3 ліпеня ў рамках Дня Незалежнасці каля сцен Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя В. Таўлая адбылося літаратурнае свята “Родная мова краіны маёй”. Кожны наведвальнік адкрытай пляцоўкі, незалежна ад узросту, змог знайсці цікавы і карысны занятак на любы густ.
Самыя маленькія госці свята з задавальненнем малявалі беларускія словы, адгадвалі загадкі і рэбусы, прымяралі вобраз героя Смяшарыка з любімага мультфільма.
Маладзёжная аўдыторыя з цікавасцю праходзіла па маршруту квэста “Усё пра Беларусь”. На кожнай яго станцыі (“Краязнаўчая старонка”, “Маляўнічая”, “Чырвоная”, “Героі і подзвігі”, “Моўная хвілінка”) удзельнікаў чакалі незвычайныя заданні і галаваломкі.
Узгадаць цікавыя факты з беларускай гісторыі і паразмаўляць па-беларуску юнакі і дзяўчаты маглі падчас настольных гульняў.
Сюрпрызам для аматараў паэзіі стала выступленне ўдзельнікаў літаратурнага аб’яднання “Купальскія зоры”. Шчыра і пранікнёна гучалі патрыятычныя вершы ў выкананні мясцовых творцаў: Т. Яцук, А. Корнева, К. Трысцень, І. Мезенцавай-Здановіч, М. Філіпавай, Л. Антонавай.
Шматлюдна было і каля кніжнай экспазіцыі “Роднай зямлі апавядальнікі”, дзе гараджане яшчэ раз узгадалі вядомыя ім з дзяцінства творы паэтаў і пісьменнікаў, якія сталі візітнай карткай нашай краіны.
Кожны жадаючы змог праверыць сваю дыкцыю на працягу конкурса, у якасці лепшага выканаўца беларускіх скорагаворак.
Прыхільнікаў кнігі і чытання па добрай традыцыі чакалі “Часопісны панадворак” і акцыя “Буккросінг”.
Упрыгожваннем свята стала выстаўка “Самая-самая… КНІГА”. Госці з захапленнем знаёміліся з новай порцыяй самаробных кніг і лялек, зробленымі рукамі нашых таленавітых гараджан у рамках конкурса “Book-рукоделие”.
Выказваем шчырую ўдзячнасць усім, хто знайшоў магчымасць завітаць на свята роднай мовы, захапіцца яе мілагучнасцю і атрымаць у падарунак добры настрой!
Кіпель Надзея, загадчык залы галіновай літаратуры Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя В. Таўлая
Фота Вольгі Тугавай
Больш фота - тут