Ансамбль «Карусель» гарадской дзіцячай харэаграфічнай школы мастацтваў, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль сучаснага бальнага танца «Фіеста», народны клуб творчай моладзі «Мерыдыян» гарадскога Дома культуры і ўзорны ансамбль народнага танца «Мацейка» 13-й сярэдняй школы вярнуліся
з Балгарыі, дзе ў курортным гарадку Кранева на чарнаморским узбярэжжы праходзіў міжнародны фестываль «Хваля ідэй – 2013».
На фестываль сабралася 40 калектываў з Балгарыі, Беларусі, Расіі, Украіны, краін Балтыі. Журы высока адзначыла творчасць харэографаў і выканаўчае майстэрства прадстаўнікоў нашага горада.
Ураджайным на ўзнагароды стаў фестываль для ансамбля «Карусель». У намінацыі «Эстрадны танец: ансамбль» калектыў атрымаў дыплом І ступені за пастаноўкі «Джазкактэйль» і «Модны прыгавор».
Намінацыя «Эстрадны танец: малая форма» прынесла ансамблю дыплом лаўрэата І ступені за пастаноўкі «Музычны куфэрак» і «Маміна сэрца». Званне лаўрэата ІІ ступені калектыў атрымаў за пастаноўкі «Скакуха» і «Калода» у намінацыі «Народна-сцэнічны танец: ансамбль».
Салістка ансамбля Яна Верабей удастоена звання лаўрэата І ступені за выкананне нумароў «Валенкі» і «Ластаўка» у намінацыі «Народна-сцэнічны танец: сола».
Над падрыхтоўкай конкурсных нумароў шчыравалі харэографы Вольга Міховіч, Святлана Рыбак і Кацярына Кармазіна.
У конкурсе эстраднага вакала ва ўзроставай катэгорыі 10–12 год выступіла Каця Дыдышка (кіраўнік Надзея Семянкова), якую ўзнагародзілі дыпломам лаўрэата ІІІ ступені; ва ўзроставай катэгорыі 13–15 год – Ульяна Пешкава (кіраўнік Віктар Кураў), дыплом лаўрэата І ступені; ва ўзроставай катэгорыі ад 16 год і старэйшыя – Наталля Янушка (кіраўнік Елізавета Войтуль), дыплом лаўрэата ІІ ступені. Усе яны прадстаўляюць народны клуб творчай моладзі «Мерыдыян».
Пацвердзіла свой клас і «Фі-еста» (кіраўнік Алена Фаміна).
У намінацыях «Эстрадны танец: ансамбль» (да 12 год) – дыплом лаўрэата ІІ ступені; «Бальны танец: дуэт» – дыплом лаўрэата ІІ ступені атрымалі Макар Мелехавец і Ксенія Стральчэня. Ад 16 год і старэйшыя – дыплом лаўрэата І ступені ў Яўгена і Наталлі Ананька; «Бальны танец: змешаны састаў» – дыплом лаўрэата І ступені.
У намінацыі «Інструментальны жанр» Кірыл Кастыка за сола на саксафоне ўзнагароджаны дыпломам лаўрэата І ступені.
Стаў лаўрэатам і ўзорны ансамбль народнага танца «Мацейка» у намінацыі «Народны танец» (кіраўнік Таццяна Варашылава).
А ў выніку ансамблю «Карусель», народнаму клубу творчай моладзі «Мерыдыян» і ансамблю сучаснага бальнага танца «Фіеста» былі ўручаны галоўныя ўзнагароды фестывалю – кубкі «Залатая хваля». Арыфметыка тут такая: спаборнічала 40 калектываў, 7 атрымалі вышэйшыя ўзнагароды, тры з іх – нашы.
На фестывалі праводзіліся і розныя творчыя конкурсы, за перамогу ў якіх журы адзначыла ансамбль «Карусель», народны клуб творчай моладзі «Мерыдыян» і ансамбль сучаснага бальнага танца «Фіеста» яшчэ адной высокай узнагародай – кубкам «Крэатыўная хваля».