Пакупнікі кніжнай крамы па вуліцы Савецкай цікавяцца Напалеонам Ордам.
Увесь год тут працуе выстава-продаж кніг беларускіх выдавецтваў. Сярод аўтараў – класікі айчыннай літаратуры, маладыя таленты, мясцовыя пісьменнікі. Акрамя мастацкай літаратуры на паліцах лёгка знайсці шыкоўныя даведнікі і энцыклапедыі па фальклору, гісторыі, мастацтву. Напрыклад, фотаальбом з рэпрадукцыямі графічных работ Напалеона Орды, які сярод пакупнікоў карыстаецца вялікім попытам. Альбо падарункавае выданне «Беларусь. Зямля песняроў», прысвечанае родным мясцінам Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Госці Баранавіч з ахвотай набываюць каляровыя паштоўкі з выявамі гарадоў і мястэчак Беларусі. Аматараў гістарычных даследаванняў прываблівае серыя «Неизвестная история» выдавецтва «Харвест». Бацькі купляюць казкі.
Прыемна, што кніжныя навінкі прыцягваюць увагу не толькі сталых людзей, але і моладзі. Школьнікі актыўна купляюць творы Мележа, Шамякіна, Багдановіча. Юнакі і дзяўчаты набываюць зборнікі вершаў і прозу сучасных літаратараў. І гэта яшчэ адзін аргумент супраць міфу пра занядбанасць друкаванай кнігі.