Сёння на базе раённага Цэнтра рамёстваў прайшоў семінар-практыкум “Вялікдзень – традыцыі і сучаснасць” для супрацоўнікаў устаноў культуры з розных куткоў Баранавіцкага раёна.
Праз гульню “Кола святаў” удзельнікі пранікліся добрым настроем, цягай да народных традыцый і ўспомнілі каляндарны парадак народных свят. У тэарэтычнай частцы семінара метадыст РЦР Ніна Коўш расказала пра гісторыю ўзнікнення свята Вялікадня, традыцыях і абрадавых дзеях. Кіраўнік фальклорнага калектыву “Сяброўкі” Перхавіцкага Цэнтра культуры і народнай творчасці Алена Вілента падзялілася сваім вопытам работы, а таксама рэцэптам святочнай булкі, перанятым ад сваёй матулі – Сахненка Яніны Юльянаўны 1934 года нараджэння.
У практычнай частцы сваімі напрацоўкамі дзяліліся народны фальклорны калектыў “Суседзі” Гарадзішчанскага гарпасялковага Дома культуры, які паказаў урывак з абраду “Кукольнікі”, і дзіцячае аматарскае аб’яднанне “Крынічка” Перхавіцкага ЦкіНТ, што прадэманстравала ўрывак абраду “Валачобнікі”.
На заканчэнне семінара ўсе ўдзельнікі атрымалі маленькія падарункі.
Інфармацыя і фота прадастаўлены Баранавіцкім раённым Цэнтрам рамёстваў.