Наверх

Са святам – Нараджэннем Хрыста!

25.12.2015 471 Наш край

i«Хрыстус нараджаецца!» Ужо больш за дзве тысячы гадоў гэтыя словы лунаюць па ўсёй зямлі.

Святло перамагае цемру, Слова становіцца Целам, і сэрцы перапаўняюцца радасцю.

Усіх вас, паважаныя вернікі Баранавіцкага дэканату, жыхары горада і раёна, ўсіх людзей добрай волі сардэчна віншую са святам Божага нараджэння. Няхай Божае Дзіця народзіцца ў кожным сэрцы і прынясе радасць, мір і супакой у вашыя сем’і .

Ксёндз дзекан Валянцін НОВАК.

______

НАШЫ ТРАДЫЦЫІ

Як святкуюць Нараджэнне Хрыста на баранавіцкай зямлі

Божае Нараджэнне – адно з галоўных рэлігійных святаў. Усталявана яно ў гонар нараджэння ў плоці Ісуса Хрыста. Рымска­каталіцкая царква адзначае гэта свята ў ноч з 24­га на 25­е снежня. Традыцыям каталіцкага Нараджэння Хрыстова налічваюцца многія стагоддзі.

Увесь месяц вернікі духоўна рыхтуюцца да гэтага свята, здзяйсняюць добрыя справы і посцяць. Асаб­ліва важным лічыцца перад святам паспавядацца ў сваіх грахах, каб сустрэць Каляды з чыстым сумленнем.

У Куццю, 24 снежня, упрыгожыўшы ўсёй сям’ёй галоўнае каляднае дрэва – ёлку, сям’я збіраецца за святочным сталом. Перад пачаткам трапезы пры свечцы, якая сімвалізуе Віфлеемскую зорку, бацька сямейства або іншы старэйшы член сям’і чытае ўрывак Евангелля ад Святога Лукі аб Нараджэнні Хрыста. Пасля малітвы галава сям’і дзеліць паміж членамі сям’і аплатку – асвечаны ў касцёле калядны хлебец. Аплатка сімвалізуе роўнасць усіх паміж сабой і перад Богам, любоў і павагу.

Блізкія сваякі, якія сабраліся за адным сталом, жадаюць адзін аднаму шчасця і Божага благаслаўлення і толькі пасля гэтага прыступаюць да страў. Пад чысты, новы і бялюткі абрус вернікі кладуць сена – яно нагадвае аб беднасці Віфлеемскай пячоры і аб Божай Маці, якая паклала Нованароджанага Хрыста на сена ў яслі.

На стале абавязкова прысутнічае 12 страў, галоўная – каша куцця. Таксама сярод страў рыба, кісель, капуста, грыбы, талканіца з цукру і маку, ламанцы, якія рыхтуюцца з мукі, вады і маку. Вядома ж, у кожнай сям’і свае асаблівасці святочнай трапезы, ёсць толькі адно правіла – стравы павінны быць нішчымнымі. Пасля паўночы 25 снежня можна есці скаромную ежу.

Калі ўсе павячэралі, кожны член сям’і выцягвае з­пад абруса саломінку – у каго самая доўгая, той у надыходзячым годзе будзе вельмі шчаслівым і ўдачлівым.

Цікава, што за святочным сталом прынята пакідаць вольнае месца. Любы чалавек, які зайшоў у дом каталіка на свята Божага Нараджэння, можа заняць гэтае месца і бу­дзе прыняты як член сям’і. Ёсць і іншае тлумачэнне – гэтае месца сімвалізуе нябожчыка ці ўсіх памерлых сваякоў, з якімі хацелася б падзяліць гэтае свята. Пры гэтым нельга забываць аб бедных людзях: трэба даваць добрую міласціну, часта­ваць смачна.

Пасля вячэры ўся сям’я ідзе на імшу ў касцёл, абавязковая прысутнасць тут з’яўляецца агульнай каталіцкай каляднай традыцыяй. Па традыцыі ў дзень Нараджэння Хрыстова, 25 снежня, служацца ў касцёлах тры асаблівыя літургіі – імша ноччу, імша на світанку і імша днём.

Як у старадаўнія часы, так і цяпер, каталікі ідуць калядаваць з галоўным сімвалам свята – каляднай зоркай, спяваюць песні і жадаюць ўсяго найлепшага.

______

Таццяна СЕДАС, метадыст па народнай творчасці раённага арганізацыйна­-метадычнага цэнтра:

– У сучасны час шумныя забавы і народныя гулянні ў каталікоў не так ужо і папулярныя.

Для каталікоў Каляды – гэта ў першую чаргу сямейнае свята. Па выніках апытанняў і экспедыцый, у Баранавіцкім раёне ў асноўным калядаваць ходзяць праваслаўныя. Дарэчы, некаторыя каталікі задоўга да наступлення свята ўпрыгожваюць сваё жыллё яслямі з фігуркамі немаўля Ісуса і Марыі.

______

Паводле Евангелля, Ісус Хрыстос нарадзіўся ў горадзе Віфлееме.

Калі імператар Актавіян Аўгуст пастанавіў правесці перапіс насельніцтва Рымскай імперыі, Марыя і Іосіф адправіліся ў Віфлеем, каб унесці свае імёны ў спіс. Аднак свабодных месцаў у гасцініцах горада не знайшлося, і ім давялося начаваць у пячоры, якая выкарыстоўвалася ў якасці хлява для жывёлы. У гэтай пячоры Дзева Марыя нарадзіла Ісуса і паклала яго ў яслі. Анёл прынёс вестку аб яго нараджэнні пастухам,
і яны прыйшлі пакланіцца Дзіцятку.

У Евангеллі ад Матфея гаворыцца, што ў гэтую ноч на небе запалілася цудоўная Віфлеемская зорка, якая і прывяла да Марыі і Іосіфа вешчуноў. Яны таксама прыйшлі пакланіцца Езусу і прынеслі яму дары – золата, ладан і смірну.

Вольга КАВАЛЬКО.

 



  • Мы в социальных сетях: