Наверх

Людзі, слухайце, чуйце, людзі! (+ фота)

27.06.2014 432 Наш край

У ноч на 27 чэрвеня 1944 года, калі ўжо набліжалася Савецкая Армія і несла вызваленне нашаму краю, пад дуламі зброі вязні Калдычэўскага лагера смерці выкапалі магілу-роў. І ў тую ж ноч усе яны – звыш тысячы чалавек – былі расстраляны.

У гэты ж дзень, толькі праз 70 год, у Міхнаўскім лесе побач з вёскай Арабаўшчына каля  мемарыяльнага комплекса «Сцяна плачу» адбыўся мітынг-рэквіем, прысвечаны памяці загінуўшых.

Калдычэўскі лагер смерці – адно з 260 месцаў масавага знішчэння людзей на Беларусі. А ўвогуле на гэтай фабрыцы смерці за ваенны час фашысты і іх прыспешнікі знішчылі 22 тысячы чалавек: яўрэяў, палякаў, беларусаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей.

Сёння на ўскрайку лесу, дзе месціцца мемарыяльны комплекс, паспелі суніцы, па зямлі поўзаюць мурашы, на лузе сохне сена, а навокал квітнее-красуе летняе хараство.

– Такім жа быў гэты дзень і 70 год таму, – успамінае старшыня Баранавіцкай асацыяцыі былых няпоўналетніх вязняў фашызму Яніна Дзем’янец. – Нас тут было 8 чалавек з сям’і. Мне толькі споўнілася 4 гады, брату – 3, а бацькоў нашых тут расстралялі. Паліцаі не толькі расстрэльвалі, але яшчэ і прыдумлялі розныя здзекі… Хачу звярнуцца да ўсіх людзей, каб больш не дазвалялі разгарацца войнам.

– Некалі аўтар праекта гэтага мемарыяльнага комплекса, ваш зямляк, які нарадзіўся ў Гарадзішчы, Іосіф Ліхута прынёс да нас рукапіс пра ахвяр Калдычэва, каб мы яго дапамаглі надрукаваць, – уступіў у размову старшыня грамадскага аб’яднання  «Саюз палякаў на Беларусі» Мечыслаў Лысы. – Дзяўчына­-сакратарка, якую мы папрасілі выканаць гэту просьбу, не магла друкаваць – плакала…

– З 1976 года я працаваў навуковым супрацоўнікам краязнаўчага музея, –  падзяліўся ўспамінамі ветэран Вялікай Айчыннай вайны і Узброеных Сіл Аляксей Пуставітоўскі. – Тады я ўпершыню пазнаёміўся з дакументальнымі сведчаннямі злачынстваў фашысцкіх захопнікаў на нашай зямлі, у тым ліку і ў Калдычэўскім лагеры смерці. Я не мог спаць начамі – так было страшна… Важна, каб мы памяталі пра гэтыя падзеі. Ведаючы мінулае, можна даць ацэнку і таму, што цяпер робіцца на Украіне. Там Захад выхаваў новае пакаленне ў варожасці да другіх нацыянальнасцей. Яны і раздзіраюць краіну-суседку. Мы павінны рабіць усё для таго, каб мінулае не паўтарылася…

«Калі кажуць, што попел маўчыць – не верце. Не маўчыць і пад нагамі жвір…» – гучаць галасы вучняў Арабаўшчынскай базавай школы на мітынгу-рэквіему, які адкрыў уступным словам намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Сліва.

– Сёлета спаўняецца 70 год з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, – сказаў ён. – Памяць пра Вялікую Айчынную вайну перадаецца з пакалення ў пакаленне, пераходзіць ад сэрца да сэрца. Сведчаннем таму служыць і мемарыяльны комплекс, які ўвекавечыў памяць вязняў Калдычэўскага лагера смерці.

«Людзей аб’ядноўвае не тая кроў, што цячэ ў жылах, а тая, што цячэ з жыл», – такая агульная думка ўсіх, хто выступіў на мітынгу каля мемарыяльнага комплекса  «Сцяна плачу». І агульная памінальная малітва вернікаў трох канфесій – праваслаўных, католікаў, іудзееў – аб’яднала боль памяці пра загінуўшых у Калдычэўскім лагеры смерці і Міхнаўскім лесе іх бацькоў, братоў, сясцёр, родзічаў. І кожная травінка на лузе, кожны лісточак на дрэве нясуць гэты боль да нябёсаў.



  • Мы в социальных сетях: