Наверх

Бабуліна споведзь

17.12.2012 400 Наш край

Праз некалькі месяцаў скончу сярэднюю школу. «А што будзе далей, калі пайду на свой хлеб? – не пакідаюць часта мяне думкі. – Горад, незнаёмыя людзі, а бацькі далёка. Мабыць, цяжка будзе? Але ж трэба неяк  жыць…».

Нярэдка даводзіцца чуць, што наша сучасная моладзь не такая самастойная, як была раней, нават паўстагоддзя назад. А чым жа менавіта яна адрозніваецца ад пакалення нашых бацькоў, бабуль, дзядуль? З такім пытаннем я звярнулася да сваёй бабулі, якая размяняла ўжо свой восьмы дзесятак гадоў. І вось што пачула ў адказ.

– Правільна кажуць, мая ўнучка, – не такая ў большасці сваёй наша моладзь, не такая, – задумалася бабуля. – У нашай сям’і расло дзесяць дзяцей. Я была з іх самай малодшай. Вайны не памятаю, але і без яе жылося вельмі цяжка. Мае старэйшыя сёстры ткалі кросны, пралі кудзелю. Замест пустышак давалі немаўлятам пажаваны хлеб, загорнуты ў марлю. Хаты былі тады без падлогі – слалі замест яе салому. Фіранак ніякіх таксама не мелі – на вокны вешалі газеты ці паперу. А крыху пазней фіранкі замянілі бінтамі ці марляй, на якіх рабіліся грэбнямі розныя мастацкія ўзоры…

Калі мне споўнілася год дзесяць, я ўжо працавала ў адной жанчыны. Дапамагала ёй мыць падлогу, сцены, выконвала іншыя нескладаныя гаспадарчыя работы, а яна за гэта давала мне тоненькі блінчык з мёдам. Для мяне гэта было сапраўднае свята, бо нават бульбы ў нашай сям’і часам не хапала.

– Цяжка жылі, мая ўнучка, вельмі цяжка, – уздыхнула бабуля, акунаючыся глыбей у гады свайго далёкага дзяцінства. – Дзеці ў 9–11 год ужо пасвілі кароў. Каб зарабіць  пуд жыта, трэба было працаваць сем месяцаў. І ніхто не скардзіўся на свой лёс. 

Калі ўжо старэйшай крыху стала, паехала я праваць на тарфяны завод у Нясвіж. Спала і марыла купіць сабе якое-небудзь паліто ці сукенку. А потым тут, у Колбавічах, на цагельным заводзе давялося працаваць. Вазілі на цялежках цэглу. А калі-нікалі мы з сяброўкай рабілі сечку з саломы, пхалі яе ў мяхі і санкамі вязлі за 12 кіламетраў на базар у Лясную. За гэта атрымоўвалі  тры рублі, а на адзін рубель тады можна было набыць 6–7 булак хлеба.

– У маім юнацтве, – працягвае споведзь бабуля, – дзеці жылі заўсёды пры бацьках і працавалі ў вёсцы на адным узроўні з дарослымі. Мы з татам жыта жалі, малолі, сена касілі, а потым яго на лодках вазілі, бо расло ў балоце. А ў школу хадзілі пешшу за 6 кіламетраў, а на ўсіх дзяцей былі толькі адны боты. Маці на ўсю сям’ю варыла 15-літровы чыгун лебяды ці крапівы. І заўсёды ела апошняй, ажно чыгунок паскрабе, калі што ў ім застанецца. А бацька наш быў занадта строгі. Бывала, пакуль ён не паесць, ніхто за стол не сядзе – пабойваліся мы яго. Але ж, – усміхнулася бабуля, – моладзі нашага часу весела было, жылі дружна і дзяліліся апошнім. Бралі гармоніка – і па вёсцы. Збіраліся ў каго-небудзь у хаце і заводзілі песні, танцавалі. А ў мяне нават зімой не было ботаў, і на спатканні я бегала ў нейкіх тоненькіх туфельках.

– А як жа, скажы, бабуля, ты сваіх дзяцей потым выхоўвала? – запыталася я. – Пэўна ж, крыху лягчэй тады жылося?

– Не намнога. Першыя мае дзеці – Барыс і Ларыса – былі двайняткамі. Я іх з сабою на работу брала. Працавала і гадавала іх адначасова. А на дзяцей тады толькі чатыры  рублі плацілі, і дэкрэтаў ніякіх не было. Два месяцы споўнілася немаўляці – ідзі працаваць, калі хочаш, каб капейка на хлеб была. Дзед твой, Гаўрыіл Васільевіч, рабіў у меліярацыі, на трактары. Ад цямна да цямна – трэба было ўсюды паспець, бо ў нашай сям’і яшчэ трое дзетак нарадзілася: сын Вася, дачка Жана і малодшы сынок Міша. 

Жана і Ларыса раслі спакойныя, як звычайныя  дзяўчынкі. Старэйшая заўсёды нейкія цацкі рабіла, кветкі збірала. Барыс таксама быў ціхі, нават сам засынаў, калі гуляў дзе ў пясочку ці браціка калыхаў. Бегаў з аднагодкамі па вёсцы з пісталетамі драўлянымі – у вайну гулялі. Васіль быў больш сур’ёзны, з дзяўчаткамі любіў пагуляць. А вось Міша быў гультаяваты, непаслухмяны. Усе дзеці ідуць у школу, і ён ідзе, але не на вучобу, а да сяброў – залезуць на печ і гуляюць у карты. А як усе са школы вяртаюцца, то і ён тут як тут.

Усе з цягам часу закончылі сярэднюю школу. Барыс сёння робіць на заводзе, старэйшая дачка – гадзіннікавы майстар, сярэдні сын працуе  лясніком, Жана – медсястра. А малодшы, Міхаіл,  кладзе плітку ў кватэрах, тынкуе сцены – вывучыўся гэтаму рамяству ў будаўнічым вучылішчы. Паважаюць яго людзі за спрытную работу і добрасумленнасць. Хоць і гультаяваты быў у дзяцінстве, але сёння і кватэру, і машыну мае – гаспадар! Усе дзеці, акрамя Васіля, які застаўся ў Колбавічах, жывуць у Баранавічах. Дружныя, сябруюць сем’ямі і прыязджаюць да нас з дзедам ў госці…

Мая бабуля ўзнагароджана медалём мацярынства. Раней працавала дэпутатам мясцовага сельсавета. Сёння яна мае 13 унукаў і 2 праўнучкі.

Слухала сваю бабулю і сама зразумела, у чым галоўнае адрозненне нашых пакаленняў. А яна нібы пацвердзіла маю выснову: «Цяпер моладзь да працы ставіцца з пагардай ці з прахалодай, ёй хочацца ўсяго многа і адразу. А ў наш час было інакш: як бацькі загадаюць, так і будзе. І ніхто не пярэчыў. Зусім па-іншаму было…»

Было над чым задумацца пасля гутаркі з бабуляй. Сёння мы маем усе ўмовы, каб атрымаць вышэйшую адукацыю, наладзіць добрае і забяспечанае жыццё. Няма неабходнасці ні сена касіць, ні жыта жаць. Толькі не лянуйся! Але, на жаль, і гэтая задача для многіх маладых людзей здаецца вельмі цяжкай.



  • Мы в социальных сетях: