Наверх

У Баранавiчах пачала працаваць незвычайная выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва

17.01.2017 1621 Наш край

4.13 студзеня ў выставачнай зале краязнаўчага музея пачала працаваць незвычайная выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Беларускія маляванкі», якая прывезена з музея-запаведніка «Заслаўе».

Даволі багатую, больш за 250 твораў, і адну з самых поўных на Беларусі калекцый маляваных дываноў сабралі супрацоўнікі музея «Заслаўе» пад час камандзіровак па весках на поўначы Беларусі. Маляваныя дываны, ці маляванкі, захоўваліся амаль у кожнай хаце з вялікай павагай і любоўю. Размяшчаліся ў чыстай частцы хаты, на сценах каля ложка. Добрым падарункам маляванка была для маладых на вяселлі, своеасаблівым абярогам, абяцанкай шчаслівага жыцця.

15. 21.Маляваныя дываны выконвалі ў тэхніцы роспісу па ільняной тканіне (сшытай з двух кавалкаў). Спачатку тканіну афарбоўвалі ў чорны колер, а потым наносілі малюнак. Малявалі па такой тканіне клеевымі ці алейнымі фарбамі (часцей за ўсе самаробнымі). Сюжеты маляванак умоўна падзелены на тры віды: сюжетна-тэматычныя, раслінныя або пра жывельны свет.

Найбольш ярка маляванка заявіла аб сабе ў 1920—1930-я гады і пасляваенны перыяд. Упершыню як самастойная з’ява ў народным мастацве маляванка сустракаецца ў канцы ХIХ ст. Паступовае аднаўленне вескі ў другой палове 1940—1950-х гг. , рост дабрабыту выклікалі патрэбу не толькі ў ўтылітарных вырабах, але і мастацкіх рэчах, якія б маглі ўпрыгожыць жылле. У першую чаргу такія рэчы павінны былі быць таннымі і лёгкадаступнымі. Сяляне ўспомнілі працы сваіх бацькоў і сталі самастойна маляваць дываны, або заказваць іх у вандроўных мастакоў.

Пісалі маляванкі звычайныя простыя людзі, імены якіх ніхто не ўспомніць. Малявалі спачатку для сябе, для сяброў і знаёмых. Потым, калі работы сталі заказваць з іншых весак, выносілі на продаж на кірмашы. А маладая гаспадыня прыглядалася да дывана, а потым набывала, або, наадварот, дамаўлялася аб іншым матыве.

Маляваныя дываны – самабытная беларуская з’ява, дзе ёсць месца прыгажосці і гармоніі паміж чалавекам і прыродай, сусветам, але, на жаль, няма месца прозвішчам майстроў. На выставе прадстаўлена больш за 30 прац, пераважна без подпісу аўтара. Мастакі не падпісвалі свае працы, а ўладальнікі не заўсёды згадвалі, дзе і ў каго набывалі маляванкі.

Супрацоўнікі музея-запаведніка “Заслаўе” пад час экспедыцый і запісу ўспамінаў вярнулі з небыцця маляванкі К. Каспяровіча. На выставе «Беларускія маляванкі» змешчана яго карціна “Дяўчына з паўлінам” (адносіцца да сюжэтна-тэматычнай групы). 38.Уявіце сабе: сялянская хата, куды прыйшла маладая жанчына з тканінай і папрасіла майстра намаляваць для яе райскіх птушак. Яна недзе чытала або чула аб прыгажосці паўліна. І майстар, які ўпершыню пачуў пра незвычайных птушак, малюе дыван на заказ.

На выставе можна пазнаёміцца з творчасцю Фёдара Сухавілы “Пейзаж з касцёлам”. Яна адносіцца да змешанага тыпу маляванак, дзе сустракаецца раслінны і архітэктурны матывы. Веліч і моц муроў храма падкрэслена ціхім, спакойным цячэннем ракі. Нібыта філасоўскі роздум над чалавечым жыццем, яго нягодамі, радаснымі момантамі і заўседы спакойным гучаннем малітвы ў сценах храма, звернутай да Бога, і нязменнай прыгажосцю прыроды.

Змяняюцца час, людзі, але застаецца адна непарушная рэч, якая ўвасобілася на маляванках Алены Кіш — мроі, надзеі на райскае жыццё. Казачныя матывы ўбачым на маляванках Язэпа Драздовіча. Яго непаўторны талент мастака і нястомнага вандроўніка захаваўся на маляванцы “Дыван з замкам. Накцюрн”.

Самае галоўнае, што захавалі творы народнага мастацтва пяшчоту рук, цеплыню душы, незвычайны погляд на жыцце, аптымістычны настрой на будучыню. А слоўнае тлумачэнне кожны наведвальнік знойдзе самастойна, бо маляванка зразумела ўсім. Сёння маляванка ўнесена ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.27. 32 33. 36. 41.

Супрацоўнікі выставачнай залы краязнаўчага музея запрашаюць жыхароў горада і яго гасцей наведаць выставу “Беларускай маляванкі”, пабачыць іншы погляд на жыцце, зазірнуць у зачараваны свет у халодныя зімовыя дні.

Навуковы супрацоўнік музея Яраш Н.А.



  • Мы в социальных сетях: