незаганны род. І, можа, гэта было і нядрэнна, бо было адным са станоўчых фактараў у складанні здаровай і моцнай сям’і.

Сацыяльныя пераўтварэнні і тэхнічны прагрэс сучаснасці, разбурыўшы да асноў увесь даўнейшы грамадска-эканамічны ўклад жыцця, знішчыў і шматлікія паняцці і традыцыі мінулага. А шкада, бо некаторыя з іх варта было захаваць і прадоўжыць, у тым ліку і традыцыю добрага роду, традыцыі сваеасаблівага, сапраўды высокага арыстакратызму пакаленняў людзей працы, а не мяча і шпагі.

Дык вось сёння і мы, успамінаючы свае радаслоўныя, смела можам сказаць: «Мы не Іваны, не помнячыя сваяцтва, мы дастойна прадаўжаем свой працоўны сялянскі добры род». І гэта – не пышлівая ганарыстаць і гордасць магната, які выводзіць старажытнасць свайго роду «от тех князей, чей в древни веки парус дерзкий поработил брега морей», гэта значыць ад варагаў, або Ягелонаў. Тут не спадчынная гордасць роду тытулаваных разбойнікаў. У нас ёсць і павінна быць сапраўды высакародная гордасць за сваіх продкаў-працаўнікоў, чыёй працай і руплівасцю і былі створаны падваліны нацыянальнай культуры і агульналюдскай цывілізацыі. Нам трэба пераказваць гонар роду і працоўныя традыцыі сваім нашчадкам.

Памяць  нашчадкаў

Мы паходзім са старога добрага сялянскага роду… Бацька памятаў сваю радаслоўную і ганарыўся сваім родам. Я распачынаю гэтую старадаўнюю быль, паданне мінулага, якое ўсё больш адыходзіць у нябыт.

Пачынальнікам, а дакладней, першым вядомым прадстаўніком нашага роду быў Антон, селянін, які адзначаўся сваёй годнасцю ды шматлікімі станоўчымі якасцямі. Вясковыя паданні расказвалі, што гэта быў мужык высокага росту і магутнага целаскладу. Быў ён разумным, кемлівым мужыцкім розумам, разважным і ўстрыманым ды валодаў нештодзённымі дзелавымі здольнасцямі. Гэты энергічны і, відаць, спрытны да ўсяго селянін арандаваў ля паловы ХІХ века ў суседняга з вёскай пана Чэчата добры кавалак (дзесяцін дзесяць) зямлі, які і па сённяшні дзень называецца Антонаўкай…

Тут трэба зазначыць, што вёска і тым самым сяляне да польскага паўстання 1830–1831 гадоў належалі да ўладанняў вялікага абшарніка-магната графа Паца, а пасля падаўлення паўстання вёска і сяляне сталі дзяржаўнымі.

Захавалася паданне і аб надзвычайнай галасістасці нашага патрыярха. Калі ён араў на пары валоў у Лясаўшчыне (палі пад гэтай назвай былі больш як за вярсту ад вёскі) і, замарыўшыся, хацеў напіцца вады, ён зычна гукаў: «Аляксей, прынясі вады!» Магутны голас даносіўся праз пералескі і палі да вёскі, і сын, узяўшы збан вады, нёс яго да бацькі…

Памяць нашчадкаў не захавала падрабязнасцяў жыцця і смерці гэтага, відаць, незвычайнага селяніна. Нічога не вядома таксама і аб яго сям’і. Вядома толькі, што зямлю і гаспадарку наследваў спамянуты ўжо тут яго сын Аляксей. Нямнога вядома і аб Аляксею, другім пачынальніку нашага роду. Ён пражыў да глыбокага старэчага ўзросту, амаль да веку, меў вялікую сям’ю: чатырох сыноў і некалькі дачок. Было гэта ў васьмідзесятых гадах мінулага веку (ХІХ – рэд.).

Міхаіл Аляксеевіч – гэта ўжо мой дзед, чалавек, які не выдзяляўся з агульнай сялянскай грамады. Добры і спакойны мужык, падпарадкаваны сваёй уладнай жонцы Паўліне з вёскі Мастытычы. Малым дзяўчом яна яшчэ пасвіла панскія гусі ў маёнтку пана Барановіча, да якога належала вёска да рэформы, а калі падрасла, прала кудзелю на палатно для пана. Бабка расказвала, відаць, са слоў старэйшых за яе, што талькі нітак-пражы прыймала ад сялянак сама пані: каб праверыць якасць пражы, пані працягала тальку праз пярсцёнак, зняты з пальца. Калі пража была грубая ды няроўная, талька, зразумела, не праходзіла праз пярсцёнак, і злосная пані хлястала бедных сялянак талькай па твары.

Ад валоў да коней

5 мая (ст. ст.) 1876 года ў сям’і Міхася Томка нарадзіўся сын, якога ахрысцілі ў прыходскай царкве ў сяле Паручын і назвалі Канстанцінам. Гэта быў мой бацька. Малы Кастусь рос, як і ўсе дзеці вёскі, яго аднагодкі. Ён бегаў па двары і вуліцы ў доўгай палатнянай кашулі, у якой замест гузікаў былі прышытыя дзеравяныя бірулькі. Калі ён стаў пасвіць кароў і валоў, тады атрымаў лыкавыя, а пасля скураныя лапці, бо бегаць па лесе босаму, як бегалася дома, было нельга: у лесе лёгка было прабіць нагу, ды магла ўкусіць гадзюка.  Жыццё было цяжкае і паўгалоднае. Перад святамі маці, здабыўшы недзе трохі грошай, была ў Гарадзішчы і купіла бохан сітніка (сітняга хлеба). Яна адрэзала і дала па куску хлеба малым. «Я еў гэты хлеб і баяўся, каб хоць малая крошка яго не ўпала на зямлю, мне здавалася, што дагэтуль я не еў нічога смачнейшага за гэты хлеб»,– успамінаў бацька.

Вельмі паволі, але ўсё ж няўхільна змянялася жыццё парэформенай вёскі. У канцы мінулага века (ХІХ – рэд.) гаспадары ў вёсцы перасталі трымаць валоў і сталі дзяржаць коней. У заможнейшых сялян з’явіліся жалезныя плугі і дзеравяныя бораны з жалезнымі зубамі. Не ведаю, у якім узросце пайшоў вучыцца бацька, відаць, было яму гадоў дзесяць. Настаўніцай у школе была пападзянка Квяткоўская, якая скончыла «епархіяльнае вучылішча». Падручнікі былі далёка не ва ўсіх вучняў, а пісалі на дошках грыфелямі. Вучылі на памяць назвы літараў «аз», «буки», «веди», а ўжо пасля вучыліся складаць іх і чытаць. Арыфметыку вучылі ў межах чатырох дзеянняў. Зразумела, што адным з асноўных прадметаў быў Закон Божы, вывучаючы які, вучні знаёміліся з галоўнымі біблейскімі паданнямі, вучылі на памяць і вучыліся спяваць псалмы і малітвы. Калі пападзянка-настаўніца, якая добра драла за вушы і біла сваіх вучняў, усё ж часамі не магла справіцца са сваімі выхаванцамі, тады яна клікала сабе ў дапамогу школьнага вартаўніка. Пры дапамозе кія і цяжкага салдацкага рамня ён хутка наводзіў парадак. Узімку, у вялікія маразы ды завеі, вучні з далейшых вёсак начавалі ў школе. Кастусь быў здольным хлапцом і вучыўся вельмі добра, таму настаўніца ўсё часцей загадвала яму займацца з малодшымі вучнямі. Пазней бацька становіцца памочнікам настаўніка і атрымлівае, здаецца, 15 ці 12 рублёў «жалавання». Тут жа, у Паручыне, яму спадабалася зусім яшчэ маладая, але рослая і зграбная шаснаццацігадовая дзяўчына Надзя Шумская. Яны пажаніліся ў 1901 годзе.

Рэвалюцыйныя выступленні, вайна

Рэвалюцыйныя падзеі 1905–1907 гадоў пакінулі свой след у свядомасці бацькі. Памятаю, ён расказваў аб рэвалюцыйным выступленні нават у Гарадзішчы і асабліва аб нейкім жыхару Гарадзішча (я забыўся яго прозвішча), які не толькі ўдзельнічаў у выступленні мясцовых яўрэяў, але публічна разадраў партрэт цара і патаптаў яго нагамі. Доўга помніў бацька, як ён спаткаўся са славутым тады ў Наваградчыне ды навакольных раёнах «злачынцам» Іосіфам Ліннікам. Аб гэтым адважным разбойніку расказвалі шмат цікавых апавяданняў і сапраўдных легендаў-паданняў. Расказвалі аб ім, што ён часта аддаваў значныя сумы грошай бедным вясковым удовам або бедным мужыкам, аднак апошнім ён гразіў суровай карай, калі тыя ўздумаюць прапіць грошы ў карчме. Працавітыя, старанныя сяляне і тыя, хто быў пакрыўджаны панамі, уладай або лёсам, бачылі ў гэтым разбойніку-рэвалюцыянеру свайго заступніка і абаронцу.

Бацька перад вайной (1914 года) выпісваў газету «Биржевые ведомости» і часопісы «Всемирная панорама» і «Огонек», да якіх дасылаліся літаратурныя дадаткі, творы рускіх класікаў. Яго малады сябра з суседняй вёсачкі Насеяк, таксама настаўнік, Андрэй Буйніцкі выпісваў «Речь» і «Ниву» з яе вельмі каштоўным літаратурным дадаткам, творамі рускіх і заходнееўрапейскіх пісьменнікаў, такіх як У. Гаршын, Г. Успенскі, У.Г.  Караленка, В. Верасаеў, Л. Андрэеў, К. Гамсун, Г. Ібсэн, Г. Гаўптман, Э. Ростан ды другія… 

Першае дзесяцігоддзе нашага века – гэта час, калі ўплыў культуры і пачынаючага зараджацца тады ўзрыву буйнога тэхнічнага прагрэсу адцясняў у нябыт рамантыку мінулага веку. Да 1914 года бацька настаўнічаў у вёсцы Падгайная ля невялікага, але старадаўняга мястэчка Цырын. Ён атрымліваў 30 рублёў «жалавання»-зар-
 платы, а ў тыя часы гэта былі немалыя грошы. Летам 1913 года бацька быў пасланы на шасцітыднёвыя курсы настаўнікаў у Мінск. Курсы арганізоўвала ведамства царкоўна-прыходскіх школаў (епархіяльнае). Сярод кіраўнікоў курсаў быў вядомы педагог К.В. Ельніцкі. 

Пачалася вайна, і ніхто не прадбачыў, што нясе яна свету, нават і тыя, хто свядома запалілі ўсясветны пажар знішчэння і крыві. Усё часцей у школе вечарамі збіраліся старэйшыя сяляне, каб паслухаць бацьку, які чытаў ім у голас газету. Часамі, калі ўжо падмерзла, яны ўсе разам выходзілі на двор і прыслухоўваліся, каб пачуць ледзь-ледзь дрыготныя, але ўсё ж чутныя ў застыўшым паветры і скаванай марозам зямлі водгукі грымотаў далёкай кананады крапасных гармат, грымеўшых недзе пад Асаўцом.

Крыжавы шлях бежанцаў

Увосень 1915 года вайна няўхільна прыбліжалася да нашага краю. Чакаць далей ужо не было чаго, бо баі вяліся ля Слоніма, на Шчары. Бацька наладзіў на возе буду, запрог у воз сваю добрую дужую чорную кабылу і, пасадзіўшы на воз сям’ю і злажыўшы неабходны дабытак, адправіўся ў бежанства. Па крыжавым шляху бежанцаў бацька накіраваўся на ўсход, да Мінска. Ён, гэты шлях, быў сапраўды крыжавым, бо бежанцаў пачала касіць халера і шмат стала новых драўляных крыжоў тут жа, у лесе, ці на полі, пры дарогах, вядучых на ўсход, увосень і на пачатку зімы 1915 года.

Цёплым і сонечным вясновым днём цягнік павёз нашу сям’ю ў далейшае бежанства. Бацька служыў у Пецяргофе. Там ён быў вызначаны ротным пісарам, бо прыгожа і выразна пісаў. За паўтара гады службы ён, маючы шмат вольнага часу, абхадзіў усе славутыя помнікі і куткі Пецяргофа, Араніенбаума, Гатчыны; часта заяз-джаў і ў Петраград. Будучы ў Петраградзе, бацька з вялікай цікавасцю знаёміўся з горадам і яго славутасцямі і, між іншым, некалькі разоў быў і ў вядомым «Народным доме», дзе не раз выступаў Ф.І. Шаляпін, і бацьку давялося пачуць славутага спевака. Пасля ён, успамінаючы петраградскія ўражанні, расказваў нам аб грымотным басе і рогаце Шаляпіна і легенду аб быццам запісаным на залатую пласцінку голасе спевака, прычым пласцінку загадана замураваць і зноў адкрыць яе толькі праз сто год, гэта значыць у 2017-м годзе.

Лютаўскую рэвалюцыю бацька прыняў з раздвоеным пачуццём, як і многія людзі таго часу. З аднаго боку, вельмі многа бруднага і нядобрага гаварылася ў апошнія часы аб царскай сям’і, аб урадзе, з другога боку, неяк не ўкладалася ў разуменні ўчорашняга селяніна, што такая краіна, як вялікая дзяржава Расія, можа існаваць і кіравацца без адзінага «гаспадара» – цара. Кастрычніцкую рэвалюцыю бацька лічыў за вялікае няшчасце для Расіі і гаварыў тады, што бальшавікі пагубілі Расію і што «рускія не дараслі да сацыялізму». Ды што і дзівіцца, калі людзі са значна шырэйшым кругазорам тады паўтаралі гэтае ж самае.

Вяртанне на радзіму

Увосень 1919 года мы вярнуліся дамоў на радзіму. Бацька атрымаў накіраванне ў Паручынскую школу. Гістарычныя падзеі эпохі змянялі не толькі жыццё народаў і граніцы краін, але ламалі і знявечвалі асабістае жыццё людзей. Калі бацька паехаў у Наваградак і паказаў сваё накіраванне пану інспектару (легіёны Пілсудскага ўжо захапілі Беларусь), той пагардліва адкінуў паперку і пачаў лаяць бацьку: «Нам не патрэбны людзі ўсходняй культуры…» 

Яшчэ не стары і спрактыкаваны настаўнік у новых умовах змушаны быў вярнуцца на зямлю сваіх дзядоў і стаць селянінам. Калі Заходняя Беларусь апынулася пад уладай Польшчы, бацька ніяк не хацеў «прызнаць» новы дзяржаўны стан і лад. Ён нязломна верыў, што акупацыя Беларусі – гэта часовая з’ява і вельмі хутка ўсё ізноў стане на сваё месца. Польскія паны і асаднікі замацоўвалі сваю ўладу. Трэба было плаціць падаткі, адбываць шараварку.  Трэба было б можа і вучыць дзяцей, але дзе ж было ўзяць грошай, калі іх не хапала на неабходнае…

Праходзіў час, раслі дзеці, і бацька, які ўжо канчаткова «абмужычыўся» і толькі часам прысядаў, узяўшы ў рукі беларускую газету ці кнігу, цяпер меў новы клопат, усё больш і больш задумваючыся над будучыняй дзяцей. Выхад быў толькі адзін – купляць зямлю, каб кожны з трох сыноў у будучыні меў хаця б чацвяртак (4-5 га) зямлі. Ды нялёгка было купляць зямлю. Надыходзіў пачатак трыццатых гадоў, і гаспадарчы крызіс, паразіўшы тады ўвесь капіталістычны свет, асабліва жудасным быў у эканамічна адсталай Польшчы і закінутых і занядбаных яе «усходніх крэсах». Гектар зямлі каштаваў 500 злотых, а гэта была раўнавартасць 4-5 кароў ці 5 парсюкоў па 160 кілаграмаў вагою, ды і то не ў крызісныя гады.

1 верасня 1939 года пачалася Другая сусветная вайна. Пачаліся новыя выпрабаванні…

З успамінаў Уладзіміра ТОМКА.

Гісторыя вёскі Душкаўцы

На невялікім абшары палёў, на ўскраі амаль непраходных лясоў, што цягнуліся далёка на поўнач, да самага Нёмана, на адным з адрогаў Наваградскага ўзвышша стаялі калісьці шэсць ці восем хат вёскі Душкаўцы. Мясцовасць тут злёгку ўзгоркавая: гэта якраз вадападзел, на ўсход ад якога сцякалі безыменныя ручаі і невялікія рэчкі, упадаючыя да Сервечы; на захад, ля вёскі Гараневічы, такія ж ручаі і рэчкі сцякалі ўжо да ракі Сваротаўка.

Глебы тут пераважна падзолістыя, або супяшчаныя, моцна камяністыя, бо ў далёкім геалагічным мінулым тут праходзіў ускрай ледніковай марэны, помнікамі якой засталіся не толькі безліч дробных і сярэдніх камянёў, але і вялізныя камяні-валуны на балотах, ды часамі і на палях нашай і суседніх вёсак.

Невядома, адкуль узялася назва вёскі: можа яе калісьці называлі Дугаўцы –   па занятку яе жыхароў, якія, магчыма, гнулі дугі, і назва магла ўзнікнуць ад зменшанага слова «дуга–душка». Але гэта – зусім адвольныя дапушчэнні, бо, што праўда, жыхары вёскі ўмелі гнуць дугі, але толькі на ўласныя патрэбы, як гэта рабілі ўрэшце і другія жыхары лясных вёсак яшчэ ў першай палове нашага веку (ХХ – рэд.). Можа, хіба ў далёкай мінуўшчыне жыхары вёскі былі асабліва добрымі майстрамі гэтай справы, і ад гэтага вёска атрымала сваю назву. Вельмі цікава, што на картах нямецкіх афіцэраў з часоў Першай сусветнай вайны вёска была азначана як Філіпавічы.

Хаты вёскі стаялі з паўднёвага ўсходу на паўночны захад, вокнамі на паўднёвы захад і гумнамі-«навазамі» на паўночны ўсход. Тут жа недалёка за вуліцай прабягаў ручай, у якім бабы вясною бялілі палотны. Ручай пачынаўся з лужкоў – маленькіх плыткіх азёрцаў, што працягваліся па вясковым выгане на захад да большага дрыгвяністага луга, у якім часта тапіліся вясковыя коні, што заходзілі далей у луг. Вакол луга рос густы лес, бліжэй да балота – стары і малады алешнік, густа пераплецены хмелем ды заросшы ажынай і маліннікам. У адным з лужкоў, на беразе якога ляжаў значны валун, моладзь вёскі летам купалася, але хлапцы часта ўцякалі з вады, густа аблепленыя п’яўкамі. Вясковы «пляж» меў сваю назву: «Пад вялікім каменем».

Лясы закрывалі небасхіл амаль з усіх бакоў. З поўдня, захаду і поўначы лясы падыходзілі зусім блізка да вёскі, на дзвесце-трыста метраў. Кавалак поля ля самай вёскі, на паўночным захадзе ад яе называўся «Гай» і быў адваяваны ад лесу зусім нядаўна, бо яшчэ ў першай чвэрці нашага веку сяляне абворвалі моцныя дубовыя ды хваёвыя карчы, якія сядзелі на полі. 

Кавалкі палёў і лесу мелі свае, часамі цікавыя назвы. Палі і нешырокая паласа сенажаці пры ўездзе ў вёску з паўднёва-усходняга боку (з напрамку Гарадзішча) называліся «Лінда». Гэтыя палі, як і шнуры «навазоў» упіраліся ў граніцу-мяжу, за якой ляжалі землі пана Пятруся (пры Польшчы – Яна) Чэчата. На граніцы ў навазох і на «Ліндзе» сядзелі старыя каржакаватыя дубы, што былі непарушнымі межавымі знакамі-старажамі. Змрочны і сыры яловы лес, што ляжаў на поўнач і блізка ад вёскі, называўся «Азнічышчам».  Невялікі кавалак лесу – старога бярэзніку, які зліваўся з «Азнічышчам», меў назву «Казакоўка». Лес за «Гаям», што ўразаўся ў вясковыя ўладанні, называўся «Тарасаўшчына» і быў уласнасцю пана Антона Сокала з маёнтка «Бубнаўка», што змяшчаўся ля в. Гараневічы. Далей цягнуліся палеткі-шнуры з прымыкаючымі да іх па канцах участкамі лесу, з аднолькавымі назвамі палёў і лесу, напрыклад: «За гарэшнікам», «Клін», «Пад дубкамі» (палі) і «Маладнякі» (лес), «Вузкія» (па сапраўды вузкіх шнурах поля), «Сярэднія», або іначай «Хвайнякі», «Лясаўшчына», «Лапата». Ля самай вёскі была яшчэ «Камяніца» – палі надта ж багатыя каменнем, і два кавалкі лесу пад назвай «Ратаўка» – уласнасць пана Яблонскага, і «Дубнік», які належаў пану Хмялеўскаму.

З даўнейшых часоў вёска мела шэсць двароў-участкаў. Кожны ўчастак складаўся з 18 дзесяцін зямлі. У гэта ўваходзілі лясы, сенажаці і ворнай зямлі-пахаці было толькі крыху больш паловы. У агульным карыстанні вёскі заставалася толькі дзесяцін 10 ці 12 выгану, дзе выганялася на пашу скаціна, ды дзе быў яе сталы прыпынак. Значную плошчу выгана займалі ўспомненыя раней лужкі ды дрыгвянае балота ў канцы выгана, апрача таго ўвесь ён, амаль да самае вёскі, зарос ялаўцом. 

Відаць, да рэформы 1861 года вясковая грамада-абшчына мела больш зямлі і сенажаці: аб гэтым сведчыць назва «Абрэзкі» – вузкая, але працяглая паласа сенажаці на левым беразе ручая, што пачынаўся з балотаў суседняй вёскі Мікулічы, ды працягнуўшыся на якіх вёрстаў пяць-шэсць на поўдзень – паўднёвы ўсход, упадаў у Сервеч за вёскай Мастытычы.

За «Абрэзкамі» ляжаў значны абшар ворнай зямлі, які называўся (ды называецца і цяпер) «Антонаўкай», па імені аднаго з продкаў аўтара гэтых радкоў. Мой прапрадзед калісьці карыстаўся гэтай зямлёй, абрабляў яе, і па яго імені ўчастак гэтай зямлі стаў называцца «Антонаўкай». Па рэформе 1861 года і да 1939 года «Абрэзкі» і «Антонаўка» уваходзілі ў склад уладанняў пана Пятруся Чэчата з Насеек.

Шэсць двароў-участкаў — гэта шэсць родаў, з глыбокай старадаўнасці жывучых у вёсцы. Гэта былі: Аліферка, Дубешка, Дзягіль і тры фаміліі Томка. Цікава, што ўсе тры фаміліі Томкаў не былі сваякамі: на адным участку жылі Томкі без мянюшкі, на двух другіх жылі: Томкі «Палякі» і Томкі «Краўчукі». Дадаванне мянюшак да прозвішчаў – звычайная справа ў любой беларускай вёсцы і часта лягчэй было знайсці ў вёсцы патрэбнага вам чалавека па яго мянюшцы, чым па сапраўдным прозвішчы. Мянюшка перадавалася па «спадчыне»: так дзеці Томка «Паляка» станавіліся «Палячкамі», наследнікі і старога Аліферка «Гірука» сталі «Гіручкамі». Сяляне зусім не крыўдзіліся, калі іх называлі па мянюшцы, а не па прозвішчы; выключэнне ў нашай вёсцы складалі Дзягілі, на якіх толькі ў сварцы гаварыли «Гізуны». Апрача нашага роду Томкаў, не мелі ў вёсцы мянюшкі і Дубешкі.

Вакол вёскі былі ўладанні паноў. Найбліжэйшымі суседзямі вёскі былі Чэчаты: успамінаны ўжо Пятрусь з Насеек ды Альберт з Юзафіна (маецца на ўвазе пачатак ХХ стагоддзя). З землямі вёскі гранічылі ўладанні паноў Сокала з Бубнаўкі, Хмялеўскага з Арабаўшчыны, Гладоўскага з Амневіч («Гаўнявіч»). На поўначы сенажаці вёскі і палі «Лясаўшчыны» гранічылі з уладаннямі дробнай шляхты ваколіцы (вёскі) Мікулічы. Цікава, што адносіны вяскоўцаў-сялян з суседзямі-шляхтай не можна было назваць добрасуседскімі. Сваркі часцей узнікалі паміж моладдзю, асабліва вясковымі пастухамі, ды часамі і паміж дарослымі, асабліва калі перакошвалі, на якога паўпракоса, адныя ў другіх сенажаць; тады з аднаго боку чулася пагардлівае – «хамы», на адказ з другога гучэла: «Шляхта, а торбачку з лупінамі не пакідай, бо лупінкі з’ядуць, а торбачку ўкрадуць». Што праўда, не багацей жыла шляхта за сялян, але гонару мела многа. 

З успамінаў Уладзіміра ТОМКА.

 

 

СПРАВЫ ДАЎНО МІНУЛЫХ ДЗЁН…

На паўднёвым усходзе і поўдні, у адлегласці паўвярсты ад вёскі Душкаўцы, паміж камяністых узгоркаў ляжыць ланцужок лужкоў, якія цягнуцца на захад, даходзячы да «Азёрцаў» – адносна вялікага дрыгвяністага луга, даўнейшага, напаўзаросшага тарфяным мохам возера. І лагчына паміж камяністых узгоркаў, і невялікія лужкі, і самыя «Азёрцы» – гэта сляды ледніка, што калісьці прарэзаў гэту лагчыну, ды, растаўшы, пазаставіў невялікія і большыя лужкі-азёрцы. Заставілі свой след і жывучыя тут з незапамятных часоў людзі.

На заходнім ускраі «Азёрцаў», сярод лесу дагэтуль захаваліся некалькі старадаўніх курганоў, якія далі назву і самой мясцовасці «Курганы». Яны былі таксама і на полі ля лесу даўно раскіданы і разараны, аднак назва мясцовасці і курганы, пазасталыя ў лесе, гавораць пра тое, што ў глыбокай мінуўшчыне тут было старажытнае родавае паселішча. Магчыма, што не гэтая, а нейкая іншая родавая абшчына дала пачатак нашай вёсцы, бо «Курганы» і раней, і зараз уваходзяць у склад землеўладанняў вёскі Гараневічы. Прозвішчы жыхароў гэтай вёскі (Рамашкі, Толахі і іншыя) зусім іншыя і не падобныя да прозвішчаў жыхароў вёскі Душкаўцы.

Сёння немагчыма нават прыблізна акрэсліць, калі ўзнікла вёска. Хутчэй за ўсё, яе заснавалі выселкі родавай абшчыны, якая жыла ля старадаўняга гарадзішча. Жыхары яго, крок за крокам адваёўваючы ад лесу ўсё новыя абшары палёў, маглі такім чынам заснаваць асобнае паселішча ў адлегласці 5 вёрстаў на паўночны захад ад Гарадзішча. Ці так яно было і калі гэта здарылася, невядома, але за гэта гавораць і аднолькавыя прозвішчы жыхароў Гарадзішча і навакольных вёсак з прозвішчамі жыхароў вёскі Душкаўцы. Томкі, Аліферкі і Дзягілі жылі (ды і жывуць) у Гарадзішчы, у Кісялях. У вёсках Кісялі і Несцяры ёсць таксама Дубешкі. Цікава, што ў Кісялях і Душкаўцах жылі Томкі нават з аднолькавай мянушкай «Краўчукі», што хіба сведчыць аб адзіным продку ободвух сучасных прозвішча ў, нейкім краўцу ці краўчуку… Можна зрабіць і іншае дапушчэнне, што ў часы паншчыны ўладальнік Гарадзішча мог высяліць некалькі сямей прыгонных на ўскрай сваіх уладанняў, каб яны, карчуючы лясы, павялічвалі ўсё больш карысную ворную плошчу зямлі.

За дзве апошнія вайны ды ў рэвалюцыйнай завірусе загінулі ўсе грамадзянскія, дзяржаўныя ды царкоўныя архівы і дакументы, а яны вельмі дапамаглі б нам раскрыць і прачытаць цікавыя старонкі ў велічнай кнізе мінулага. 

Да XVIII або, прынамсі, да XVII стагоддзяў наўрад ці быў больш-меньш дакладны дэмаграфічны ўлік насельніцтва нашага края, і ў глухіх лясных кутках Беларусі людзі маглі жыць вякамі, не змяняючы свайго гаспадарча-эканамічнага ўкладу, падуладныя толькі свайму пану-феадалу. Дакладна вядома толькі, што ў канцы XVIII і пачатку ХІХ вякоў вёска Душкаўцы належала да маёнтка Гарадзішча, які быў уласнасцю багатага і радавітага магната графа Паца. За ўдзел у польскім паўстанні 1830–1831 гадоў маёнтак графа быў канфіскаваны і стаў дзяржаўнай уласнасцю, а панскія прыгонныя сталі казённымі, або дзяржаўнымі, сялянамі. Праўда, яшчэ да рэформы 1861 г. цар «пажалаваў» гарадзішчанскі маёнтак некаму пану Ізвекаву, пазней, пасля рэформы, ён належаў пану Пейкеру, уладальніку яшчэ аднаго буйнога і багатага маёнтка Бурдыкоўшчыны ды павятоваму кіраўніку (маршалку) шляхты. Сяляне вёскі, стаўшыя з 1831 года казённымі, падчас рэформы 1861 года атрымалі на-дзелы зямлі па 18 дзесяцін, тады як «прыватнаўласніцкія» сяляне з суседніх вёсак, напрыклад, Мастытыч, Гараневіч і іншых, атрымалі толькі па 14 і нават 12 дзесяцін.

Пры абмеры і раздзеле зямель пасля рэформы ў сялян вёскі Душкаўцы абрэзалі частку сенажаці на карысць суседняга пана Чэчата, сялянам жа ўзамен далі па дзве дзесяціны на ўчастак, балота, якое знаходзілася ў 6 вярстах ад вёскі, ля вёскі Несцяры, і называлася «Хінова». І балота, і вёска раней таксама належалі да гарадзішчанскага маёнтка.

Землямеры, відаць, не толькі не дбалі аб інтарэсах сялян, але і не вельмі турбаваліся наконт дакладнасці ў памерах іх земляў. Так невялікі ўчастак зямлі, што заставаўся пры лесе «Азнічышча», землямер проста прырэзаў да агульнага карыстання вёскі. Гэтая «прыданая» зямля і называлася «Прыдаткі». Калі б «Прыдаткі» былі пры вясковым выгане, не было б ніякай патрэбы дзяліць іх, але тут яны былі недарэчы. І вось вясковы «патрыярх» Антон, самы разумны і кемлівы сярод сваіх аднавяскоўцаў, з дапамогай вужышча і жардзіны падзяліў «Прыдаткі» на пяць участкаў, а на шосты – Аліферкам – вымераў роўназначны кавалак зямлі з кута выгану. 

Дакладна невядома, ці так званая «салдацкая дзесяціна» была выдзелена з агульнай вясковай зямлі яшчэ да рэформы, ці ўжо пасля яе, ва ўсякім выпадку ў многіх, калі не ва ўсіх беларускіх вёсках, былі «салдацкія дзесяціны». Апрача іх былі яшчэ «батрацкія надзелы, або дзесяціны». Паміж імі была станоўчая розніца, бо першыя, відаць, даваліся салдатам пасля 25-гадовай службы ў царскім дарэформенным войску, тады як другія, ужо па рэформе, вы-дзяляліся парабкам-батракам, якія хаця паходзілі з вёскі, але з малых год, працуючы ў панскім двары, не мелі дачынення да працы на землях вясковай абшчыны і з-за даўнасці (звыш 25 год) трацілі правы на землі роду ці сям’і, з якой яны паходзілі.

У нашай вёсцы былі дзве салдацкія дзесяціны, па колькасці рэкрутаў, якіх даўней вёска абавязана была пастаўляць у шматпакутлівую ды бясконцую (25 год) царскую службу. Адным з апошніх «мікалаеўскіх» салдат у нашай вёсцы быў Адам Томка (з Томкаў без мянушкі, такім чынам, нейкі пра-
 дзядзька аўтара), другім Базыль Дзягіль. Дзесяціна Адама была выдзелена з шнуравой зямлі ў самой вёсцы, Базыль атрымаў у вёсцы толькі сядзібны ўчастак і агарод, а дзесяціну атрымаў з маёнткавай зямлі (маёнтка Гара-дзішча) за вёскай Мастытычы. 

Батрацкіх надзелаў у нас, як дзяржаўных («казённых») сялян, зразумела, не было.

Канец ХІХ і пачатак ХХ веку – гэта ўжо час, ад якога захаваліся жывыя сведкі і іх успаміны. Яны дапамагаюць нам намаляваць вобраз эпохі, стварыць малюнак жыцця той пары. Але жывыя сведкі яе ўсё больш зыходзяць з жыццёвай сцэны на «той свет», ды й няўмольны час усё больш сцірае вобраз мінулага.

З успамінаў Уладзіміра ТОМКА.

На рубяжы вякоў

Жыццё вёскі змянялася памалу, не так, як яно змяняецца цяпер, калі нават дзесяцігоддзі, а не вякі, як даўней, прыносяць значныя і глыбокія змены ў эканамічным, культурным, матэрыяльным і духоўным жыцці людзей…

Нават рэформы 60-х гадоў ХХ стагоддзя не прынеслі значных, адразу заўважальных зменаў у жыццё вяскоўцаў. Сяляне нашай вёскі мелі больш зямлі, чым іх суседзі з бліжэйшых вёсак, але яны не былі багацейшымі… Значную частку палёў выглушваў лес. Нават калі лес і не сцягаў карэннямі землю, то ўзімку ля лесу затрымліваліся вялізныя курганы снегу, вясною пад снежнымі гурбамі збіралася і застойвалася вада, і жыта, асноўная збожжавая расліна, часта выправала цалкам.

Доўга не змяняліся і прылады працы сялян: і пасля рэформы гэта былі тыя самыя драўляныя саха ды барана, якімі апрацоўвалі зямлю дзяды і прадзеды парэформенных сялян. Сялянская гаспадарка і далей заставалася ў асноўным натуральнай. Селянін сам вырабляў усё неабходнае для сябе, сям’і і хатняга ўжытку… Сякера, серп, сталёвы нарожак сахі, свярло, долата ды цясла – кручкаватая сталёвая прылада да вырабу з тоўстых кавалкаў бярвяна карытаў ды ночваў, – вось і ўсе жалезныя прылады працы, якія вырабляліся вясковымі чарадзеямі-умельцамі, кавалямі. Яшчэ да канца ХІХ стагоддзя сялянскія будынкі рабіліся без ужывання хаця б адзінага цвіка. А боты, што купіў сабе на кірмашы Міхась Томка, калі жаніўся на Сяргеявай Паўліне з Мастытычаў, абслугоўвалі ўсіх жаніхоў вёскі.Толькі з пачаткам наступнага веку вясковыя жанчыны ў святы пачалі насіць паркалёвыя хусткі, кафтаны і сукенкі.

ХХ век застаў у вёсцы яшчэ дзве курныя хаты: адна з іх была хата Вінцука Дзягіля, другая, праўда, была не ў вёсцы, а на хутары, за вясковым выганам, на т. зв. «Кругліцы». Там жыла нейкая прыблудная кабеціна з «байструком»-дзяўчынкай, якую вясковая моладзь дражніла «панчошкай» за яе малы рост… Я памятаю гэтую хату. Нізкая столь і сцены больш як да паловы блішчэлі чарнатой, як наваксаваныя боты. Пыл сажы, відаць, калі-нікалі сціраўся са сценаў і столі і на іх заставалася адглянцаваная палітура чарнаты. Звычайная вясковая печ тут замест коміна мела цагляны стаўбун над прыпекам з дзіркай угары, праз якую выходзіў дым проста на хату, а з хаты ён выходзіў праз невялікае акенца-адтуліну, прарэзанае ў сцяне пад столлю. Зімою, калі печ выпальвалася, акенца затыкалася анучамі або саломай. Да дваццатых гадоў ХХ стагоддзя ў кожнай хаце вёскі яшчэ захоўваўся «дзядок» – паўтарамятровы стаячок, з прыбітымі ўгары дзвюма бляшкамі, у якія ўшчамлялася запаленая лучына.

У добрых гаспадароў асабліва даглядаліся коні, якія карміліся сенам, канюшынай, а напрадвесні, незадоўга да палявых работ, коні штодзённа атрымлівалі нават па гарнцу аўса (1,5–2 кг). Горш даводзілася каровам. Іх кармілі аўсянай саломай, або трасянкай, г. зн. той жа аўсянай або дробнай жытняй саломай, змешанай (стрэсянай віламі) з трэцяй часткай (у адносінах да саломы) дзікага ды нясмачнага ляснога або балотнага сена. Раз у дзень, часамі два разы, давалася саламяная сечка-параніца, якая дзеля акрасы толькі крыху атрушвалася мукою або вотрубямі. Не дзіва, што ад такога харчавання бяднейшыя, а часамі і замажнейшыя гаспадары вясною падымалі сваіх кароў на вяроўках, ды часта падымалі абяссіленую жывёлу і на выгане ў першыя дні пасьбы.

Ды не толькі каровы селяніна марыліся на паўгалодным пайку. Не пераядаў і ён сам, з сваёю сям’ёй. Асноўнай ежай селяніна была бульба, якую сялянкі-гаспадыні падавалі на стол з лупінкай, соллю і кашай раніцай, на абед і на вечар. Малако і малочныя прадукты – сыр, масла, смятана – былі на сялянскім стале толькі пакуль была трава на пашы, гэта значыць чатыры-пяць месяцаў; у познюю восень малако было, ды і таго не шмат.

Значнай падмогай у харчаванні былі гародніна, грыбы, ягады ды садавіна. Аднак пладовых дрэў у нашай вёсцы чамусьці было вельмі мала.

Хлеб быў з мякінай, ды і таго не хапала да новага, нават у палавічнікаў. Кожны гаспадар калоў перад Калядамі парсючка, аднак яны былі недакормленымі, бо ўсю вясну і лета пасвіліся на вясковым выгане і толькі ўвосень іх падкормлівалі мякінай, бульбай і крыху мукою. Толькі багацейшыя гаспадары калолі яшчэ «дзедавіка» – вясновае парасё-падсвінак, якое вырастала на кілаграмаў 35–45 да асенніх дзядоў (15–22 лістапада па н.ст.).

З пачаткам ХХ стагоддзя натуральная гаспадарка разбуралася нават у глухіх кутках Беларусі. Вёска паволі ўцягалася ў рыначна-грашовыя сувязі, і сялянскай сям’і ўсё больш патрэбны былі грошы. Яны былі патрэбныя, каб купіць усё больш пранікаючыя ў вёску тавары: запалкі, газ, мыла, плуг, рыдлёўку, цвікі, паркаль і нават крамнае сукно, абутак і адзетак. Грошы патрэбныя былі і на пасаг дочкам, бо хлапцы-жаніхі больш цікавіліся дзяўчатамі, якія мелі ў пасазе «кацярынку», а не, як даўней, карову ці добрую жарабіцу. («Кацярынка» – дарэвалюцыйная сторублёвая асігнацыя, з партрэтам імператрыцы Кацярыны ІІ).

Грошы былі патрэбны і на тое, каб купіць зямлю. Так сялянскі хлапец з вёскі Пруды Антось Басан, што прыйшоў у прымы да дачкі палавічніка Данілы «Паляка», далажыўшы да сваіх, заробленых у Рызе ды Адэсе грошай яшчэ «кацярынку» жонкі, змог купіць у пана Сокала тры дзесяціны зямлі недалёка ад вёскі, за вясковым выганам, ва ўрочышчы «Кругліца». Басан быў працавіты ды непітушчы мужык, працавітай і стараннай была і яго жонка Кацярына, а стары Даніла доўга яшчэ выхваляўся: «Жо, я сваёй Кацярыне «кацярынку» даў».

Патрэба ў грошах выганяла людзей з родных вёсак на зарабаткі на чыгунку і ў гарады. Працаваў на будове чыгункі ды ў многіх гарадах прасторнай Расіі стары Язэп Томка па мянушцы «Турак», быў на рабоце ў Рызе Ясь Дубешка; стаў рабочым у далёкім Екацярынаслаўле, ды так і не вярнуўся ў родную вёску Яўхім Томка, мой родны дзядзька. Рослы, складны і прыгожы, як малады дубок, ён быў узяты на ваенную службу і вызначаны ў гвардзейскі «кірасіраў яе вялікасці» полк, які стаяў недзе ля Царскага Сяла ці ў Пецярбургу. Калі аднойчы (ля 1905 года) ён прыехаў на пабыўку ў родную вёску, гэта стала надзвычайным здарэннем не толькі ў вёсцы, а і ў мястэчку. Ён зрабіў вялікае ўражанне сваёй прыгажосцю і бліскучай вайсковай формай, якой не мелі ні мясцовы ўраднік, ні нават «гаспадзін» прыстаў; цыганяты ў Гарадзішчы роем бегалі за прыгожым гвардзейцам, вылупліваючы вочы ды здзіўлена цмокаючы.

Новае паволі ўваходзіла ў жыццё людзей, але доўга яшчэ жыло старое, даўнейшае ў свядомасці і душах сялян.

Сяляне вёскі

У маёй памяці ўзнікае вобраз старога Данілы «Паляка». Хоць на хвіліну, на нейкае імгненне ён паўстае перада мной як жывы, нават з дэталямі вопраткі і абутку.

Нізкага ўзросту, прыса-дзісты, каржакаваты, з абросшым сівою барадою круглым тварам, на якім жыва блішчэлі малыя хітрыя вочкі, ён па-даўнейшаму апранаў сівы, амаль белы бурнос, калі вадзіў коні на пашу ўранку або ездзіў на начлег, а на нагах меў шырокія, прасторныя, але моцныя, бо падшытыя лабяком, лапці. На галаве ў яго была нейкая выцвіўшая кепка. Дзед Даніла меў звычай заўсёды ў мове дадаваць характэрнае «жо», якое невядома што азначала: ці скарочанае «ужо», ці проста дапаможны гук, з якім гладчэй ішла мова.

Прымаўку меў яшчэ і стары, з голаю, як калена, галавой дзядзька Тамаш, які, гаворачы, не заўсёды дарэчы ўжываў прыслоўе «эшку». Гэта, відаць, было своеасабліва скарочанае – для хуткасці вымаўлення – «я ж кажу», вымаўленае бяззубымі, шамкаючымі вуснамі старога. Тамаш прыходзіўся дзядзькам майму бацьку, таму і ў вёсцы яго называлі дзядзькам, хоць ён быў старэйшы за дзеда Данілу. Мы, моладзь, станавілі яго заўсёды дванаццатым, калі жартаўліва лічылі лысых, каб на самай вялікай лысіне нарэшце «лопнуў»  надакучыўшы нам працяглы зімовы мароз.

Вельмі цікавым старым быў Язэп Краўчукоў з асабістай, як бы сказалі цяпер, персанальнай мянушкай «Турак». Высокі, худы, з вострымі рысамі твару, кручкаватым носам і казлінаю барадою, ён быў нейкі несамавіты і часта загаворваўся. Невядома за што і хто даў яму такую мянушку – ці за яго кручкаваты нос, ці, можа, ён удзельнічаў у руска-турэцкай вайне 1877–1877 гг. ды быў там кантужаны, ад таго крыху прыдурнеў ды загаворваўся.  Часта, гаворачы нармальна, ён раптам мяняўся ў твары, вылупліваў як бы здзіўленыя вочы і перапалохана казаў: «Бах, далі до смерці!» Характэрна, што гэтыя не зусім зразумелыя словы ён вымаўляў з расейскім націскам. Потым ізноў як бы прыходзіў да сябе і спакойна працягваў размову.

Наогул ён быў дзівак, якіх мала. Ён як агню баяўся мышэй і асабліва бацоў (пацукоў). На залітай вадой нават сухім летам сенажаці ў «Хінове» іх было шмат, і варта было хоць аднаму з іх абцерціся ля босых ног Язэпа, які касіў, высока падкасаўшы шарачковыя порткі, разам з сваім пляменнікам, як ён, спалохана закрычаўшы «о цэ нячыстая сіла!», уцякаў з сенажаці, не зважаючы на ўгаворы пляменніка і суседзяў, якія працягвалі касіць, не азіраючыся, з касою на плечах, пёрся дадому, за шэсць вёрстаў.

У пачатку дваццатых гадоў, за польскім часам, ён аднойчы зайшоў у хату да суседа Томка, дзе праз бліскуча размаляваную трубу спяваў і рэчыў грамафон. І тут Язэп, недаверліва агледзеўшыся па хаце і пераканаўшыся ўсё ж такі ў тым, што спеў выходзіць з трубы, ізноў спалохана закрычаў сваё «о цэ нячыстая сіла» і ўцякаў дахаты.

У сялян не хапала хлеба нават да вясны, але гэта не перашкаджала некаторым цягнуць апошні пуд дабра да карчмы ў Зялёнай, дзе жыд Янкель гандляваў «казёнкай».

Самі ногі вялі да карчмы мікалаеўскага салдата Адама (Томка), які, жывучы на сваёй салдацкай дзесяціне, не мог, як кажуць, сцягнуць канцы з канцамі, ды відаць з гора прапіваў і апошняе палатно сваёй стараннай і працавітай жонкі Адамчай.

З успамінаў Уладзіміра ТОМКА.

Сяляне вёскі

Яшчэ лепш сябраваў з гарэлкай ды не вылазіў з карчмы стары Лявон Краўчук. Напіўшыся да непрытомнасці, стары, які, відаць, меў слабую галаву, але моцныя ногі, вяртаючыся дамоў, чамусьці не трапляў на развілцы дарог на тую, якая вяла да вёскі, але ішоў і трапляў да… Хінова. Там, ужо ноччу, наблукаўшыся па балоце і па карчах ля балота, ён на світанні ўсё ж прыходзіў дадому і змучаны вандраваннем падаў, як сноп, на ток у гумне або на палок у хаце. А пра-спаўшыся, замест люлькі знаходзіў у кішэнях сваяго бурноса дробныя карчушкі і, божачыся, стары ўпэўніваў сваіх хатніх і суседзяў, што нячыстая сіла і завяла яго ў Хінова (за шэсць вёрстаў ад вёскі!) і нават, як ён прыпамінае цяпер, адзін такі рагаты і касматы нячысцік за яго люльку даваў яму такую, але вельмі прыгожую – як панская. Часамі, праўда, нячысцік літаваўся над старым, і ён з Зялёнай праз Насейкі, зрабіўшы толькі вярсту дарогі, прыходзіў па мяжы ўпрост да свайго гумна. Ён уваходзіў на ток, і, калі ўвосень застаронкі былі заложаны сякім-такім дабром, снапамі ды сенам, бедны стары сілаваўся, абняўшы саху, узлезці на снапы і, калі гэта не ўдавалася, мармытаў: «Зоська, галубка, падсадзі на печ!» Зразумела, што жонка Зося спала ў гэты час на печы ў хаце, і стары, зусім змогшыся ад дарэмных высілкаў, прасыпаўся на халодным сырым таку ў гумне… 

Здаралася і горш, калі раззлаваны гаспадар, усё ж дабраўшыся да хаты, пачынаў сварку з жонкай, а потым часцей за ўсё вяроўкай, пастронкам ці нават вужышчам пачынаў лупцаваць жонку… У нашай вёсцы мужыкі білі жанок чамусьці вяроўкай, можа, таму, што, у адрозненне ад кала, было меньш магчымасцяў калецтва.

На знешні погляд жорсткімі і дзікімі былі адносіны сялян у сям’і. Праўда, тут усё залежала ад таго, які характар меў гаспадар. Здаралася часта, што спакойны і павольны гаспадар ва ўсім слухаўся сваёй уладнай жонкі і ніколі не падымаў рукі ні на яе, ні на дзяцей. Беларусы-сяляне ўсім складам свайго даўнейшага жыцця былі прызвычаены павольнага спакойнага роздуму і павагі, і збіванне жанок і дзяцей часцей за ўсё здаралася, калі селянін напіваўся і траціў сваю звычайную павагу. У іншым выпадку спрэчкі ўзнікалі і пераходзілі ў бойку тады, калі гарачы і нецярплівы мужык меў надта няўстрымную ды языкастую жонку. Наогул жа, трэба зазначыць, што становішча беларускай сялянкі-жанчыны было непараўнальна лепшым, чым у жанчыны ў Расіі. Беларус-селянін у нармальнай сям’і ніколі не цураўся жаночай працы: ён і жаў разам з жонкай, і капаў бульбу, і памагаў жонцы ў хатніх справах. Руская ж жанчына-сялянка арала, касіла, вазіла дровы і ўсё дабро з поля; у гарачую пару сялянскай працы яе каханы «муженёк» падаваўся ў Піцер, Маскву ці іншыя гарады неабдымнай Расіі на зарабаткі. Пераважна прапіўшы і прагуляўшы заробленае, на зіму з’яўляўся да жонкі (яшчэ адзін нахлебнік!), каб вясною, бы тая птушка, ізноў паля-цець у вырай. Мой святой памяці дзядзька Філіп – брат мацяры, які ў бежанстве гадоў, можа, тры пражыў у Цвярской губерні, са смехам расказваў: «Часта мужык, уладкоўваючыся на гатовы хлеб, што нарабіла жонка, прывозіў ёй «падарак» –  паркалёвую хустку за некалькі дзесяткаў капеек ці такой жа вартасці якога-небудзь паркалю на каптан, ды яшчэ выхваляўся: «Смотри, родимая, какой я тебе подарок привез!»

Не ідэалізуючы мінулага, усё ж можна дараваць даўнейшым людзям некаторую дзікасць іх звычаяў і жыцця. А што ж можна сказаць аб звычаях нашага часу, калі ў хатах, дзе стаяць тэлевізары і буфеты, ляжаць дарожкі на падлогах, а на сценах вісяць дываны, раз’юшаны п’яны мужык-гаспадар кры-
шыць і ламае ўвесь гэты дастатак, а да смерці перапалоханыя жонка і дзеці шукаюць ратунку ў суседзяў!

Калі і ёсць якая розніца паміж падпіўшым старым, які пераначаваўшы недзе на балоце, назаўтра, крыху сарамліва, але са шчырым перакананнем будзе расказваць аб чарцях, якія завалаклі яго кудысьці, ды яшчэ наздзекаваліся, і маладымі здаравеннымі хлапцамі, якія набраліся гарэлкі ў чайной і, адышоўшы ад яе на якія сто крокаў, ляглі і забляваліся на плошчы сярод пасёлка? Калі і ёсць розніца, то не ў карысць апошніх. У гэтых сучасных дзікуноў га-рэлка вытравіла ўсё: і пачуццё ўласнай годнасці, і сорам, і фантазію!

Жыхары раўнін і палёў хіба не стваралі ў мінулым столькі розных казачных легендаў і паданняў, столькі дзіўных і цудоўных уяўленняў і забабонаў, якія ўзнікалі ў жыхароў лясных ваколіц. Відаць, веліч прыроды, месцамі яшчэ не кранутай рукой чалавека, садзейнічала, спрыяла развіццю чалавечай фантазіі. Памятаю, далёка ад вёскі, за шнуравымі пералескамі і большымі ляснымі абшарамі, ляжала, акружанае з усіх бакоў лесам, лясное балота, на якое мы часта ездзілі на начлег. Ні разу не давялося нам уцякаць з гэтага панскага балота, і, можа, таму мы называлі яго «Святое месца». І сапраўды, была нейкая святая веліч, харашыня і павага ў гэтым цудоўным кутку прыроды! На ўскраі сухога ляснога балота раслі магутныя волаты старыя дубы, а глыбей за стромкімі, маладымі яшчэ грабамі пачынаўся мяшаны лес, паступова пераходзячы ў гушчар ельніку. Чутно было, як скублі росную траву коні, як недзе ў глыбі лесу жаласліва квіліла сава, а далёка з па-за лесу даносіўся ледзь чутны брэх сабакаў у панскім двары. А з неба, як бы ў лясное вакно, глядзелі зоркі, і іх кволыя прамені слізгаліся па зялёных росных лістах дубоў ды сплывалі на зямлю. На грудку пад елкай ляжалі начлежнікі і моўчкі слухалі апавяданні дзеда Данілы.

«Сюды мы, зразумела, на начлег не ездзілі, –  казаў дзед Даніла, –  задалёка, ды страшна было. Часцей ездзілі на «Кругліцу» або ў лясны луг «Пліту». Ды часта нам і з таго, і з другога месца даводзілася ўцякаць. І не таму, што праганяў нас пан ці панскі цівун – не, пераначлегаваць не давала нячыстая сіла, –  упэўнена працягваў дзед. – Бывала толькі спутаем коней ды прыляжам, як чуем, што яны пачынаюць храпці ды кідацца ва ўсе бакі. Падыходзім да іх і бачым: малое белае сабачанё, якое аж мігаціць, бегае  пад нагамі коней. А потым, праз некаторы час, чуем конскі тупат ужо па дарозе ля лесу, і вось на прыгожым чорным кані імчыцца, седзячы па-мужчынску ў сядле, белая паненка, і за ёю бягуць белыя сабачкі, якія зараз увязваюцца да нашых коней, і яны ўсе гурбою вылятаюць на дарогу і бягуць дадому. Паненка імчыцца ў праціўным напрамку, пад двор, і, калі мы, да смерці перапалоханыя, пачынаем хрысціцца, паненка звонка, на ўвесь лес рагоча і раптам знікае ў балотнім тумане ля лесу, які рэхам разносіць яе шалёны смех». І здавалася нам, што вось зараз квіленне савы ў лесе заменіцца несамавітым рогатам паненкі, а вось і яна сама выхіляецца з белаватага туману на ўскраі балота і не імчыцца, а плыве, уся ў белым, ды знікае ў лясным гушчары.

Фантастычныя ды разам з тым прыгожыя сваёй наіўнасцю і паэтычнасцю ўяўленні даўнішніх людзей аб акружаючым іх свеце і з’явах прыроды і жыцця перапляталіся ў іх разуменні з самымі дзікімі і дурнымі забабонамі.

Вера ў ведзьмаў і ведзьмароў, у закляцці і загаворы, у «ліхое вока», у «заломы» ды іншыя страхоцці была распаўсюджана ў першай палове ХХ стагоддзя не толькі ў нашай вёсцы, яна існавала і дагэтуль. Тады здавалася людзям, што можна наслаць усялякія няшчасці і бяду злой воляй і моцай, можна нашкодзіць здароўю чалавека і жывёлы, знішчыць ураджай у полі і дабытак яго працы.

Паміж асобнымі гаспадарамі ўзнікала, часта з пустых прычынаў, задаўненая варожасць, і кожны з іх не так баяўся непасрэдных варожых чынаў, як гэтай таемнай небяспекі. Маглі пашкодзіць праклёны, магло раптам прапасці малако ў каровы, бо насланая ведзьмарскай намовай жаба-рапуха ўночы начыста высмактала вымя каровы, ды многа яшчэ ўсялякай бяды магло прыйсці невядома адкуль.

Шчытом, вяршыняй узаемнай злосці і нянавісці было «даванне на школу». Звычайна кабета прыносіла да рабіна кусок палатна ці рушнікоў і аддавала іх рабіну з грашовай даплатай, а ён павінен быў занесці падарунак у школу (сінагогу) і прачытаць над ім малітву-закляцце супраць таго, чыё імя называла раззлаваная баба. Наўрад ці рабін, звычайна не дурны чалавек, выконваў гэты абрад, але палатно і грошы ад дурной бабы, зразумела, забіраў. І ўсё ж нават сама пагроза «даць на школу» была палохаючай.

Была пашырана вера ў «ліхое вока». Дастаткова было чалавеку з ліхім вокам прыпадкова глянуць на ўдой малака, якое часамі несла непрыкрытым гаспадыня, і яно нагладка прападала ў каровы. Ад ліхога вока хварэў, а то і падыхаў маладняк жывёлы: ягняты, цяляты і іншыя, а часта і дарослая жывёла. Ад ліхога вока раптам ападала цеста ў дзяжы, скісала або зварвалася свежае малако і г. д.

Небяспечнымі былі і «заломы» у жыце, радзей – ярыне. Гэта былі зламаныя нейкім накрыж ды звязаныя ўгары каласамі жменькі жытніх сцяблоў і, жнучы, сялянкі абжыналі вакол заломаў, гаворачы малітву, бо верылі, што зжаць залом азначала прыняць на сябе або сям’ю адпаведную хваробу.

Найпрасцей зараз, пагардліва махнуўшы рукой, сказаць: цемната і дурната! А ці ўсё – толькі цемната і невуцтва? А можа лепш зробім, калі паўторым словы Гамлета: «І ў небе і ў зямлі схавана болей, Чым сніцца вашай мудрасці, Гарацыо!»

З успамінаў Уладзіміра ТОМКА.

 

У міжваенныя гады

Недзе ў далёкім свеце сваёй няспыннай чаргою ішлі і нагрувашчваліся падзеі, якія адзначалі і складалі лёс народаў, грамадстваў і тым самым лёс паасобных людзей. Там, у Расіі, Ленін і бальшавікі кінулі масам лозунгі міру і зямлі, якраз тое, чаго масы так прагнулі. Армія разбеглася, а Брэсцкі мір аддаваў Беларусь, Прыбалтыку ды Украіну на ласку ці няласку пераможцаў-немцаў. Але і гэтую сілу перамагла большая: развалілася, як дамок з картаў, тысячагадовая манархія Габсбургаў, адправіўся секчы дровы на старасць у маленькі ўтульны Доорн пышлівы кайзер Вільгельм ІІ, а няшчасны Нікалай ІІ быў па-зверску замардаваны разам з усёй сям’ёй у далёкім Екацярынбурзе, на Урале. 

Ніхто і не чуў пра гэтыя падзеі ў невядомай лясной вёсцы Душкаўцы, але вынікі  іх адбіліся і тут. Вярнуліся з вайны, з войска Павел Томка, Федар Даўбешка, Кастусь Дзягіль. З аўстрыяцкага палону, з далёкага Фіюме (зараз – Рыека), перажыўшы безліч цяжкасцяў і розных прыгодаў – сапраўдную Адысею, вярнуўся дамоў Ясь Дубешка.

Толькі сыны Аксені Кастусь ды Васіль не вярнуліся з вайны, і няведама дзе злажылі яны свае галовы: ці ў баях пад Варшавай, ці пад Асаўцом, ці на перавалах Карпат, ці ва Усходняй Прусіі? Не вярнуліся і Томкавы Яўхім і Пракоп, але яны засталіся ў Расіі, бо пісалі пісьмы да старэйшага брата Костуся, які вярнуўся ў родную вёску ўвосень 1919 года.

На прадвесні 1919 года вярнуліся ўсе сяляне, высланыя немцамі ў сувалшчыну. Ды як жа цяжка прыходзілася ім цяпер, калі яны ўвайшлі ў пустыя хаты, прыйшлі да пустых хлявоў і гумнаў, а на няробленых два гады шнурах зямлі дружна ўзняўся галіністы гушчар бярэзніку ды асінніку. Яшчэ раней, калі былі немцы, сяляне куплялі ў іх выбракаваных каней, але якая ж мука была з імі на рабоце ў полі. Пераважна кавалерыйскія коні часта ішлі або беглі па крузе, вакол гаспадара і плуга, на лейцах, як на вальтыжыроўцы. Кароў ці цялушак толькі двое гаспадароў прывялі з высылкі і бежанства, астатнія яшчэ некалькі год жылі без малака. Ды і без хлеба, бульбы ледзь хапала на зіму.

Жылі на зеллі – крапіве ды бручцы, галадалі. А іх суседзям – тым, у каго ў свой час маўчала сумленне і не было літасці і спачування, – ім было зусім добра. Прасядзеўшы на месцы, яны мелі запас усяго патрэбнага, ды нядрэнна пажывіліся, калі адыходзілі немцы.

Зараз, па адыходзе немцаў, і сюды дайшоў подых рэвалюцыйнай буры: у Гарадзішчы ды ў буйнейшых вёсках узнікалі камітэты; хадзілі чуткі, што яны будуць дзяліць паміж мужыкамі панскую зямлю. Але летам 1919 года прыйшлі польскія легіёны і, пастраляўшы камітэтчыкаў і камісараў ды паставіўшы панскую ўладу, пераможна пайшлі далей на ўсход. 

А летам 1920 года ізноў вайна бліскавіцай пераляцела па нешчаслівай, яшчэ не падняўшайся як след пасля Першай сусветнай вайны краіне. Легіёны ў паніцы адступалі і, уцякаючы, забіралі ў абоз сялян з канямі і вазамі. Тыдні два ў спякотнае гарачае лета сяляне хавалі коней у лесе. Ды часта, у самы з’яд, коні ўцякалі ў вёску да сваіх хлявоў, і іх хапалі легіянеры. Ужо і сам гаспадар быў змушаны адпраўляцца ў абоз.

Услед за уцякаючымі палякамі не ішлі, але літаральна беглі на захад напаўбосыя і абы як адзетыя чырвонаармейцы, пытаючыся, ці далёка да «Аршавы». Трэба зазначыць, што гэтае паўбосае імклівае войска не крыўдзіла сялян, як гэта часта рабілі легіянеры, хаця фурманкі ў абоз бралі таксама.

«Даешь Аршаву!» –  весела гукалі яны, але разбітыя ў пыл пад гэтай жа «Аршавай» толькі позна ўвосень 1920 года, спалохана туляючыся па прасёлкавых шляхах, абмінаючы гарады, мястэчкі і вялікія вёскі, ішлі на ўсход асобныя чырвонаармейцы, уцёкшыя з лагераў ваеннапалонных.

Рыжскі трактат санкцыяніраваў падзел Беларусі. Пачала ўсталёўвацца на Захадзе польская ўлада. У мястэчках утварыліся гміны, дзе войтамі і ўраднымі вызначаліся абшарнікі-памешчыкі ды мясцовыя багацеі.

Былі размешчаны таксама пастарункі паліцыі, прычым і камендант, і паліцыянты былі з Польшчы. Вёска Душкаўцы, якая адміністрацыйна належала да гміны Гарадзіскай, у пачатку 20-х гадоў уваходзіла ў склад Валеўкаўскай паліцыйнай акругі (rewiru) з вельмі паганым «рэвіровым» панам Карповічам, уладальнікам маёнтка Чамброва. Два разы ў тыдзень, выконваючы гужавую павіннасць, з вёскі пасылалася фурманка ў Чамброва, і сяляне вельмі неахвотна ехалі туды, бо пад «злы гуморы» пан рэвіровы мог перацягнуць возчыка бізуном або балюча патурзаць яго за бараду ці вусы.

Адчыняліся польскія школы. Дзеці нашай вёскі ў першыя пасляваенныя гады абавязаны былі хадзіць у пачатковую школу (пачатковае навучанне было абавязковым) у в. Мікулічы. Ад паловы 20-х гадоў вёска Душкаўцы пасылала дзяцей у Мастыцічскую пачатковую школу, што было бліжэй і зручней, бо в. Мастыцічы была па дарозе ў Гарадзішча. Абавязковасць навучання была толькі на паперы, бо нават пачатковую школу з вёскі закончылі толькі двое хлапцоў і адна-адзіная дзяўчынка, а ў Гарадзішчанскай сямігодцы ніхто не вучыўся.

Хлопцы зімою, праўда, не мелі работы і маглі б вучыцца, але ў іх не было вопраткі і абутку, а дзяўчатам з малых год трэба было прасці кудзелю.

Паволі вярталася вёска да свайго звачайнага жыцця. З вясною кожны гаспадар выходзіў са сваім канём і нескладанымі прыладамі працы, плугам і драўлянай бараной, на свае палеткі. Узворвалі палі. Спачатку сяляне выходзілі на адкрытую з усіх бакоў і таму раней падсыхаючую «Камяніцу» і «Гай» –  шнуры ўзгорыстых палёў, схіленых на поўдзень; праз тыдзень ці дзён дзесяць выходзілі на палеткі, што ляжалі між лясоў, бо там пазней раставаў снег і падсыхала глеба. Ад першых дзён мая скрыпелі, завальваючыся ў глыбокіх каляінах вазы з гноем, гнаянкі, ды і назад паражняком не вельмі падгоніш каня па такой дарозе. У «Лясаўшчыну» ці на «Сярэдні» –  найбольш далёкія ад вёскі шнуры поля (ля 2 км) – нават у працяглы веснавы дзень нельга было завезці больш за 10–12 вазоў гною, таму справа зацягалася на тыдзень, а то і болей.

А хаты вёскі аж звінелі ад лоскату лядаў, бо кабеты як мага завіхаліся даткаць кросны, каб сесці рэзаць картофлю, а пасля пасадзіць яе. Садзілі картофлю ў звычайныя гады ў другой–трэцяй пяцідзёнцы мая, і пад Міколу (22 мая) сялянам заставалася пасеяць толькі вератнік грэчкі.

Па заканчэнні веснавых работ гаспадарлівыя сяляне, амаль не прысядаючы ўвесь доўгі веснавы дзень, мелі таксама дастаткова працы. Гаспадары правілі старыя і ставілі новыя платы, перакрывалі ў патрэбе страхі, а яны маглі трымацца гадоў 15 ды больш, калі была добрая кулявая салома, ды крылі страху добрыя майстры-страхары. Трэба было таксама да лета паправіць або зрабіць новыя драбіны, каб было чым вазіць сена і снапы. Уся павозка была з дрэва і на драўляных дубовых восях. Заставалася толькі купіць у майстроў-калёснікаў з другіх вёсак колы, акаваць іх у каваля, прырабіць да аглабель атосы, і воз быў гатоў.

Сяляне іншых, бязлесных вёсак у гэтую пару нарыхтоўвалі дровы на зіму; у нашай вёсцы не па-гаспадарску ездзілі ў лес па дровы, калі была патрэба, а з-за таго, што не заўсёды сухастой быў у лесе, гаспадыні мучыліся,  бо палілі печы сырымі дровамі.

Гарачая летняя пара звычайна пачыналася з скошвання сенажацяў ля вёскі. Касілі «Агароды», «Лінду», у «Маргох», «За гарэшнікам», а пасля ўсёй вёскай адпраўляліся ў «Хінова», дзе было па дзве дзесяціны балота на ўчастак, але трава там была дзікая і няедкая.

Надыходзіла жніво, і ў кожнай хаце адзначалі зажынкі, калі гаспадыня, зжаўшы першыя снапы жыта, прыносіла жменю жыта – «Каляду» дамоў і ўрачыста ставіла яе на покуці, пад абразамі. На зажынкавую вячэру гаспадыня пякла яешню, варыла квас ці верашчаку, ды забеленыя макароны. Услед за жытнім жнівом паспявала ярына і лён, і ў спешцы гэтай бесперапыннай працы надыходзіла восень, з капаннем картофлі, ляскатам церніц па хлявах у кароткі восеньскі дзень, а наранкі, яшчэ да дня, чуўся рытмічны стукат цапоў у сялянскіх гумнах.

Так змяняліся ў сваім няспынным цячэнні поры году, ды нязменным, здаецца, быў гэты адвечны кругазварот цяжкай ды малаплённай сялянскай працы і шэрага беспрасветнага жыцця.

Толькі раз было, калі, здавалася, бліснула сонца, калі з’явілася надзея на змены ў жыцці, надзея на нацыянальнае і сацыяльнае адраджэнне, і было гэта ў другой палове 20-х гадоў, калі па ўсёй Заходняй Беларусі пачаў імкліва шырыцца і расці грамадаўскі рух. Летам, здаецца, 1926 года ў вёску прыехаў студэнт Віленскага ўніверсітэта Алег Аляксандравіч Шыран (родам з нашай мясцовасці, з вёскі Боўдзілаўцы, зараз – Слабажаны), і з яго дапамогай у вёсцы быў арганізаваны гурток Беларускай сялянска-работніцкай Грамады. Старшынёй гуртка быў абраны Сымон Томка, сакратаром – Сымон Буйніцкі, з суседняй (у адлегласці 0,5 км) вёсачкі Насейкі. У невялікай вёсцы гурток ледзь налічваў пару дзесяткаў членаў; да таго ж старэйшыя сяляне захавалі адвечную палахлівую насцярожанасць, а значная частка цёмнай, непісьменнай і, зразумела, несвядомай моладзі не бачыла пэўнай карысці ў гэтым і лічыла за лепшае ўкрасці  ў панскім, а то і ў суседскім лесе дрэва і выручыць 4-5 злотых. Аднак лепшая частка моладзі з душою аддавалася грамадаўскай рабоце і, спяваючы на сходах беларускі гімн, у якім былі словы, «што трэба свабоды, зямлі чалавеку», шчыра верыла, што яна, моладзь, здабудзе і свабоду, і зямлю.

У пачатку 1927 года Грамада была разгромлена польскімі ўладамі. Мілая маладосць! Колькі яшчэ страціш ты ў жыцці сваім такіх наіўных надзей, колькі перажывеш расчараванняў, колькі высокіх ідэалаў развянчаецца на тваіх вачах!

Жыццё ставіла свае надзённыя патрабаванні, і сялянская моладзь, якая душылася ў цісках беспрацоўя і безграшоўя, асабліва востра адчувала гэта. Бо апрача кавалка хлеба, які давала бацькоўская гаспадарка, трэба было недзе здабыць грошы хаця б на святочнае (як сказалі б цяпер, – выхадное) адзенне і абутак, трэба было неяк знайсці залатоўку-другую і на іншыя патрэбы, якія ўсё ж былі ў моладзі, як ні бедна і ашчадна яна жыла. 

У самую гарачую летнюю пару хлопцы з вёскі хадзілі касіць у двары да суседніх паноў і арандатараў, дзяўчаты і бабы адпраўляліся ў зарабаткі на жніва, ды вясною на поліва. Касцу і жняі плацілі 1,8–2 злотых, за поліва жанчынам плацілі 80 грошаў – да 1 злотага. Ды колькі было той работы ў невялікіх суседніх маёнтках у Насейках і Юзафіні! Арандаваўшы Юзафін хітры і працавіты Алта Нахмановіч, як мог, выціскаў пот з двух парабкаў і наймічкі і наймаў чужых рабочых толькі пры вострай неабходнасці.

У пана Чэчата ў Насейках работы таксама было няшмат, але працаваць было лягчэй, бо малады і гарэзлівы паніч Ян часцей стаяў пры дзяўчатах і кабетах, пажадліва пазіраючы на іх выразна абрысоўваючыяся пры працы формы.

У дзесяцігоддзі канца дваццатых да паловы трыццатых гадоў польскія ўлады будавалі дарогу Баранавічы–Наваградак, і гэта давала сялянам такі патрэбны, хоць і невялікі заробак. Сяляне збіралі і вазілі каменне на брук (чаго-чаго, а гэтага дабра на вясковых палетках хапала!) падвозілі пясок; хадзілі з рыдлёўкамі на работы пры дарозе: капалі равы і кар’еры, сплянтоўвалі грунт на дарозе, рыхтуючы яго да высыпкі пяском і брукавання, чысцілі ды абкладалі муравай прыдарожныя адхоны, словам, выконвалі ўсе работы, за выключэннем брукавання, бо брукароў павятовы дарожны аддзел прысылаў з Баранавіч і прыгарадных вёсак.

З фурманкай можна было зарабіць 5–6 і нават 8–10 злотых, калі за доўгі веснавы дзень селянін прывозіў з вясковых палёў ці лесу тры-чатыры вазы камення. Пешы, з лапатай работнік зарабляў да двух злотых, і гэта быў нядрэнны, раўнаважны пуду збожжа заробак. 

Сымон Томка, які ў 1929–1930 гадах быў урадным гміны, дабіўся таго, што гміна ўхваліла забрукаванне вуліцы ў Душкаўцах за кошт гміны. Сяляне вёскі павінны былі толькі адбыць тут жа, ля сваіх хатаў, належачую ім шарварку, і, калі яе не хапіла для выканання ўсяе работы, трэба было адрабіць яшчэ адну гадавую норму ў залік будучага, 1930 года. Вяскоўцы павазілі яшчэ дзён з два пяску і папрацавалі з лапатамі, а колькі было нараканняў на Сымона, за «непатрэбную выдумку»! Даўнейшыя беларускія сяляне адзначаліся выключным кансерватызмам.

З успамінаў  Уладзіміра ТОМКА.

Беларуская вёска пры панскай Польшчы задыхалася не толькі ў цісках эканамічнага крызісу, беспрацоўя і нацыянальнага і сацыяльнага ўціску, яна, таксама, зрэшты, як і польская вёска, стаяла перад невырашальнай праблемай «лішніх людзей», колькасць якіх усё больш павялічвалася ў сувязі з значным і сталым прыростам насельніцтва. Нават у малой вёсцы, як наша, было ля 20 чалавек «лішніх» маладых людзей, фактычна беспрацоўных, якія «елі бацькоўскі хлеб».

Наша вёска магла служыць адным з шматлікіх прыкладаў гэтай балючай праблемы. Моладзь расла, сталела, і кожны з маладых хацеў мець сваю сям’ю, сваю хату, сваю гаспадарку. Ды дзе было дзецца, што было дзяліць, дзе ўзяць лішні шнурок поля?

Падобнае становішча было па ўсёй нашай (ды не толькі нашай) вёсцы. Выхад быў адзін, і іншага было не відаць – трэба было купляць зямлю. І сяляне пачалі купляць яе ў суседніх паноў яшчэ ў канцы 20-х гадоў. І калі ў выніку эканамічнага крызісу 1929–1930 гадоў паны ўсё больш прадавалі зямлю, то сяляне з апошніх сілаў куплялі ўсё новыя дзесяціны і гектары. Ужо ў канцы 20-х гадоў сяляне купілі дзесяцін 15 камяністай і неўрадлівай зямлі ў суседняга пана Яна Чэчата.

У агульнай складанасці сяляне вёскі за дзесяцігоддзе (да 1938 г.) купілі больш як 55 гектараў зямлі. Амаль з усіх зямельных уладанняў памешчыкаў, што прымяжоўваліся да земляў вёскі, сяляне куплялі зямлю. Да ўспомненай раней «чачотаўшчыны» яны пазней прыкупілі ў таго ж Чэчата з дзесятак гектараў поля на «Камяніцы». Прадаў 15 гектараў «Ратаўкі» і пан Яблонскі. Гэта было таксама камяністае поле, заросшае хмызняком пасля таго, як яшчэ перад вайной тут быў высечаны стары, прыгожы і стройны хваёвы лес. Купілі сяляне таксама каля дзесяці гектараў казённай зямлі, дзе калісьці немцы высеклі лес, а за гадоў пятнаццаць здолеў густа ўзняцца, таўшчынёй з жэрдзе, асіннік. Старая назва гэтага кавалка поля – «Маргі» неяк зацерлася, і чамусьці яго сталі называць проста «Гектары». Апошняй купленай зямлёй быў кавалак «Хмялеўшчыны» (уласнасць пана Хмялеўскага), дзе яшчэ нядаўна, у палове 20-х гадоў, красаваўся прыгожы лес «Дубнік».

 Кастусь Томка, які не купляў «хмялеўшчыны», купіў гектар сенажаці ў «Барэйкаўшчыне» у пана Чэчата. Томка, Ясь Дубешка ды Кастусь Аліферка найбольш купілі зямлі, па шэсць гектараў кожны. Астатнія сяляне куплялі па два гектары, іншыя толькі па аднаму.

Куплянне зямлі стала непасільным цяжарам, які лажыўся на плечы сялян у міжваенныя гады пры поўным безграшоўі і, як бы сказалі цяпер, нерэнтабельнасці сялянскай гаспадаркі.

Ніхто не ведаў тады, што купляннем зямлі селянін толькі яшчэ больш павялічвае сваю нястачу і галечу і заціскае на сабе яшчэ большае ярмо непасільнай працы. Ды што было рабіць, калі не было ніякага прасвету, калі нават такі выдатны дзяржаўны дзеяч, былы прэм’ер і сялянскі лідэр пан Вінцэнты Вітас сумна прарочыў: «Panowie! Jest zle, a bеdzie gorzej».

Сёння разумны кожны, але дзе было ўзяць таго «розуму» селяніну тады, калі нават выдатныя эканамісты не маглі знайсці выхад з тупіка, у якім апынулася сельская гаспадарка, ды наогул уся буржуазная эканоміка, а радыкальная аграрная рэвалюцыя – калектывізацыя, праведзеная праз улады ў СССР у пачатку 30-х гадоў, прывяла да смерці мільёны сялян. У канцы ж 30-х гадоў з усходу і захаду выразна даносіўся злавесны помрук надыходзячай навальніцы – жудаснай вайны.

З успамінаў  Уладзіміра ТОМКА.

(Працяг будзе)

 

 

 



  • Мы в социальных сетях: