Наверх

Вёска Ягадная адзначыла 220-годдзе

10.09.2018 445 Наш край

Ёсць у Баранавіцкім раёне вёска Ягадная (старая назва – Блошна)… Зусім звычайная вёсачка, але вельмі ганарацца яе жыхары сваімі прыгожымі лясамі, сваёй рэчкай, сваім мінулым.

Ягадная, можна сказаць, маладая вёска, першыя ўспаміны аб ёй сустракаюцца ў дакументах за 1798 год, а сёлета вёска адзначае 220-й год. Прыемна завітаць у Ягадную, падыхаць свежым паветрам, пагутарыць з гасціннымі жыхарамі. Тут можна нават у будні дзень трапіць на імправізаваныя вячоркі, дзе гучаць душэўныя гутаркі і старыя песні, ў якіх сум і радасць, расповяд пра цэлы жаночы лёс.

Ляўкевіч Ганна Віктараўна 1936 года нараджэння ‒ самая галасістая ўдзельніца калектыву. Яна ведае незлічоную колькасць песень і выконвае іх разам са сваёй пявучай вясковай сямейкай ў складзе Вялічка Марыі Уладзіміраўны, Клімко Аляксандры Станіславаўны, Ляўкевіч Дануты Марцінаўны, Койпаш Ганны Мікалаеўны. На вялікі жаль, ужо не стала таленавітай, вясёлай, энергічнай Койпаш Мальвіны Станіславаўны.

Вілента Алена Казіміраўна, дырэктар Перхавіцкага ЦКіНТ, заўзяты фалькларыст, апантаны культработнік, разам з удзельнікамі фальклорных калектываў вёсак Перхавічы і Ягаднай ў 2016 годзе была запрошана Дзяржаўнай акадэміяй музыкі ў Мінск на Міжнародныя навуковыя чытанні памяці Л.С.Мухарынскай ‒ для ўдзелу ў музычна-этнаграфічным канцэрце.У 2017 годзе гэтыя ж фальклорныя калектывы удзельнічалі ў абрадзе “Зажынкі”, раённым свяце фальклору “Напевы зямлі маёй”.

Негледзячы на тое што ў кожнай хаце сення ёсць і тэлефон, і тэлевізар, а ў многіх і інтэрнэт, – жыхары нашых вёсачак рады прыняць кожнага чалавека, бо жывыя зносіны цэняцца даражэй за золата. І менавіта ад нашых бабулек мы даведваемся пра нашу спадчыну, пераймаем і зберагаем яе.

Фальклорная экспедыцыя, якая ладзілася ў чэрвені ў вёску Ягадная, мела свае цудоўныя вынікі. Паважаныя старэйшыя артысткі танчылі, спявалі, успаміналі, якая радасная і жыццёсцвярджаючая была іх маладосць. Вочы пры гэтым у іх ажывіліся, і пацякла цікавая размова. А хлопцы і дзяўчаты, удзельнікі ўзорнага ансамбля танца “Мацейка”, якія прыехалі пераняць мясцовы фальклор, зацікаўлена і паважліва слухалі, назіралі, а часам уключаліся ў танцавальны падкіндэс ‒ і круціліся разам малы і стары, былое і сучаснае у адным дыханні і рытму сардэц.

Баранавіцкая раённая клубная сістэма.



  • Мы в социальных сетях: