Наверх

У Слуцку прайшло адкрыццё выставы баранавіцкага мастака Юрыя Лешыка

28.03.2012 459 Наш край

На карціне угадваліся поле, сонца, нагрэтае паветра, вецер і аблокі, адчуваліся пахі лугавых красак. Усміхаліся нашы сучаснікі – маладая жанчына са спакойнай велічнасцю любімай жонкі ці хлапчук, які упершыню ўбачыў бязмежнае мора.

Так сталася, што пачатак года для баранавіцкага мастака Юрыя Лешыка пачаўся з персанальнай выставы ў Гродне. І адначасова гэтыя працы ўбачылі на сайце мастака ў інтэрнэце (www.artleshik.wordpress.com) аматары прыгожага са Слуцка. І сказалі: «Гэта нам падыходзіць, чакаем у нашай галерэі мастацтваў».

З карабля на баль –  з Гродна ў Слуцк – днямі пераехалі больш за 50 твораў  Юрыя Лешыка. Назву выставе –  «Свет пачуццяў» – даў адзін з твораў жывапісу, хаця ў экспазіцыі прадстаўлена і графіка. У час адкрыцця выставы мастака прыемна здзівіла станоўчая рэакцыя гледачоў на ўбачанае. Таму што адлюстраваную на палотнах Зямлю людзі палюбілі не толькі за тое, што яна корміць, поіць, радуе душу, а проста палюбілі – яе травы, рэкі, лясы, узгоркі… І прыгожых людзей, якія жывуць і ўсміхаюцца на мяккай, цёплай, нагрэтай сонцам зямлі. А адна з захопленых гэтай прыгажосцю глядачак папрасіла Юрыя выканаць партрэт яе мужа, у якога хутка юбілей.

Днямі Юрый Лешык атрымаў прапанову ад аматараў мастацтва з Салігорска прыехаць са сваімі творамі ў іх горад. Магчыма, так і будзе, але не раней, чым праз месяц, пакуль будзе доўжыцца выстава ў Слуцку.



  • Мы в социальных сетях: