Наверх

Каравай на белым абрусе

20.11.2012 490 Наш край

На раённыя ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню сельскай гаспадаркі і пераапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплекса, у пасёлак Мір сабраліся людзі, улюбёныя ў сваю працу, у родную зямельку.

Як толькі свята працаўнікоў вёскі набрала разгон, стала шкада дзяўчат ў нацыянальных касцюмах, якія ледзь паспявалі выносіць на сцэну граматы, падарункі, кветкі пераможцам раённага спаборніцтва на сяўбе, жніве, вырошчванні цукровых буракоў, лёну, падрыхтоўцы глебы пад новы ўраджай… 

Пераможцаў было многа, бо сёлетнія дасягненні нашага раёна ўражваюць – не выпадкова па вытворчасці збожжа ён у чарговы раз стаў першым у краіне ад Брэсцкай вобласці, што адзначыў у сваім дакладзе выконваючы абавязкі старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Палуян. А дэлегацыя нашага раёна на рэспубліканскіх дажынках была адной з самых вялікіх – 23 чалавекі, 10 з якіх атрымалі узнагароды з рук Прэзідэнта краіны за першыя месцы ў рэспубліканскім спаборніцтве на жніве. Значна большай была дэлегацыя раёна на абласных дажынках. А яшчэ больш было пераможцаў раённага спаборніцтва, якія называліся на свяце ў пасёлку Мір. Дарэчы, імёны ўсіх пераможцаў рэспубліканскага, абласнога і раённага спаборніцтва мы друкавалі ў выпуску газеты за мінулы
чацвер.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Дзядовіч павіншаваў усіх прысутных са святам і пажадаў, каб наступны год таксама быў «на радасць усім нам».

Віктар Дзічкоўскі, старшыня гарвыканкама, падзякаваў вяскоўцаў за тое, што ў нашых людзей ёсць і хлеб і да хлеба, уручыў прывітальны адрас ад імя выканаўчага камітэта і гарадскога Савета дэпутатаў, а таксама граматы гарвыканкама. За адданасць працы і яе высокую эфектыўнасць, якасць і канкурэнтаздольнасць прадукцыі ўзнагароды атрымалі калектывы камбіната хлебапрадуктаў (генеральны дырэктар Н.В. Манько), птушкафабрыкі «Дружба» (генеральны дырэктар В.П. Маркевіч), СВК «Крошын» (старшыня У.Д. Шчарбацэвіч), СВК «Берасні» (старшыня Н.А. Ягорава), фермерскай гаспадаркі «Фартуна» (глава гаспадаркі С.М. Матус).

Дырэктар абласной дзяржаўнай інспекцыі па каранціну і ахове раслін Уладзімір Сенчук заўважыў, што сёлета Баранавіцкі раён атрымаў такую прыбаўку збожжа ў параўнанні з мінулым годам, як у цэлым атрымаў увесь Ганцавіцкі раён. І ўручыў Ганаровыя граматы камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама галоўнаму інжынеру СВК «Берасні» Аляксандру Несцяровічу, аператару свінагадоўчых ферм комплекса па вытворчасці свініны «Усходні» ААТ «Баранавічхлебапрадукт» Наталлі Сурма, начальніку цэха па вытворчасці сыру малочнага камбіната Святлане Дзевяткінай.

Сказаўшы словы падзякі віноўнікам свята, старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў, член аблвыканкама Мікалай Басалай зазначыў:

– Сёлета споўнілася 20 год Усеагульнай канфедэрацыі прафсаюзаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў. І хацелася б пачаць з уручэння незвычайнай узнагароды – граматы Усеагульнай канфедэрацыі прафсаюзаў, якой удастоены старшыня Баранавіцкага раённага камітэта прафсаюза аграпрамысловага комплекса Аляксей Добыш.

Не засталіся без высокіх прафсаюзных узнагарод і іншыя сельскія працаўнікі раёна. Ганаровай граматай Беларускага рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў АПК узнагароджаны намеснік старшыні па раслінаводству СВК «Крошын» Васіль Жалнерчук і галоўны аграном СВК «Берасні» Уладзімір Сільчанка. 

Дыпломаў абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК і камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама удастоены малочна-таварная ферма «Данейкі» СВК «Зарэчанскі» (загадчыца фермы А.З. Заблоцкая), жывёлагадоўчы комплекс «Люшнева» Баранавіцкай птушкафабрыкі (старшыня прафкама Л.І. Пінігіна), птушкаплемрэпрадуктар вёскі Дзераўная птушкафабрыкі «Дружба» (начальнік В.Я. Грыцкевіч).

Ганаровыя граматы абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК атрымалі намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце, старшыня прафкама СВК «Берасні» В.В. Дзякоўскі, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце, старшыня прафкама ТАА «АграСервісСтандарт» А.М. Параскевіч, галоўны бухгалтар агракамбіната «Мір» Т.І. Папко, упраўляючы 4-га вытворчага ўчастка агракамбіната «Мір» А.А. Сакалоўскі, аператар машыннага даення фермы «Вызарок» птушкафабрыкі «Дружба»
І.А. Руцкая.

Адкрытае акцыянернае таварыства «Уцёс» (дырэктар У.А. Дваракоўскі, старшыня прафкама Г.М. Кавальчук) узнагароджана дыпломам раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання і раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК – за добрую бульбу. Такіх жа ўзнагарод удастоены СВК «Крошын» (старшыня У.Д. Шчарбацэвіч, намеснік старшыні па раслінаводству В.С. Жалнерчук) – за высокі ўзровень тэхналогіі вытворчасці збожжавых, Баранавіцкая птушкафабрыка (дырэктар Я.М. Хілько, галоўны аграном А.С. Панчкоўскі) – за высокія паказчыкі пры вытворчасці масланасення рапсу і сялянска-фермерская гаспадарка «Фартуна-Агра» (глава гаспадаркі Г.А. Матус) – за вытворчасць і рэалізацыю гародніны.

Больш за дваццаць спецыялістаў розных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, арганізацый атрымалі Ганаровыя граматы упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і раённага камітэта прафсаюза АПК.

 22 маладыя спецыялісты сёлета прыйшло ў сельскагаспадарчую вытворчасць раёна. Іх таксама выклікалі на сцэну Дома культуры пасёлка Мір як пераймальнікаў пераможнай эстафеты сельскіх працаўнікоў раёна і ўручылі сувеніры ад райкама прафсаюза работнікаў АПК. «Старэйшае пакаленне дасягнула еўрапейскіх вынікаў у сельгасвытворчасці, – адзначыў, уручаючы сувеніры, Аляксей Добыш, – а вы павінны пераўзыйсці іх. Так што пускайце свае карані на баранавіцкай зямлі».

Ад імя раённай арганізацыі рэспубліканскага аб’яднання «Белая Русь» павіншавала працаўнікоў вёскі яе старшыня Ніна Навумчык і ўручыла прэміі самым актыўным членам арганізацыі.

З віншаваннямі і падарункамі на свята прыйшлі і іншыя госці: дырэктар малочнага камбіната В.І. Ракуць, намеснік генеральнага дырэктара камбіната хлебапрадуктаў І.В. Каркоцкая, дырэктар хлебазавода У.І. Кур’ян, дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраха па гораду Баранавічы і раёну А.У. Кузьміна, дырэктар філіяла «Беларусбанка» А.Ф. Навіцкі, упраўляючы аддзялення «Белаграпрамбанка» М.К. Мохарь, рэктар БарДУ В.І. Качурка, протаіерэй Аляксандр Дзічкоўскі, настаяцель Свята-Пакроўскага храма горада Баранавічы, благачынны Баранавіцкай акругі.

Напрыканцы ўрачыстага пасяджэння падводзіліся вынікі агляду-конкурсу на лепшы каравай сярод сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна, што зрабіць было, па словах Аляксея Добыша, вельмі цяжка. І ўсё ж прызы ад райкома прафсаюза работнікаў АПК – мікрахвалявыя печы – ён уручыў птушкафабрыцы «Дружба», СВК «Берасні» і ААТ «Уцёс».

Не засталіся без караваеў, выпечаных з важкага ўраджаю сёлетняга года, і госці свята сельскіх працаўнікоў.

А канцэрт самадзейных артыстаў раёна, які завяршыў свята, быў агульнай узнагародай для ўсіх яго удзельнікаў.



  • Мы в социальных сетях: