Беларуская зямля падарыла свету шмат выдатных і знакамітых людзей, якія праславілі яе высокімі духоўнымі і маральнымі подзвігамі, сталі сімвалам праведнасці, высокай духоўнасці, узорам самаадданага служэння свайму народу.
Больш за восем стагоддзяў назад у Полацку на свет з’явілася дзяўчынка, якой наканавана было далучыць да свайго імя назву роднага горада. Унучка славутага Усяслава Чарадзея, князёўна, ігумення, асветніца і мецэнатка –Еўфрасіння Полацкая. Без гэтага імя не магчыма ўявіць не толькі панараму духоўнага жыцця на ўсходнеславянскіх землях у ХІІ стагоддзi, але і ўсю шматвяковую гісторыю Беларусі.
15 жніўня ў Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя В. Таўлая адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы па выніках VIII Міжнароднага мастацкага пленэру «Святость земли Белорусской», прысвечанага 850-годдзю з дня смерці прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Упершыню праект быў прэзентаваны 31 кастрычніка 2023 г. у Нацыянальным Мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь у рамках Года міру і стварэння.
Арганізатарамі пленэру выступілі Беларуская Праваслаўная Царква, грамадскія аб’яднанні “Беларускі саюз мастакоў”, “Беларускі саюз жанчын”, “Беларускі саюз журналістаў”, таварыства з абмежаванай адказнасцю “БелинжинирингстройИнвест”. Удзел у праекце прынялі мастакі з Беларусі, Расіі і Малдовы. Сярод іх – вядомыя майстры і маладыя мастакі. На выставе прадстаўлены 33 творы: пейзажы, нацюрморты, сюжэтныя і сімвалічныя кампазіцыі, частка з якіх прысвечана жыццёваму шляху прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Да ўвагі наведвальнікаў выставы – работы фіналістаў рэспубліканскага конкурсу дзіцячага малюнка на тэму “Евфросиния Полоцкая – покровительница и небесная заступница земли белорусской”, праведзенага ў рамках пленэра.
Рэспубліканскую выставу, прысвечаную адной з самых яркіх жанчын у духоўным жыцці Беларусі, афіцыйна адкрыў намеснік старшыні Баранавіцкага гарадскога выканаўчага камітэта Вадзім Шчарбакоў.
Праз стагоддзі саграваюць нашыя душы вера і цёплыя малітвы нябеснай заступніцы зямлі беларускай Еўфрасінні Полацкай. Яна ўвайшла ў гісторыю як заснавальніца самага вядомага праваслаўнага цэнтра Беларусі – Спаса-Праабражэнскага манастыра ў Полацку. Сёння гэта месца паломніцтва для шматлікіх веруючых з усяго свету, якое захоўвае багатую гісторыю і бясцэнныя духоўныя рэліквіі. Еўфрасіння Полацкая першай з жанчын была кананізавана Рускай Праваслаўнай царквой. А ў 1984 г. прылічана да Сабора Беларускіх святых.
З прывітальным словам да гасцей мерапрыемства звярнуўся благачынны Баранавіцкай царкоўнай акругі, протаіерэй Віталій Лазоўскі.
Цёплую і ўзвышаную атмасферу ўспамінаў аб прападобнай Еўфрасінні падтрымаў Хор духавенства Баранавіцкага благачыння, выканаўшы некалькі песнапенняў.
Тое, што адкрыццё выставы адбылося менавіта ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя В. Таўлая, – не выпадковасць. Публічныя бібліятэкі горада занялі важнае месца ў фарміраванні праваслаўнага светапогляду гараджан, сталі месцам духоўнай асветы. На шляху да прызнання грамадствам гэтай ролі бібліятэк праведзена вялікая праца. Больш за 20 гадоў, дзякуючы супрацоўніцтву з храмам святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага, у гарадскіх бібліятэках праводзяцца Праваслаўныя чытанні “Духоўнасць і кніга”. Паспяхова зарэкамендавалі сябе каменціраваныя чытанні духоўнай літаратуры з наведвальнікамі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, сацыякультурныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да значных святаў праваслаўнага календару.
Неаднаразова цэнтральная гарадская бібліятэка на высокім узроўні прымала духоўна-асветніцкія праекты рэспубліканскага значэння, сярод якіх выстава, прысвечаная мітрапаліту Філарэту, ганароваму Патрыяршаму экзарху усяе Беларусі. Трывалым фундаментам для арганізацыі працы ў гэтым накірунку стала фарміраванне багатай калекцыі праваслаўнай літаратуры, таму што менавіта кніга – нязменная крыніца ведаў аб духоўным жыцці і хрысціянскай маралі.
Сюрпрызам для прысутных стала выступленне старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алеся Карлюкевіча.
Выключнае значэнне асветніцкай, духоўнай, падзвіжніцкай дзейнасці Еўфрасінні Полацкай для цяперашняга пакалення адзначыла падчас выступлення лідар гарадскога аддзялення партыі “Белая Русь” Алена Салавей.
Святая Еўфрасіння – гераіня шматлікіх твораў беларускіх пісьменнікаў. Сведчаннем таму сталі літаратурныя выступленні члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўніка літаратурна-творчага аб’яднання “Купальскія зоры” Таццяны Яцук і паэта Юрыя Мазалевіча.
Імя Еўфрасінні Полацкай займае асаблівае, пачэснае месца ў нашай гісторыі. “… Была яна дапамогай пакрыўджаным, суцяшэннем смуткуючым, распранутым – адзеннем, хворым – наведаннем ці, проста кажучы, – для ўсіх была ўсім…”. Добрыя справы, здейсненыя княжной-ігуменней для роднага краю, ніколі не знікнуць з людской памяці. Помніць і ўслаўляць святую Еўфрасінню яшчэ многія стагоддзі будуць у яе родным Полацку і па ўсёй Беларусі.
Яркім упрыгожаннем мерапрыемства стаў музычны нумар у выкананні салісткі узорнай эстраднай студыі “VOX” Валерыі Ракач.
Урачыстае мерапрыемства наведалі прадстаўнікі Баранавіцкай гарадской арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”, мясцовыя творцы, моладзь, чытачы і госці бібліятэкі.
Усіх, каго зацікавіў слаўны лёс святой зямлі Беларускай – прападобнай Еўфрасінні Полацкай, бібліятэка запрашае на выставу, якая прадоўжыцца да 7 верасня.
Яшчэ больш фотаздымкаў з адкрыцця выставы можна ўбачыць тут.
Надзея КIПЕЛЬ, загадчык аддзела галіновай літаратуры ЦГБ імя В. Таўлая
Фота Алены АЛЬПЯРОВIЧ