Наверх

Яго Палессе

25.07.2013 496 Наш край

Пранікнёныя вобразы беларускай вёскі прадстаўлены ў экспазіцыі Юрыя Сергіенкі «Мой родны кут».

Гэта першая выстава мастака ў Баранавічах. Юрый Пятровіч родам з Гомельшчыны, але ў маленстве разам з бацькамі пераехаў у Столін. Урокі малюнку і жывапісу атрымаў у студыі Юстафа Высоцкага, а таксама ў маскоўскім народным універсітэце мастацтва імя Н. Крупскай. А экспанаваць палотны пачаў ужо ў 11-гадовым узросце. Больш за дваццаць год Сергіенка працаваў мастаком у столінскім Доме культуры, некаторы час узначальваў студыю выяўленчага мастацтва на малой радзіме. Там жа адчынена і карцінная галерэя мастака. 

Сёння член Саюза мастакоў Беларусі, ён прыйшоў у прафесійнае мастацтва з сама-дзейнай творчасці. За колькі дзясяткаў год выпрацаваў уласную тэхніку пісьма – малы мазок. Дэтальна напісаныя сялянскія хаты, маляўнічыя палескія краявіды, нацюрморты з букетамі палявых кветак. У карцінах – прыгажосць любага сэрцу краю, простая, без рэжучай вочы раскошы, а таму – сапраўдная. Даўгія сцябліны рагозу вецер схіляе долу, буслы клапоцяцца аб дзетках на дрэве ў двары ля старой хаты, сялянка паклала стомленыя працавітыя рукі на калені, а за яе спінай каласіцца жыта…. Каля васьмідзесяці работ адлюстроўваюць адметнае ў будзённым жыцці вёскі і змену адвечнага цыкла вясна, лета, восень, зіма.

Сярод шматлікіх вёсак Баранавіцкага краю жывапісец абраў Стайкі як прыродную майстэрню. Два гады ён працаваў тут над палотнамі, якія зараз уключаны ў экспазіцыю. Тут жа – Столін, Віцебск.

Акрамя жывапісу, Юрый Сергіенка захапляецца драўлянай скульптурай. Болей за 30 яго работ упрыгожваюць населеныя пункты Столін-шчыны.

Творца лічыць, што карціну можна напісаць і за адну га-дзіну. Але галоўнае – правільна абраная тэма, яе раскрыццё на палатне. А яшчэ – якасць,
а не колькасць. У рабоце, па словах мастака, яму вельмі дапамагае жонка Яўгенія Максімаўна. Дзякуючы ў тым ліку ёй, адзначыў ён, і адбылася выстава. 

Да 25 жніўня адкрыць для сябе родную старонку Юрыя Сергіенкі можа кожны наведвальнік выставачнай залы краязнаўчага музея.



  • Мы в социальных сетях: