Наверх

Вядомы мастак Баранавiч адзначае 80-гадовы юбiлей

20.08.2016 380 Наш край

3Даўно выспявала думка расказаць пра мастака з Баранавіч Іосіфа Адамавіча Галяка. Не только таму, што ўжо дзесяткі гадоў ён служыць мастацтву, што патрабуе ад гэтага творцы вялікага напружання, самазабыўнай працы.

Але і таму, што нягледзячы на ўсе складанасці жыцця ў мастацкай правінцыі, удалечыні ад спакуслівых культурных цэнтраў, мастакоўскага асяроддзя, Іосіф Адамавіч не здрадзіў сваёй справе, шукаў, прабіваў, церабіў свой шлях да тайнаў высокага мастацтва. І спазнаў, што яно – гэта не той час, які траціцца на стварэнне эскіза ці карціны, не лёгкі поспех, а паўсядзённы цяжкі працэс.

А тут і повад сустрэцца наспеў – 17 жніўня мастаку споўнілася 80 гадоў.

А тэлефон Іосіфа Адамавіча не адказваў амаль тыдзень.

– Ездзіў на эцюды, а тэлефон пакінуў дома, – патлумачыў ён.

Старэйшы мастак Баранавіч Іосіф Галяк вядомы як майстар лірычнага пейзажу, тэматычнай карціны, нацюрморту. Апантанасць прыгажосцю свету, захопленасць жыццём дыктуюць мастаку форму і змест твораў, у якіх вызначаюцца знешняя выразнасць і прастата матываў, свежасць каларыту і паэтычнае пранікненне ў стан прыроды.

Калі я дажыў да пенсійнага ўзросту – і пачалося… Павышаная патрабавальнасць да сябе, пакутлівыя сумненні ў творчасці, усведамленне імкліва бягучага часу… Проста разгубленасць хлапчука, які на базары згубіў сваю маму…

У 90-я і да нядаўняга часу Іосіф Адамавіч штогод выязжаў на пленэры ў Германію, Італію, Францыю, Бельгію, Аўстрыю, Польшу… Іншаземцы заказвалі мастаку ў асноўным партрэты. Але ў яго ёсць свой недатыкальны запас, свая паўнаводная рака, з якой ён чэрпае асабістае натхненне, – родная прырода.

Таму на юбілейнай выставе, якая адкрылася ў дзень нараджэння мастака ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя В. Таўлая, прадстаўлены ва ўсёй красе чатыры пары года – дзесяткі карцін, створаных у розныя гады. І некалькі работ з серыі, якую Іосіф Адамавіч умоўна назваў «Адтуль».

Гэта творы філасофскія: роздум пра соцыум, вечнасць, жыццёвыя памылкі. І больш глыбокія, як гаворыць мастак, чым «лужок-беражок». Вось і атрымліваецца, што творца, узіраючыся ў твар Прыроды, бачыць перад сабой мірыяды масак, якія бясконца мяняюцца: то смяюцца, то плачуць, то спяваюць, то спакушаюць. А ён усё спрабуе зазірнуць пад такую маску з надзеяй наблізіцца да Яе Вялікасці – Прыгажосці. Кіруючыся пры гэтым выказваннем Поля Валеры: «Жывапісец павінен адлюстроўваць не тое, што ён бачыць, але тое, што будзе ўбачана».

– Чым больш ты прыкладаеш намаганняў, чым мацней воля да працы, тым больш яскрава асэнсоўваеш, як знікае гэты міраж пад назвай майстэрства і дасканаласць, якім няма межаў, – зрабіў выснову мастак.

Тры мары было ў жыцці Іосіфа Галяка: стаць мастаком, зрабіць выставу сваіх твораў і каб людзі пасля гэтага сказалі, што ён жыў і працаваў не дарэмна. Пра гэта марыў, калі вучыўся на цесляра ў школе фабрычна-завадскога навучання ў Архангельскай вобласці, у Таржокскім індустрыяльным тэхнікуме Калінінскай вобласці, калі выкладаў будаўнічыя прафесіі ў рамесным вучылішчы на Сахаліне, чарчэнне і маляванне ў школах Баранавіч. Стаў бліжэй да мэты пасля заканчэння аддзялення жывапісу ўніверсітэта імя Крупскай у Маскве.

Ён стаў мастаком. У яго было шмат выстаў і ў родным горадзе, і за яго межамі. А юбілейную выставу ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя В. Таўлая Іосіф Адамавіч хоча зрабіць у нейкай ступені дабрачыннай: частку карцін выставіць на продаж, а грошы за іх аддаць ці на лячэнне дзяцей, ці на будаўніцтва праваслаўнага храма ў Баранавічах, ці яшчэ на якія пільныя людскія патрэбы.

Калі ў Баранавічах праходзяць святы, вы абавязкова можаце сустрэцца з Іосіфам Галяком на гарадскіх вуліцах, пазнаёміцца з яго творчасцю і за лічаныя хвіліны атрымаць свой партрэт на памяць. Ад яго вы пачуеце вострае слоўца, вясёлы жарт, душэўную параду. І людзей вакол Іосіфа Адамавіча заўжды многа. Хаця, што тут дзіўнага?

Так і павінна быць побач з мудрым чалавекам, якому мы і надалей зычым шчасця душэўнай шчодрасці, якое не ведае ўзросту і ніколі не старэе. І, безумоўна, жыццёвай энергіі для ажыццяўлення шматлікіх спраў і задумак.

Міхась ШУБІЧ.
Фота з архіва мастака.



  • Мы в социальных сетях: