У Баранавіцкім раённым Цэнтры рамёстваў адбылося адкрыццё персанальнай выставы майстра з вёскі Моўчадзь па вышыўцы крыжыкам і бісерам Клаўдзіі Іванаўны Сцефановіч.
На выставе прадстаўлена некалькі дзясяткаў работ: вельмі шмат абразоў, рушнікоў, вышытых сурвэтак, дэкаратыўных падушачак, карцін з выявамі прыгожых кветак і нават гігіенічных ільняных масак з бусламі і арнаментам.
Вельмі сімвалічна, што адкрыццё выставы адбылося ў вялікае свята – Благавешчанне. І першымі наведвальнікамі выставы сталі жыхары Русіно, якія звярталіся з царкоўнай службы.
Некалькі слоў пра аўтара работ, прадстаўленых у экспазіцыі. Клаўдзія Іванаўна Сцефановіч нарадзілася ў 1940 годзе ў мястэчку Моўчадзь. Першыя гады яе дзяцінства прыйшліся на ваенную пару. Разам з дарослымі дзяўчынцы давялося зведаць увесь яе цяжар.
У 1947 годзе яна пайшла ў першы клас Маўчадскай сярэдняй школы. Падчас вучобы актыўна ўдзельнічала ў культурным жыцці ўстановы, займалася ў гуртках мастацкай самадзейнасці. Ад сваёй матулі навучылася шыць адзенне, а ад старэйшых дзяўчат – вышываць.
Пасля заканчэння 10 класаў Клаўдзія Іванаўна займалася шыццём на даму. Пазней працавала касірам у Маўчадскім сельпо, потым эканамістам, бухгалтарам. З 1971 года і да выхаду на заслужаны адпачынак у 1995 годзе займала пасаду бухгалтара калгаса “Зара камунізма”.
Пасля выхаду на пенсію з’явілася больш часу для любімага занятку – вышыўкі крыжыкам і бісерам. Свае работы Клаўдзія Іванаўна з задавальненнем дорыць родным і знаёмым. А сям’я ў Клаўдзіі Іванаўны вялікая: два сыны і дачка, сямёра ўнукаў і 10 праўнукаў.
За апошнія 20 гадоў Клаўдзія Іванаўна не раз ўдзельнічала ў раённых, абласных і рэспубліканскіх выставах. Мае мноства лістоў падзякі і грамат за актыўны ўдзел у захаванні традыцый і сваю творчую дзейнасць.
Выстава будзе экспанавацца ў Баранавіцкім раённым Цэнтры рамёстваў (аграгарадок Русіно) да 20 красавіка. Паспейце наведаць!
Алена РАКУЦЬ
Фота – Баранавіцкі раённы Цэнтр рамёстваў