Наверх

Дзень моўнай прыгажосці

25.09.2013 541 Наш край

Кожнаму з нас лёс адводзіць свой зямны куточак, дае ў бясцэнны дар жыццё, непаўторную матчыну ласку, святое адчуванне ўласнай годнасці, родную мову.

Каб упэўніцца ў прыгажосці, шчырасці і вобразнасці  беларускага слова, Баранавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка запрасіла ўсіх жадаючых адкрыць кнігу паэзіі ў Дзень моўнай прыгажосці.

«Добры дзень!»  – ветлівае прывітанне гучала для кожнага, хто наведаў бібліятэку.

Вабіла зрок творча арганізаваная кніжная выстава «Адкрытая кніга паэзіі», а слых – хвалюючае чытанне вершаў славутых паэтаў.

Адбылася шчырая размова, прагучалі разважанні, успаміны.

З гонарам распавядала Лёнгіна Прыгодзіч, як у далёкім 1971 годзе,  пры паступленні ў вышэйшую навучальную ўстанову,  атрымала выдатныя адзнакі на  ўступных экзаменах па беларускай мове і літаратуры, а экзаменатарам быў брат Аркадзя Куляшова.

Састраўчук Надзея  прыгадала пра  падзеі маладосці, калі давялося працаваць у Расіі, дзе яе ўсе прасілі размаўляць па-беларуску, такой прыгожай ім чулася беларуская мова.

Галіна Карпук звярнула ўвагу на тое, як пранікнёна гучыць прыемнае, выразнае беларускае слова ў касцёльнай пропаведзі.

І ўсе з задавальненнем выказалі свае адносіны да беларускай мовы ў «Кнізе гонару за беларускую мову». Хтосьці дзякаваў за магчымасць чуць беларускую мову ў бібліятэцы, касцёле, у размове паміж людзьмі,  хтосьці старанна запісаў уразіўшыя радкі прачытанага верша, здзіўляючыся паэтычнай прыгажосці, дзякуючы продкам за моўную спадчыну. Дзячылі і бібліятэку за справу папулярызацыі роднага слова. Было і шчырае здзіўленне: «Як жа не любіць беларускую мову? Яна ж для нас самая лепшая!».

Бібліятэка спадзяецца, што кола прыхільнікаў беларускай мовы і нацыянальнай літаратуры пашырыцца, а значыць, новыя чытачы стануць удзельнікамі рэспубліканскай акцыі «Чытаем па-беларуску». І гэта будзе наш сумесны крок у тую будучыню, дзе ў беларусаў ёсць свой, не згублены ў вірлівым свеце твар.

Мы, сучаснікі, адказныя сёння за тое, каб захаваць і перадаць роднае слова нашым дзецям.



  • Мы в социальных сетях: