Наверх

“Шляхам паэта”: свята ў гонар 110-годдзя паэта Валянціна Таўлая адбылося ў баранавіцкай бібліятэцы

09.02.2024 325 Наш край

Ёсць людзі, жыццё якіх, нібы паходня, успыхвае на зямлі і святлом сваім асвятляе ўсё навокал. Такім быў Валянцін Таўлай – наш зямляк, паэт, публіцыст, літаратуразнаўца, адзін з самых адметных і яркіх удзельнікаў рэвалюцыйнага падполля і літаратурнага працэсу ў Заходняй Беларусі.

biblioteka-4.jpg

8 лютага Валянціну Паўлавічу споўнілася б 110 гадоў. Ідзе год за годам, і кожны з іх аддаляе ад нас той лютаўскі дзень 1914 года, калі ў Баранавічах у сям’і рабочага-чыгуначніка нарадзіўся будучы паэт – Валянцін Таўлай. На жаль, толькі 33 гады адвёў яму лёс, каб пакінуць свой след  у літаратуры і жыцці, але след гэты атрымаўся непаўторным, яркім і мужным. Пра ўсё, напісанае нашым земляком, можна сказаць – гэта паэзія барацьбы. Кожны верш – непаўторная цаглінка ў адзіную паэму змагання за мову, шчасце, годнасць, каханне, жыццё.

Валянцін Таўлай прыйшоў на гэты свет не ў самыя  лепшыя часы: напярэдадні Першай сусветнай вайны,  рэвалюцыі, грамадзянскай вайны… Тады ў краіне гаспадарылі смерць,  разбурэнне, эпідэміі.  Якраз апошняя і пакінула малога Валянціна без самага дарагога чалавека – маці. Сям’я пераязджае на радзіму бацькі, у вёску Рудаўка, што на Слонімшчыне. У той час яна стала адным з цэнтраў дзейнасці Беларускай сялянска-рабочай грамады.  Не дзіўна, што ў паэта няма дзіцячых вершаў. З маленства ён убіраў у сябе змагарны дух і бацькоўскія прынцыпы: ніколі не цурацца свайго, памятаць аб тым, што беларус. Менавіта за сваё прынцыповае нежаданне адмаўляцца ад беларускай нацыянальнасці Валянцін быў выключаны са Слонімскай польскай настаўніцкай семінарыі,  а пасля, за ўдзел у вучнёўскай забастоўцы, і з  Віленскай беларускай гімназіі.

Першае турэмнае зняволенне Валянцін Таўлай спазнаў у 15-гадовым узросце. Два гады правёў у турмах за сваю актыўнасць у камсамольскім падполлі, потым нелегальна перайшоў мяжу, працаваў у савецкай Беларусі, зноў вярнуўся ў родныя мясціны для падпольнай работы і ў выніку быў паўторна арыштаваны і асуджаны ўжо на 8 гадоў турмы, адкуль вызваліўся ў 1939 годзе з прыходам Чырвонай арміі. Ні турмы, ні катаванні не маглі прымусіць юнага змагара адмовіцца ад барацьбы з прыгнятальнікамі. Ва ўмовах, калі аловак лічыўся крамолай (за яго ў турме жорстка каралі) паэту даводзілася трымаць вершы ў памяці. Некаторыя з іх траплялі на старонкі рукапіснага часопіса “Краты”, заснаванага ў Лукішках (турма ў Вільні) Максімам Танкам. Паэт не пакінуў радзіму і ў ваенныя гады: быў сувязным партызанскага атрада,  разведчыкам. Яго арыштоўвалі, і толькі цудам ён уратаваўся ад смерці. Дачакаўшыся Перамогі, Валянцін Таўлай працаваў у літаратурным музеі Янкі Купалы, рыхтаваў да выдання свой паэтычны зборнік. Акрылены новым жыццём, магчымасцю мірна працаваць, паэт не заўважаў, што сэрца, збалелае ад надзвычайнага фізічнага і маральнага напружання, білася ўсё слабей і слабей. А 27  красавіка 1947 года яно спынілася назаўсёды… Слава прыйшла да нашага земляка пасля смерці. Сёння яго творы перакладзены на шматлікія мовы свету і выдадзены ў розных краінах, а ў Беларусі рэгулярна перавыдаюцца як частка залатога фонду нашай паэзіі. Імя Валянціна Таўлая носяць вуліцы ў многіх беларускіх гарадах і, канешне, у Баранавічах. У сярэдняй школе № 4 працуе народны літаратурна-краязнаўчы музей імя паэта.

biblioteka-11.jpg
biblioteka-5.jpg

8 лютага ў Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бібліятэцы, якая ужо амаль 45 гадоў з гонарам носіць імя Валянціна Таўлая, панавала атмасфера свята. У фае гасцей сустракала юбілейная фотазона,  дзе  жадаючыя маглі на некалькі хвілін перанесціся ў мінулае стагоддзе і наведаць імправізаваны літаратурны кабінет Валянціна Таўлая. Прайсціся “Шляхам паэта” – пазнаёміцца са старонкамі біяграфіі і творчасці, убачыць рэдкія фотаздымкі і дакументы – запрашала кніжная экспазіцыя, падрыхтаваная бібліятэчнымі спецыялістамі.

biblioteka-2.jpgbiblioteka-3.jpgbiblioteka-7.jpg

Кульмінацыяй свята стаў юбілейны вечар “Няхай жа вершы застануцца свету…”. Чытальная зала, дзе ладзілася мерапрыемства, з цяжкасцю змясціла ўсіх жадаючых. Вечарыну наведалі вучні ліцэя № 1, гімназіі  № 3, навучэнцы Баранавіцкага дзяржаўнага каледжа будаўнікоў, мясцовыя творцы і, канешне ж, чытачы.

biblioteka-6.jpg

Прыемна, што асоба Валянціна Таўлая мае асаблівую прыцягальнасць для падрастаючага пакалення, прадстаўнікі якога з задавальненнем удзельнічалі ў свяце. Пранікнёна гучалі вершы паэта ў выкананні юных удзельнікаў літаратурна-творчага аб’яднання “Купальскія зорачкі” і старшакласнікаў сярэдняй школы № 10. Адзін з успамінаў паэта-земляка праінсцэніравалі сямікласнікі сярэдняй школы № 19.
biblioteka-1.jpg

Сюрпрызам для прысутных стала створаная спецыяльна для свята песня на словы Валянціна Таўлая ў выкананні Алены Майсейчык, кіраўніка народнай студыі аўтарскай бардаўскай песні і паэзіі “Ваганты”.

biblioteka-8.jpg
biblioteka-9.jpgbiblioteka-12.jpg

Прыемна здзівіла гасцей выступленне Наталлі Несцярук, праўнучкі Валянціна Таўлая па мацярынскай лініі, якая падзялілася сямейнымі ўспамінамі аб знакамітым сваяку. З меладэкламацыяй верша Таўлая выступіў паэт і фотамастак Сяргей Рабаў. Аўтарскія вершы – прысвячэнні таленавітаму земляку прагучалі ў выкананні баранавіцкіх творцаў: Галіны Ліс, Таццяны Яцук, Раісы Раманчук,  Аляксея Белага, Ларысы Антонавай, Тэрэзы Толах.

Па-майстэрску вобразна і эмацыянальна выканаў агітацыйна-сатырычны верш Валянціна Таўлая пра партызан Арцём Бадак, кіраўнік народнага тэатра “Дом Дыягена” Ляхавіцкага Дома культуры. Святочную сустрэчу ўпрыгожылі музычныя нумары ў выкананні вучняў дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 3 і ўзорнай вакальнай студыі “Оn-line”.

З віншавальным словам перад гасцямі выступіла дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы г. Баранавічы Таццяна Рудкоўская. Яна падкрэсліла, што Валянцін Таўлай быў таленавітым паэтам і адданым сынам сваёй Айчыны. І сёння як запавет для нашчадкаў гучаць яго словы:

Ты чэрпаць навучы з глыбінь
Жывучую ваду рукою,
Каб наш народ і край любіць,
Мудрэць і харашэць душою.

biblioteka-13.jpg

Надзея КІПЕЛЬ, вядучы бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі ЦГБ імя В. Таўлая

Фота Алены АЛЬПЯРОВІЧ




  • Мы в социальных сетях: