Наверх

Аб Радзіме сваёй спяваю…

06.04.2013 392 Наш край

Мой чароўны край! Мая зямля, пранізаная болемі горыччу, смуткам і радасцю… Як важна любіць цябе, жыць, бачыць, што ты квітнееш, расцеші прыгажэеш. Як прыемна адчуваць дыханне тваіх лясоў, бачыць празрыстасць тваіх рэк, атрымліваць асалоду ад водару тваіх кветак… Пагляджу на цябе, Зямля мая, дакрануся да цябе 
і адчую бясконцасць твайго існавання.

Я жыву ў адным з найпрыгажэйшых жывапісных куткоў маёй Радзімы – у вёсцы Малая Сваротва. Вёсачка мае насычаную гісторыю. Існуе шматлікая колькасць легенд аб яе ваколіцах. Не магу не падзяліцца самымі цікавымі і каларытнымі.

Кажуць, што назва вёскі Малая Сваротва ўзнікла ад таго, што ў ёй было вельмі шмат «малых сваротваў», гэта значыць маленькіх паваротаў, завулкаў.

А гэта легенда  пра вёску Андрэеўцы. Калісьці па адным з беларускіх шляхоў ехаў князь Андрэй. Так здарылася, што згубіў ён на гэтай дарозе пярсцёнак, вельмі дарагі яго сэрцу. Не мог князь паехаць далей без пярсцёнка, і загадаў сваім падначаленым пабудаваць невялікія хаты, у якіх яны будуць жыць,
 пакуль не знойдуць каштоўнасць свайго князя. Доўга шукалі пярсцёнак, але так і не знайшлі. На месцы таго невялікага паселішча і ўзнікла вёска.

Хачу расказаць і аб адным таемным возеры, якое ляжыць паміж Малой Сваротвай і Андрэеўцамі.

Задоўга да ўзнікнення вёсак паміж імі утварылася возера з вельмі чыстай, празрыстай вадой. І кожны чалавек, які праходзіў міма, не мог утрымацца, каб не напіцца вады з яго і паглядзецца, нібы ў люстэрка. Аднойчы ў спякотны час праходзіла каля возера жанчына з двума маленькімі дзецьмі. Дзеці стаміліся ў дарозе і захацелі напіцца вады. Хаця жанчына ведала, што пра гэтае чароўнае возера ходзяць жудасныя чуткі, усё ж не ўтрымалася і дазволіла ім напіцца. Пасля таго, як дзеці дакрануліся да вады, пачуліся ўдары грому, бліснула маланка. Навальніца скончылася, але змораныя дзеці заснулі разам са сваёй маці. Расплюшчыўшы вочы, жанчына не ўбачыла побач сваіх дзяцей, бо іх назаўсёды забрала возера. Толькі глуха з вады даносіліся словы: «ратуй, ратуй…» Зразумеўшы, што дзяцей не вярнуць, жанчына вымавіла: «Паніква, Паніква, каб ты знікла!» З тае пары на возеры Паніква нічога не расце, а трава, на якую капалі слёзы жанчыны, стала ружовага колеру.

Вось такімі легендамі насычаны мой чароўны беларускі край. І колькасць іх на маёй зямлі незлічоная.



  • Мы в социальных сетях: