Наверх

Доўгая дарога дадому…

13.07.2013 415 Наш край

Бязлітасна бягуць гадзіны, дні, гады. Ад іх нам застаюцца толькі ўспаміны – светлыя, шчымлівыя і зрэдку балючыя. Мы вырастаем, заканчваем школы і інстытуты. Пакідаем бацькоўскі дом спачатку з лёгкасцю, бо імкнёмся да новага і нязведанага, пасля сумуем і шкадуем, што прыязджаем дадому не часта. А што ж дома? Ці чакаюць? Што змянілася?

Так склалася, што пасля навучання ў сталічным універсітэце я вярнулася працаваць у родны Баранавіцкі раён. Пяць гадоў мінскага жыцця праляцелі весела і імгненна. Кожны раз прыязджаючы на машыне ў родную вёску, мала заўважала, што змянілася. I вось аднойчы давялося мне пешшу ісці з аўтобуснага прыпынку два кіламетры да роднай вёскі Ялуцавічы. Здавалася, дарога доўгая, але…

Вось тут на паляне пры ляску мы адзначалі дні нараджэння. А на гэтым полі плённа працавалі з бацькамі, суседзямі, сябрамі на сенакосе. Якое шчасце гэта было! I водар сухой травы дагэтуль у памяці.

Ой, па правай абочыне выраслі тры дрэвы! Вялікія ўжо.

Іду далей. Вецярок даносіць да майго слыху нейкі дзіўны незвычайны шоргат. Падыходжу да павароту і бачу: наша ўсімі любімая баба Нюра хуценька перабірае нагамі, некуды спяшаецца. Спыняецца і пытае:

– А ты да каго, дзіцятка,

ідзеш? Да Волі? А, Галька, гэта ж ты!

Мой наступны аб’ект успамінаў – лавачка каля Ленчынага дому. Колькі ж вечароў мы тут правялі разам! 3 горада сябры прыязджалі, збіраліся ўсе мясцовыя. Смешныя і страшныя гісторыі расказвалі мы тут.

Шмат моладзі было раней у вёсцы. Разам спраўлялі вяселлі, ладзілі свята вёскі. А чым цяпер жывуць мае вяскоўцы? Адказваю за іх: штодзённаю працаю і чаканнем дзяцей з гораду. Сумна ад гэтага становіцца. Магчыма, проста вырасла маё пакаленне. Я і мае сяброўкі ўжо сталі мамамі і маюць рэдкую магчымасць прывезці сваіх дзяцей да баць-
коў. А я хачу сказаць, што трэба прывозіць, і найчасцей прывозіць. Каб пасябравалі новыя дзеці, каб і яны гэтак жа працавалі і адпачывалі разам. Каб і ў іх былі свае светлыя ўспаміны, сваё сапраўднае вясковае дзяцінства. Каб не забывалі родную вёску!

Мала прыезджых, але мала і жыхароў засталося. Калі прасачыць за дынамікай росту насельніцтва нашай вёскі, то яна, на жаль, будзе адмоўнай. 3 ранейшых 86 хат жылымі засталіся толькі 20.

Выходжу на родную вуліцу. Яна такая ж, як і была. Знаёмае буслінае гняздо каля хаты, а ў ім малыя бусляняты. Паветра такое ж свежае, насычанае водарам палявых кветак. Адзінае не змянілася – Радзіма мая.



  • Мы в социальных сетях: