Наверх

Матывацыя працаваць

01.05.2013 428 Наш край

Сёлета Мірскай школе спаўняецца 35 гадоў. Па выніках конкурсу сярод устаноў адукацыі Баранавіцкага раёна за мінулы навучальны год школа заняла першае месца, таму  размова з дырэктарам Мірскай сярэдняй школы Аляксандрам Мікалаевічам Жуком невыпадковая, мае некалькі падстаў.

– Аляксандр Мікалаевіч, перамога  па выніках агляду-конкурсу сярод устаноў адукацыі – гэта дасягненне. Як вы сябе адчуваеце ў сувязі з гэтым?   

– Безумоўна, мне вельмі прыемна, што наша  школьная каманда так сябе праявіла.  Радасна  і за дзяцей, іх бацькоў, калег, бо толькі дружная супольная праца паспрыяла перамозе. Яшчэ больш прыемна, што за  першае месца мы атрымалі цудоўны прыз – інтэрактыўную дошку.

Аднак галоўнае для нас усё  ж такі  стабільная праца па вырашэнні галоўнай мэты школы – калі «здароўе і інтэлект дзіцяці прывядзе да здароўя і інтэлекту нацыі». Калектыў школы і я асабіста верым у развіццё беларускай нацыі, годнае сцвярджэнне яе сярод самых прагрэсіўных народаў свету.

– Мы ведаем, Аляксандр Мікалаевіч, што вы каля 10 гадоў кіруеце Мірскай школай, і гэта не першая ўзнагарода калектыву. Скажыце, калі ласка, ці лёгка знаходзіць для сябе штогод матывацыю працаваць на вынік?

– Я б адказаў словамі Рабіндраната Тагора: «…Мы пазнаём чалавека не па тым, што ён ведае, а па тым, чаму ён радуецца».

Радасць адкрыцця  чагосьці новага і нязведанага ў звыклым і паўсядзённым – вось наша задача. Так  сфарміраваліся і нашы традыцыі, сярод якіх вывучэнне гісторыі школы. Экспазіцыі кабінета гісторыі расказваюць пра першых педагогаў,  вучняў, дасягненні ўстановы на працягу 35 гадоў.

Прайдзіцеся па нашых калідорах, і вы даведаецеся пра пісьменнікаў Баранавіччыны,  пра залатых і срэбраных медалістаў, лепшых спартсменаў, пра тых педагогаў і вучняў, якімі ганарыцца школа. Несучы за плячыма вопыт пакаленняў, мы проста не маем права працаваць дрэнна.

– Сапраўды, дасягненні выхаванцаў вашай школы ў спорце, мастацкай самадзейнасці, адукацыйных праектах даволі значныя. Што, на вашу думку, спрыяе гэтаму?

– Мы шмат гаворым аб ролі педагога ў фарміраванні асобы дзіцяці. За свой  немалы педагагічны шлях неаднаразова ўпэўніваўся, што менавіта  асобы  рухаюць гісторыю, менавіта дзякуючы ім магчыма дасягнуць высокіх вынікаў. І калі я называю такіх педагогаў,  як В.Р.  Богуш, Л.Ю. Довят, Ж.С. Шуцьева, то адначасова  
ўспамінаю іх выхаванцаў –  пераможцаў раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў і конкурсаў – дзяцей, якія ўжо сёння дасягнулі пэўных вынікаў дзякуючы  працы сваёй і педагогаў. Працы, якая патрабуе шмат асабістага часу, вытрымкі, нават самаахвярнасці. Гледзячы на сваіх настаўнікаў,  выхаванцы ўпэўнена крочаць па жыцці, а мы,  калегі, ганарымся, што маем магчымасць працаваць побач з такімі людзьмі.

– Аляксандр Мікалаевіч, ніхто не аспрэчвае ролю асобы  ў  гісторыі, аднак дзяцей у школе нямала, і кожнае дзіця патрабуе ўвагі да сябе, асабістага падыходу.  Як гэта рэалізаваць на практыцы?

– Згодзен з гэтым, няпроста ўбачыць кожнага хлопчыка ці дзяўчынку, знайсці да іх падыход, бо дарослым заўсёды было цяжка зразумець дзяцей. Дарослы чалавек канчаткова сфарміраваўся, у яго ёсць свае штампы, стэрэатыпы ўспрыняцця: як, што ацэньваць. Як маленькае дзіця, якое ведае, што шафа ці стол могуць быць цвёрдымі. Хаця ёсць і мяккая мэбля…

Знаходзіць падыход да дзяцей нам, педагогам,  дапамагаюць  найперш бацькі. Намаганні бацькоў і настаўнікаў скіраваны на фарміраванне здаровага, выхаванага і адукаванага  чалавека. Мы дзейнічаем разам, таму і маем вынік. Дапамагае калектыву нашай школы і актыўная пазіцыя ўлады, раённага аддзела адукацыі, грамадскіх арганізацый, базавых прадпрыемстваў. 

– Зараз шмат ідзе размоў аб аптымізацыі ў сістэме адукацыі і магчымых зменах у Кодэксе аб ёй. Як вы асабіста і вашы калегі адносяцца да гэтых працэсаў?

– Час ідзе, усё мяняецца. Змены, безумоўна, патрэбныя. Асабліва гэта адчуваем мы ў сельскай мясцовасці, дзе працэс закрыцця вясковых школ абумоўлены дэмаграфічнай сітуацыяй. Але ўсё павінна праходзіць разумна і асцярожна. Мы можам па рознаму адносіцца да разнастайных сацыяльна-эканамічных фармацый, ідэалогій, якія панавалі ці пануюць у іх, але нязменным застаецца адно – чалавек, грамадства павінны развівацца і ісці наперад. Калі не будзе руху наперад, тады канец. Без школы як сацыяльнага інстытута і педагога, надзеленага пэўнымі ведамі і методыкай, грамадства існа-ваць і развівацца не можа.

 Хаця на сённяшні дзень у нашай сістэме больш пытанняў, чым адказаў.  Неабходна шырокая і свабодная пляцоўка для іх абмеркавання. Гэта прынясе карысць усім. Слава Богу, мы спакойная, талерантная і разумная нацыя. Упэўнены, што выйсце будзе знойдзена, і – самае галоўнае – на карысць усім! Але трэба шмат працаваць і меней  стагнаць.

– Дарэчы, калі будзе 35-годдзе школы? І як калектыў рыхтуецца адзначыць гэты юбілей?

– Школа адчыніла свае дзверы 28 жніўня 1978 года. Асноўныя ж мерапрыемствы  мяркуем правесці ў кастрычніку, як набярэ разбег новы навучальны год. Але рыхтавацца да юбілею пачалі загадзя: даўно распрацаваны  план-праект, у межах якога сустракаемся з былымі педагогамі, выпускнікамі, ствараем фільм.  Усе навіны размяшчаем на сайце нашай школы. Дарэчы, будзем  вельмі  рады ўбачыць  прапановы або заўвагі ўсіх зацікаўленых асоб на нашым электронным адрасе mir-baranovichi@open.by.

Нямала мерапрыемстваў  да 35-годдзя школы ўжо адбылося. На высокім узроўні ў маі мінулага года прайшоў спартыўны вечар «Каманда нашай маладосці», на якім прысутнічалі спартсмены-выпускнікі школы, работнікі агракамбіната «Мір», трэнеры. Дзякуючы падтрымцы аддзела па справах моладзі створаны фільм. Прызы і памятныя медалі выдзеліў і ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў старшыня райкома прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу А.Ф. Добыш.

Наш трыццаціпяцігадовы юбілей некаторым скептыкам, магчыма, падасца даволі сціплым, аднак 35 – гэта сталасць, сур’ёзнасць і адначасна маладосць і  энергічнасць. Гэтыя якасці  мы і хочам падкрэсліць у час святкавання.

– Аляксандр Мікалаевіч, а якія асабістыя планы на будучае?

– Наперадзе работа і падрыхтоўка да сустрэчы новых і новых пакаленняў школьнікаў, стварэнне умоў для плённай працы і адпачынку, радасць сустрэч з калегамі.

Я практычна падышоў да завяршэння сваёй педагагічнай практыкі. Дзесяцігадовы праект пад назвай «Мірская школа» для сябе лічу выкананым. Хочацца кардынальна памяняць від дзейнасці, засяродзіць свае намаганні на больш вузкім накірунку, а ў школе думаю саступіць дарогу больш маладым і  крэатыўным кіраўнікам.



  • Мы в социальных сетях: