Наверх

«Гісторык – гэта энцыклапедыст!»

17.01.2014 323 Наш край
Ірына Дубейка больш за дваццаць год выкладае гісторыю і грамадазнаўства ў Жамчужненскай сярэдняй школе.

 
Чытачам газеты яна вядомая як аўтар даследаванняў пра сляды Першай сусветнай вайны на баранавіцкай зямлі (серыя матэрыялаў «Забытая война»), а таксама пра абарончыя баі 1941 года ў нашым краі («Прапушчаны ўдар»). Па выніках штогадовага раённага конкурсу, што ладзіўся ў канцы снежня мінулага года, Ірына Іосіфаўна стала «Настаўнікам года – 2013». Краязнаўства, гісторыя, медыцына, свет паэзіі – субяседніца распавяла «Нк» пра разнастайнасць уласных інтарэсаў.
   
 
І маладосць не скончыцца,
Бо вучні не дадуць.
Калі адкрыццяў хочацца,
Яны ў паход вядуць.
Заўсёды будзеш прыкладам
І ў працы, і ў жыцці.
Табе імя вялікае
Настаўніка далі.
 
Пасля заканчэння гістарычнага факультэта БДУ я пачала працаваць у Вялікай Сваротве, потым перайшла ў Жамчужненскую школу. Выбар прафесіі дапамог мне зрабіць прыклад маёй матулі – настаўніцы пачатковых класаў Скробаўскай васьмігадовай школы. Яна ўсё жыццё аддала школе, была ўлюбёная ў тое, чым займалася. У нашай сям’і, увогуле, шмат настаўнікаў – маі цёця, стрыечная сястра, пляменніца, мой муж, дырэктар школы. 
 
Бацькоўскі дом – жыцця апора,
Дзе ўсё мы ведалі і ўсё маглі,
Дзе заўтра пачыналася ўчора,
Дзе фота нас малымі збераглі.
 
Конкурс «Настаўнік года» – гэта падвядзенне вынікаў усёй настаўніцкай дзейнасці, завяршэнне доўгага шляху да настаўніцкага Алімпа. На гэтым шляху былі авалоданне педагагічнымі тэхналогіямі, пошук новых падыходаў да выкладання гісторыі, знаёмства з перадавым педагагічным вопытам калег, выпрацоўка цікавых ідэй. А таксама пастаянная праца над сабой, пашырэнне ведаў, накапленне вопыту. 
 
Значную частку свайго жыцця я прысвяціла даследаванню гісторыі малой радзімы. Калі была вучаніцай, пастаянна збірала краязнаўчую інфармацыю. Настаўніцай я пачала арганізоўваць экскурсіі для вучняў, вывучаць месцы жыцця славутых людзей, месцы ваенных дзеянняў, археалагічную спадчыну, архітэктуру Баранавіцкага раёна. Падчас экскурсій мы з вучнямі збіралі фотаматэрыялы, занатоўвалі звесткі пра помнікі, знакавыя месцы, збіралі ўспаміны мясцовых жыхароў.
 
Праабражэнскімі назвалі храмы
І ў цэнтры велічна іх ўзвялі.
І ўсе дарогі цяпер прама
Да храмаў жыхароў вялі.
Званамі клічуць праваслаўныя,
У касцёл завуць каталікі.
І назаўжды два храмы слаўныя
Застылі побач на вякі.
Падзеі розныя мінаюць,
Старэюць людзі і дамы.
А храмы Мыш аберагаюць
Вякамі з даўняй даўніны.
 
Частка маіх фотаздымкаў знаходзіцца на школьных інфармацыйных стэндах па гісторыі Бацькаўшчыны, выкарыстана ў афармленні вучэбных кабінетаў. Дастатковая база ведаў дазволіла нам з вучнямі прыняць удзел у шматлікіх конкурсах. На аснове накопленых матэрыялаў у Жамчужненскай школе афармляю гістарычны музей. Таксама аформіла кабінеты па гісторыі і краязнаўству. 
 
Настаўнік гісторыі павінен быць энцыклапедыстам, таму што ён ахоплівае адразу пяць алімпіядных прадметаў: асновы права, грамадазнаўства, краязнаўства, гісторыю Беларусі і сусветную гісторыю. Работа з адоранымі вучнямі, падрыхтоўка іх да алімпіяд і тэсціравання – яшчэ адзін значны аспект маёй працы. Вельмі цяжка знайсці матываванага вучня па гісторыі. Часцей дзеці выбіраюць матэматыку, англійскую мову. 
 
Для таго, каб займацца больш паспяховай дзейнасцю ў гэтым накірунку, я стала вывучаць прыёмы работы з развіццём памяці школьнікаў. Гэта і правядзенне дыягностыкі, і вызначэнне відаў памяці навучэнцаў, і стварэнне базы даных аб развіцці памяці, і накапленне парад вучням для развіцця памяці на даты, запамінання гістарычных асоб і фактаў, і прымяненне трэнінгаў на ўроках. 
 
Асобна я вылучаю напісанне даследчых кніг. Іх у мяне дзве – «Трагедыя 1941 года пад Баранавічамі» і «Забытая война». Зацікавілася гэтымі тэмамі пасля выступлення адной з настаўніц, якая апавядала, што на інтэрнэт-рэсурсе «Мемарыял» сабраны даныя аб тых, хто загінуў і прапаў без вестак у гады Вялікай Айчыннай. Вырашыла арганізаваць пошук – і прапала! Фактычна за два гады напісала дзве кніжкі. У мяне не было ніводнага выхаднога, пасля работы – за камп’ютар. Бывала, сядзіш да чатырох раніцы, а ў восем пачынаецца ўрок. Мая задача – расказаць жыхарам раёна аб цікавых старонках мінулага краю, пакінуць нашчадкам успаміны відавочцаў, удзельнікаў тых падзей, сабраць фотадакументы. 
 
Усё было: і паніка, і здрада,
Лавіны адступаючых і страх.
А подзвіг безыменнага салдата
Заўсёды застаецца ў вяках.
Калі адчай і цяжар давяць плечы,
Калі не ведама, хто тут чужы, хто свой,
Калі і ваяваць было ўжо нечым,
У атаку падымаецца герой.
У атаку, са штыком – на танкі,
У апошні бой вядзе байцоў камбат.
І вось ужо пад марш славянкі
Ў гісторыю ўрываецца салдат.
 
Тэма 1941 года доўгі час была забароненай у гісторыі. У крыніцах ёсць шмат інфармацыі пра партызанскі рух, вызваленне Баранавіцкага краю, а пра першыя дні вайны амаль нічога не напісана. А між іншым, наступленне ворага пад Баранавічамі стрымлівалі тры дні! Пошукі вяла ў краязнаўчым музеі, цэнтральнай гарадской бібліятэцы, інтэрнэце, шукала ўспаміны мясцовых жыхароў. У «Нк» друкаваліся фрагменты, кніжка больш змястоўная, глыбокая. І праца па гэтай тэме дасюль для мяне не скончана.
Першая сусветная вайна зацікавіла таму, што маё дзяцінства прайшло ў Скробава. Гэтыя акопы, доты, што раскіданы вакол вёскі, уздзейнічалі на ўяўленне. Мне хацелася даведацца, што тут адбывалася.
 
Дагарэлі зарніцы ваенных кастроў.
Памяць ніці збірае мінулых гадоў
Па акопах, па дотах, што моўчкі стаяць,
Па магілах, дзе мужныя воіны спяць.
 
Пра гісторыю Першай сусветнай вайны на Баранавіцкай зямлі знайшла шмат унікальнага матэрыялу – успаміны і больш за 400 фотаздымкаў. Дарэчы, па тэме «Першая сусветная вайна» ў школьных падручніках толькі адзін параграф, і баявым дзеянням у ім прысвечаны маленькі пункцік. Кастрычніцкая рэвалюцыя забараніла нам ведаць пра гэтую вайну, якая лічылася імперыялістычнай, ганебнай, была выціснута з народнай памяці. Відаць таму ў беларускай гістарычнай навуцы да гэтага часу няма сталай школы па Першай сусветнай вайне. Вывучаюцца толькі яе фрагменты. Але ж вельмі хочацца, каб у Беларусі і за мяжой ведалі не толькі пра Нарач, Свянцяны, Смаргонь, але і пра Скробава, Сталовічы. 
 
Наогул, ці можна пісаць пра вайну, мінаючы герояў? Таму я вышуквала і састаўляла спісы Георгіеўскіх кавалераў, якія ваявалі пад Баранавічамі. Магчыма, калі б не паражэнне рускай арміі на баранавіцкай зямлі, не было б кастрычніцкага перавароту і гісторыя мела б іншы кірунак. 
 
У «Нк» таксама будуць надрукаваны толькі фрагменты кнігі «Забытая вайна». Засталося знайсці спонсараў для выдання кніг. 
 
Хобі ў маім жыцці было і ёсць вельмі многа. Я цікаўлюся медыцынаю. Часам адчуваю, што чалавеку баліць. Крыху пішу вершы ў якасці віншаванняў, да сцэнарыяў школьных мерапрыемстваў, дзеля душы. Калі я вучылася яшчэ ў пятым класе, быў упершыню надрукаваны ў часопісе «Бярозка» мой верш «Хатынь». 
 
У студэнцкія гады актыўна падарожнічала, ездзіла на міжнародныя канферэнцыі ў Казань, Сімферопаль. Тады мы, рамантыкі, шукалі Атлантыду. Па сёння мяне цікавяць загадкі Космасу, гісторыяметрыя А. Чыжэўскага. 
 
Некаторы час заўзята займалася вязаннем. Магла любы ўзор вывязаць. Дарэчы, частка маіх работ была прадстаўлена на конкурсе «Настаўнік года».
Многа часу прысвячаю духоўнаму жыццю. Веру ў Бога і лічу, што без самаўдасканалення чалавек не можа рэалізаваць сябе цалкам. 
 
Мне не хапае музычнай адукацыі, бо, бывае, прыходзіць на розум прыгожая мелодыя, а запісаць яе не ўмею. Тым не менш, напісала некалькі тэкстаў песень для Навамышскай музычнай школы і калектыву В.І. Болбат. Наогул, магу напісаць словы на любую музыку.
 
Да таго ж, я – дачка, жонка, матуля, бабуля. Родным і блізкім я прысвячаю вялікую частку жыцця. 
 
Хочацца, каб на нашай зямлі было больш людзей, якія б захоўвалі гістарычнае мінулае, былі патрыётамі Бацькаўшчыны, цанілі свой край і прыкладалі намаганні для яго росквіту. Дзеля гэтага і працую.
 
У маёй Беларусі – светлыя вочы,
У маёй Беларусі – празрыстыя ночы.
А мова ільецца чысцюткай ракой,
На сэрца кладзецца дзівосны пакой.
Спявайце прыгожыя песні, спявайце,
Старонку бацькоўскую зноў услаўляйце!
 

P.S. У тэксце выкарыстаны вершаваныя радкі Ірыны Дубейкі. 



  • Мы в социальных сетях: