Наверх

Удзельнікі навукова-асветніцкай экспедыцыі сустрэліся са студэнтамі БарДУ

02.09.2016 276 Наш край

Удзельнікі навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў» сустрэліся з студэнтамі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Сцяпан Лаўшук пазнаёміў моладзь з «беларускім Шліманам». Калі Шліман знайшоў Трою, то наш выбітны археолаг, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Пётр Лысенка – Бярэсце. Доктар гістарычных навук, прафесар устроіў студэнтам невялічкі іспыт і нагадаў дату стварэння першай кнігі на Беларусі (гэта Тураўскае Евангелле, 1056 г.), імя нашага першага пісьменніка (Кірыла Тураўскі), расказаў пра першую беларускую азбуку – Берасцейскую грамату.

Пісьменнік Анатоль Бутэвіч (адзін з псеўданімаў – Максім Валошка), член Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, старшыня грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, піша пра таямніцы беларускіх замкаў. Незнарок – сам ён, высветлілася, наш зямляк, родам з-пад Нясвіжа. Былы міністр культуры і друку Рэспублікі Беларусь, дыпламат падзяліўся ўспамінамі пра першы

Дзень беларускага пісьменства, які прайшоў з яго ўдзелам у 1994 годзе ў Полацку. Наступны раз, калі будзе святкавацца 500-годдзе айчыннага кнігадрукарства, Полацк зноў прыме эстафету Дня беларускага пісьменства.

Пачулі студэнты і паэтычнае слова. Перад імі выступіў Вадзім Спрынчан, які піша вершы на трох мовах: рускай, беларускай і ўкраінскай. Яго бацька – даволі вядомы паэт Браніслаў Спрынчан, дачка Аксана таксама стварае вершы, мае здольнасці да творчасці і ўнучка Альжбэта.

– Навошта мы адпраўляемся ў экспедыцыю, праводзім падобныя сустрэчы? Я ідэаліст. Думаю, што нешта пасею. Каму мы аддадзім лёс Беларусі? Вам, тым, хто сёння вучыцца, – сказаў доктар філалагічных навук, прафесар Сцяпан Лаўшук.

Віталь ГЕРЦАЎ.



  • Мы в социальных сетях: