Наверх

Вучні Брэстчыны запрашаюцца да ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе юных чытальнікаў

12.10.2017 519 Наш край

11 кастрычніка стартаваў новы этап сацыяльнага праекта «Чытаем па-беларуску з velcom». Раней ініцыятыва існавала ў выглядзе інтэрактыўных урокаў беларускай мовы і літаратуры, настаўнікамі на якіх выступалі вядомыя беларускія пісьменнікі, паэты, акцёры, тэлевядучыя і спартсмены.Сёлета «Чытаем па-беларуску з velcom» запускаецца ў фармаце рэспубліканскага анлайн-конкурсу, удзельнікамі якога стануць навучэнцы 7–8-х класаў з усёй Беларусі. Мэта праекта – адкрыць для вучняў свет беларускай літаратуры па-новаму, а таксама выкарыстаць магчымасці сацыяльных сетак для адукацыі.

Ініцыятарам праекта выступіла кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Вучням 7–8-х класаў прапаноўваецца запісаць відэа, дзе яны чытаюць твор са школьнай праграмы па беларускай літаратуры. Гэта можа быць як паэзія, так і проза. Затым трэба размясціць яго на асабістай старонцы ў сацыяльнай сетцы («ВКонтакте», Facebook, Instagram) з хэштэгам #чытаемзвэлком або#чытаемзvelcom, а таксама выслаць спасылку на публікацыю на афіцыйны адрас конкурсу –movakonkurs@gmail.com. Відэазапісы ўдзельнікаў прымаюцца да 30 лістапада 2017 года.

На першым этапе праекта будуць вызначаны па 30 лепшых канкурсантаў з кожнай вобласці і г. Мінска. З лютага па красавік 2018 года пройдуць рэгіянальныя фіналы, дзе чытальнікі выступяць перад журы ўжывую. Пяцёра лепшых ад кожнага рэгіёна будуць узнагароджаны сучаснымі смартфонамі і атрымаюць магчымасць пазмагацца за перамогу ў вялікім рэспубліканскім фінале. Ён пройдзе ў Мінску ў траўні 2018 г., пераможцам конкурсу будуць уручаны смартфоны маркі Apple.

«За першыя 2 гады рэалізацыі праекта «Чытаем па-беларуску з velcom» наша каманда праехала 21 000 кіламетраў і правяла ўрокі ў 184 школах і гімназіях у 40 населеных пунктах. Сёння мы рады пачаць новы этап праекта, які дазволіць ахапіць кожную школу Беларусі, – каментуе начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom Вячаслаў Смірноў. – І калі першы этап быў скіраваны на малодшых школьнікаў, то цяпер мы звяртаемся да вучняў 7–8-х класаў. Новы фармат конкурсу дыктуе сам час: для падлеткаў цяпер звыклыя смартфоны і сацыяльныя сеткі. Наша мэта – выкарыстаць сучасныя тэхналогіі, каб звярнуць увагу школьнікаў на прыгажосць беларускага слова, велізарны і разнастайны пласт выдатных твораў нашых аўтараў».

Ацэньваць работы ўдзельнікаў будуць пастаянныя сябры журы праекта «Чытаем па-беларуску з velcom» – пісьменніца, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Раіса Баравікова, пісьменнік, рэдактар часопіса «Вясёлка», лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзімір Ліпскі, акцёр і тэлевядучы Юрый

Жыгамонт.Таксама ў склад журы ўвойдуць дзеячы культуры, адукацыі і спорту.

«Чытаем па-беларуску з velcom» – гэта неверагодная ініцыятыва, таму што яна аб’ядноўвае тысячы дзяцей з усёй Беларусі. У цэнтры праекта адзін з галоўных складнікаў культурнай спадчыны нашай краіны – беларуская літаратура, – лічыць Раіса Баравікова. – Дзякуй кампаніі velcom за тое, што яна працягвае надаваць вялікую ўвагу развіццю беларускай мовы і літаратуры і прыцягвае да такога карыснага праекта нас, беларускіх пісьменнікаў».

Падчас прэзентацыі конкурсу, якая прайшла ў 136-й школе г. Мінска, вучням, гасцям і журналістам падрабязна распавялі правілы ўдзелу ў праекце. Першымі будучых удзельнікаў конкурсу падтрымалі прадстаўнікі ад Беларусі на дзіцячым конкурсе «Еўрабачанне» ў 2015 і 2017 гг. – Руслан Асланаў і Хелена Мерааі.

«Я ведаю, як важна мець падтрымку ў любых сваіх пачынаннях ад сяброў, бацькоў, старэйшых. І менавіта таму я сёння тут. Хачу пажадаць поспеху кожнаму з будучых удзельнікаў конкурсу «Чытаем па-беларуску з velcom», – распавяла Хелена Мерааі. Прадстаўніца ад Беларусі ў дзіцячым конкурсе «Еўрабачанне-2017», фінал якога адбудзецца 26 лістапада ў Тбілісі, прызнаецца, што захапляецца беларускай літаратурай, а яе любімы беларускі аўтар – Васіль Быкаў.

З падрабязнымі правіламі праекта ўдзельнікі конкурсу могуць азнаёміцца на сайце www.velcom.by.



  • Мы в социальных сетях: