Мой знаёмы Уладзімір Чуйко, жыхар Івацэвічаў і родам з вёскі Вялікая Гаць, аднойчы расказаў мне аб тым, як ягоная бабуля Таццяна ў час вайны знайшла ў лесе пяцігадовага хлопчыка.
А справа была так. З прыходам немцаў у Вялікую Гаць частка сялян пакінула свае хаты, некаторыя пасяліліся ў лесе, у тых глухіх кутках, дзе б іх не знайшлі акупанты. Так зрабілі Іван і Таццяна Чуйко. Іх зямлянка знаходзілася ў лесе на грудку за балотам, бліжэй да Бабровіцкага возера. Разам з імі была іх пяцігадовая дачка.
На другі год вайны летам Іван Чуйко накіраваўся да сваёй хаты ў Вялікую Гаць, каб узяць што-небудзь
з адзення і харчоў. Аказалася, што ў ягонай хаце жывуць немцы. Тут Івана схапілі і разам з іншымі маладымі людзьмі адправілі на прымусовыя работы ў Германію. Таццяна засталася з дачкой у зямлянцы. І ўжо ўсе клопаты пра харчы, адзенне і дровы ляглі на плечы ёй адной.
15 верасня 1942 года нямецкія карнікі спалілі разам з людзьмі навакольныя вёскі Вяда, Тупічыцы, Бабровічы, Тулашын… Праз два дні пасля гэтай трагічнай падзеі Таццяна Чуйко вырашыла схадзіць на лясныя хутары, каб нешта прыдбаць з прадуктаў, бо набліжаліся халады. Ідучы па лясной сцежцы, яна ўбачыла, што пад хвояй сядзіць хлопчык і, наплакаўшыся, толькі ўсхліпвае. Забрала яго з сабой. Яму было не больш як пяць гадоў. Гадавала яго разам са сваёй дачкой да вызвалення раёна ад гітлераўцаў.
Па словах Уладзіміра Чуйко, той знойдзены хлапчук жыве зараз у вёсцы Козікі, чацвёртая ці пятая хата справа, калі ўязджаць у вёску з боку Івацэвічаў. Завуць яго Пятро. Я паспрабаваў даведацца, хто ж ён насамрэч. Мясцовы, ніякі не сірата – Пятро Антонавіч Краўчэня. Тут яго карані і дзядоўскія, і бацькоўскія. Так што версія Уладзіміра Чуйко, на жаль, адразу адпала. А на змену ёй прыйшла другая, найбольш верагодная ці праўдападобная.
Пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў усіх сіратаў аддавалі, як правіла, у дзіцячыя дамы ў Целеханах, Косаве і інш. Куды аддалі таго хлопчыка, невядома. Як сказалі мне старажылы з Вялікай Гаці, Бабровічаў і Козікаў, пра аднаго з іх яны трохі помняць. Ён, маўляў, самастойна выбіўся ў людзі і працаваў машыністам паравоза ў Баранавічах, нават быў дэпутатам. Хто ён?
Спадзяючыся на ўдачу, я патэлефанаваў у архіў Баранавіцкага аддзялення чыгункі. Мне пашанцавала патрапіць на ўважлівую і добрасумленную работніцу Людмілу Анатольеўну Пупко. Яна зразумела мяне з паўслова. Нягледзячы на сваю занятасць, адшукала асабістую справу магчымага нашага земляка. Ім аказаўся Анатоль Пятровіч Горбач, 1927 года нараджэння, ураджэнец вёскі Бабровічы, спаленай нямецкімі карнікамі ў верасні 1942 года.
Але па ўзросту гэта быў не той пяцігадовы хлапчук, якога ўвосень 1942 года знайшла ў лесе бабуля Уладзіміра Чуйко. Аб яго лёсе мы пакуль што нічога не ведаем. Але спадзяёмся, што, можа быць, хтосьці, прачытаўшы гэты артыкул, адгукнецца, і мы ў хуткім часе даведаемся пра лёс яшчэ аднаго чалавека з вогненнай вёскі.
Такім чынам, шукаючы аднаго земляка, мы натрапілі на след другога. І гэта добра, што пошукі не былі дарэмнымі. Ужо сёння мы ведаем лёс Анатоля Пятровіча Горбача з вёскі Бабровічы, які стаў гордасцю нашых землякоў.
Бабровічы – вёска на беразе Бабровіцкага возера. Да вайны ў ёй было 164 двары і 707 жыхароў. У верасні 1942 года фашысты загубілі 676 жыхароў і спалілі ўсе двары. У ліку загінуўшых была і сям’я Пятра Горбача.
У той вераснёўскі дзень, калі вёску акружылі карнікі, браты Коля і Толік Горбачы пасвілі кароў воддаль сяла. Хлапчукі чулі стрэлы і людское галашэнне, бачылі пылаючыя хаты і хлявы. Напалоханыя, яны разбегліся ў розныя бакі, хаваючыся ў густым хмызняку, бо нямецкія кулі даставалі і сюды. Толік начаваў тады ў капне сена ля балота, а Коля – невядома дзе. А назаўтра Толік накіраваўся ў вёску, да сваёй хаты. На папялішчы яшчэ дыміліся галавешкі. Знайшоў невялікі гарнец з соллю, які невядома як уцалеў. Доўга ся-
дзеў ля папялішча і плакаў. Не ведаў, куды падацца. Нідзе ніводнай душы. І брат Коля, як назло, недзе прапаў.
– Хадзем са мной, – пачуўся за спіной мужчынскі голас. – Тутака ўжо
нічагуткі не выплачаш…
Толік азірнуўся. Перад ім стаяў стары мужык у нейкім паношаным пінжачку, з кіем у руцэ і з твару як быццам бы знаёмы.
– Я тутэйшы, – працягваў той дзед. – Заві мяне Іванам. У мяне таксама нікога не засталося. А тваіх пабілі і спалілі – матку Васілісу, айчыма твайго Мікалая і яшчэ чатырох малых дзяцей.
Дзед Іван расказаў, як ён застаўся жывым. Дзень назад ён з суседам вяртаўся з Выганашчаў у Бабровічы. Выязджаючы з лесу, ледзь не натыкнуліся на нямецкае ачапленне. Скочылі з воза і пабеглі ў кусты. Па іх стралялі. Суседа забілі, а дзеду Івану ўдалося ўцячы і схавацца ў балоце.
Пасяліліся дзед Іван і Толік у невялікай хатцы-развалюсе на ўскраўку лесу. Хатку падрамантавалі, як маглі, нарыхтавалі дроў. А карміліся, як кажуць, што Бог пасылаў. Тут і дачакаліся вызвалення. А неўзабаве Толіка забралі адсюль – па вёсках і лясных хутарах ездзілі так званыя купцы і набіралі маладых хлопцаў, у большасці з ліку сіратаў, на вучобу ў школу ФЗА. Толік не хацеў туды ісці, але дзед угаварыў яго. Так Анатолій Горбач з двухкласнай адукацыяй стаў навучэнцам школы ФЗА № 37 у Лунінцы. А ўжо ў 1946 годзе яго накіравалі на працу ў лакаматыўнае
дэпо ў Баранавічах.
Пачынаў Анатоль Горбач свой самастойны працоўны шлях слесарам-рамонтнікам. Як кажуць тыя, хто меў з ім зносіны, гэта быў сціплы і прыстойны чалавек, выдатны спецыяліст і вельмі добры па сваім характары. Баранавічы сталі для Анатолія Пятровіча месцам пастаяннага жыхарства і працы. Тут ён ажаніўся, атрымаў кватэру.
Не забываў Горбач сваю малую радзіму. Першы раз прыехаў, каб неяк вырабіць дакументы, бо нават метрыкаў не меў. Спярша запісалі год нара джэння 1930, а потым ужо 1927. Няпроста ўсё давялося адшукваць. Пазней, ужо ў 60-х гадах, аб’явіўся брат Мікалай. Таксама доўгі час жыў без дакументаў. Па словах Міхаіла Рыгоравіча Дылюка (жыве зараз у вёсцы Стайкі Івацэвіцкага раёна), дваюраднага брата Анатолія Пятровіча, ён прыязджаў з Расіі, бываў у Бабровічах, якія, дарэчы, пасля вайны аднавіліся, і ў свайго брата ў Баранавічах. Тады і стала вядома, што пасля вайны Мікалай знаходзіўся ў дзіцячым доме. Як трапіў у Расію, не расказваў. Там ажаніўся, там яго сям’я. У апошнія гады сувязь з Мікалаем наогул згубілася.
Дзед Іван, які ў час вайны даў прытулак Анатолію, таксама прыязджаў у Баранавічы. Гэта ён расказваў пра ваенныя гады і пра жыццё пасля вызвалення. Анатолій Пятровіч у сваю чаргу не любіў успамінаць. Гэта, відаць, было балюча для яго, бо ў дзяцінстве застаўся сіратой і ўжо ягоная будучыня зусім не была акрэсленай, а ўсё далейшае жыццё залежала толькі ад яго аднаго.
Працуючы, Анатоль скончыў сярэднюю школу і ўжо сур’ёзна падумваў аб прафесіі машыніста паравоза. Ён разумеў, што яго могуць не адпусціць на вучобу, бо прафесіянальнымі рамонт нікамі становяцца не за адзін дзень. Такія работнікі на вагу золата ў дэпо. З другога боку – выдатны слесар-рамонтнік без усялякага сумнення будзе высокага класа машыніст паравоза. Хто найбольш дасканала ведаў чыгуначную тэхніку ў лакаматыўным дэпо? Вядома, слесар-рамонтнік Горбач. Таму і не сталі пярэчыць ягонаму намеру.
Курсы скончаны. Спярша, як і патрабавалася, ён папрацаваў памочнікам машыніста, а потым і сам сеў за штурвал. І ўжо ў яго, Анатолія Пятровіча, вучыліся майстэрству. Не адзін дзесятак навічкоў прайшоў, так бы мовіць, праз яго школу.
Аўтарытэт Горбача-чыгуначніка, Горбача-чалавека рос з кожным годам. Таму невыпадкова яму надалі званне Ганаровага чыгуначніка, а ў 70-х гадах абралі дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР. Ён узнагароджаны ордэнамі Леніна, «Знак Пашаны», шматлікімі граматамі.
Анатолій Пятровіч разам з жонкай Зінаідай Паўлаўнай выгадавалі двух дзяцей – дачку Галіну і сына Уладзіміра. Яны даўно маюць свае сем’і. Уладзімір, як і ягоныя бацькі, працуе чыгуначнікам. Павел, сын Уладзіміра, працуе памочнікам машыніста электравоза ў Баранавічах.
На жаль, Анатолія Пятровіча Горбача, нашага знакамітага земляка, не стала чатыры гады таму. Памёр ён на 81-м годзе жыцця. Але ўсё, што звязана з ім, берагуць ягоныя жонка Зінаіда Паўлаўна, дзеці, унукі і праўнукі. Яны па праву ганарацца сваім мужам, бацькам і дзедам. А мы, яго землякі, маем гонар далучыцца да гэтага і сказаць, перафразіраваўшы словы вядомага паэта: вялікая слава такім выдатным працаўнікам, якія былі, ёсць і, я веру ў гэта, заўсёды будуць у нашай цудоўнай Беларусі.