Наверх

Знакамітыя землякі Баранавіччыны. Кнігавыдавец Іван Федаровіч з Петкавічаў

20.02.2018 759 Наш край

6 жніўня споўнілася 500 гадоў як Францыск Скарына выдаў у Празе першую кнігу «Псалтыр» на старабеларускай мове. Каму неабыякава культура роднага краю і яе набыткі ў галіне слоўнага мастацтва, літаратурная скарбонка «Нк» прапануе пазнаёміцца з пісьменнікамі Баранавіцкага раёна і іх творчасцю, пачынаючы з сярэднявечча да сённяшняга часу, убачыць цэласную карціну літаратурнага жыцця горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна ў разрэзе стагоддзяў.

Сёння мы раскажам пра Івана Федаровіча, нашага земляка, які нарадзіўся каля 1510 года ў вёсцы Петкавічы.

Вялікае княства Літоўскае ў ХVІ ст. вызначалася высокай культурай кнігадрукавання, асновы якога заклаў вялікі Францішак Скарына, даўшы ў 1517 годзе не толькі беларусам, але і ўсім усходнім славянам першую друкаваную кнігу. У 1564 годзе ў Маскве Іван Федаровіч, якога ў Расіі называюць Фёдаравым, і Пётр Мсціславец надрукавалі першую кнігу – «Апостал», якая вызначалася высокім мастацкім узроўнем.

Нядаўна было дакладна ўстаноўлена, што Іван Федаровіч – наш зямляк. Кнігавыдавец з Петкавічаў атрымаў добрую адукацыю. Ён вучыўся ў Кракаве ў знакамітым Ягелонскім універсітэце, там, дзе і Францыск Скарына. Імя нашага земляка захавалася ў спісе абітурыентаў, каму ў гэтай навучальнай установе прысуджалася ступень бакалаўра ці магістра. Іван Федаровіч дасканала валодаў грэчаскай і лацінскай мовамі, быў дасведчаны ў еўрапейскай кнігавыдавецкай справе, у мастацкім аздабленні друкаваных выданняў.

На жаль, пакуль што застаецца фактычна недаследаваным перыяд жыцця Івана Федаровіча ад нараджэння да 1563 года, калі яны з Пятром Мсціслаўцам па даручэнні цара Івана ІV Грознага і мітрапаліта Макарыя стварылі ў Маскве друкарню. Праз год тут была надрукавана ўпершыню ў Расіі кніга «Апостал» на рускім варыянце стараславянскай мовы. У 1565 годзе з іх друкарні выйшла кніга «Часоўнік», якая выкарыстоўвалася для навучання і выхавання. Аднак у хуткім часе сітуацыя ў Маскве для плённай друкарскай працы змянілася ў горшы бок. Нашых землякоў абвінавацілі ў ерасі, і яны, каб застацца жывымі, вярнуліся на радзіму. У Вільні іх чакаў зычлівы прыём з боку вялікага князя і караля, а таксама паноў-рада. Гетман Р.А. Хадкевіч запрасіў іх да сябе ў Заблудава на Беласточчыне і прапанаваў ім выдаць «Евангелле вучыцельнае» па-беларуску. Гэтая задума Р. Хадкевіча не была рэалізавана, бо супраць выступіла артадаксальнае духавенства.

Кніга пабачыла свет у 1569 годзе, але на стараславянскай мове. Праз год у Заблудаве была надрукавана «Псалтыр з Часаслоўцам». Нечакана захварэў мецэнат і фундатар Івана Федаровіча і Пятра Мсціслаўца гетман Хадкевіч, пагоршыліся і яго фінансавыя справы. Кнігавыданне ў Заблудаве прыпынілася. Іван Федаровіч накіроўваецца ў Львоў, там засноўвае першую ва Украіне друкарню. У 1574 годзе ў ёй выдае зноў «Апостал». Гэтае выданне не паўтарала маскоўскае. Яно было дапоўнена ўступам і заключэннем, новым ілюстрацыйным матэрыялам. У Львове Іван Федаровіч надрукаваў яшчэ і «Азбуку» – першы падручнік для дзяцей па навучанні грамаце.

Наш зямляк быў заўважаны Канстанцінам Астрожскім, які ў сваім маёнтку групаваў адукаваных і таленавітых людзей. У Астрогу разгарнулася далейшая выдавецкая дзейнасць Івана Федаровіча. Тут у 1578 годзе ён выдае яшчэ раз «Азбуку», дапоўніўшы яе грэка-славянскімі тэкстамі, каб дапамагчы дзецям авалодаць грэчаскай мовай. Дзякуючы Івану Федаровічу ў 1580 годзе пабачыў свет першы ўсходнеславянскі каляндар і першы асобна выдадзены твор беларускай паэзіі «Храналогія» Андрэя Рымшы.

Інтэнсіўная дзейнасць Івана Федаровіча ў Астрогу спыняецца. Ён вяртаецца ў Львоў з намерам адчыніць тут сваю друкарню. Грошы спадзяваўся атрымаць за вынаходства – шматствольную гармату, прамаці знакамітай «Кацюшы» часоў Вялікай Айчыннай вайны. На радзіме пакупнікоў не знайшлося. І кнігавыдавец з Петкавічаў накіраваўся са сваім вынаходствам у Заходнюю Еўропу. Пабываў у Кракаве, Вене, магчыма, Дрэздэне. Ці ўдалося Івану Федаровічу выгадна збыць сваю шматствольную гармату і сабраць патрэбную для друкарскай справы суму грошай, невядома. У 1583 годзе ён вярнуўся ў Львоў, захварэў і ў тым самым годзе
памёр. Тут быў і пахаваны. Дзейнасць нашага земляка, кнігавыдаўца і асветніка Івана Федаровіча ўшанавана ў Маскве і ва Украіне.

Анатоль КРЭЙДЗІЧ, намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі.

На радзіме праз стагоддзі

Сёння малая радзіма Івана Федаровіча – вёска Петкавічы – уваходзіць у склад Крошынскага сельсавета, знаходзіцца за 40 км ад Баранавічаў. Тут пражывае 277 чалавек, мясцовыя жыхары ў асноўным працуюць у ААТ «Крошын». Цэнтр культурнага жыцця вёскі – бібліятэка-клуб, якая месціцца ў адным будынку з паштовым аддзяленнем. Сюды наведваюцца жыхары вёскі, забягаюць дзеці. Тут мы пазнаёміліся з загадчыкам бібліятэкай-клубам Галінай Корсак, якая расказала пра ўсё, што звязана з імем знакамітага земляка ў вёсцы.– Сёння дакладна ніхто не можа сказаць, дзе хаця б прыблізна магла знаходзіцца сядзіба знакамітага земляка. Колькі часу мінула! – разважае Галіна Леанідаўна. – Няма памятнай шыльды, ні адна з нямногіх вясковых вуліц не носіць яго імя.

Адзінае, што захоўвае памяць пра Івана Федаровіча на яго малой радзіме – старонкі ў папцы з матэрыяламі пра вёску ды яшчэ гонар мясцовых жыхароў за славутага земляка.

– Думаю, у Петкавічах усе ведаюць, што наша вёска – радзіма Івана Федаровіча, мясцовыя жыхары гэтым ганарацца, – расказала ў паштовым аддзяленні Людміла. – Гэты факт робіць вёску вядомай, як і постаць зубра, што разме-шчана на трасе М1 якраз побач з Петкавічамі і нават відаць з цэнтральнай вуліцы.

– Пра вядомага нашага земляка ў вёсцы загаварылі ў жніўні 1996 года, тады ў газеце «Наш край» выйшаў артыкул Міхася Берната «Першадрукар Масковіі – родам з Петкавічаў?», – уводзіць у курс справы загадчык бібліятэкай-клубам Галіна Корсак. – Пазней, 2 сакавіка 2004 года, у газеце «Наш край» мы зноў убачылі артыкул пра сваю вёску і пра нашага земляка «Іван Фёдараў з Петкавіч», яго аўтарам быў кандыдат філалагічных навук Уладзімір Замкавец.

Менавіта гэтыя газетныя артыкулы і захоўваюцца сёння ў папцы пра вёску Петкавічы ў мясцовай бібліятэцы-клубе.

Таццяна КАРПІК.
Фота аўтара.



  • Мы в социальных сетях: