Наверх

Прэм’ера батлеечнага тэатра адбылася ў Мірнаўскай школе

16.01.2022 599 Наш край

Драўляны лялечны тэатр зрабіў і перадаў дзецям разьбяр з вёскі Уцёс Валянцін Стрэльчык.

– Ідэя стварэння лялечнага тэатра зарадзілася задоўга да таго, як з’явілася магчымасць рэалізаваць гэта ў жыццё, – кажа настаўнік беларускай мовы і літаратуры Мірнаўскай дзіцячы-сад сярэдняй школы Іна Афанасік. – У мяне шмат дзяцей, аматараў беларускай культуры. Аднойчы, збіраючы з імі матэрыял пра ўмельцаў нашай мясцовасці, мне давялося пазнаёміцца з жыхаром вёскі Уцёс Валянцінам Мікалаевічам Стрэльчыкам, які аказаўся дзядулем маёй вучаніцы, васьмікласніцы  Анастасіі Вашчылка.

Вытанчаныя шкатулкі, незвычайныя рамы для карцін і люстэркаў,  драўляныя цацкі, сувеніры, упрыгожванні – далёка не поўны пералік усіх тых вырабаў, якія ствараюць таленавітыя рукі майстра з Уцёса. Работы Валянціна Мікалаевіча выкарыстоўваліся ў афармленні вясковага падвор’я на “Дажынках”, выстаўляліся ў экспазіцыі Баранавіцкага раённага Цэнтра рамёстваў. Валянцін Мікалаевіч “ажывіў” у дрэве герояў паэм “Новая зямля” і “Сымон-музыка” Якуба Коласа. Яго драўляныя персанажы былі ўдзельнікамі ХХХІІ літаратурна-музычнага свята “Каласавіны”, прымеркаванага да Года малой радзімы, 95-годдзя паэмы “Новая зямля” і 100-годдзя першага выдання паэмы “Сымон-музыка”.

– Калі мы з дзецьмі расказалі майстру пра сваю задумку, ён з радасцю згадзiўся дапамагчы, – кажа Іна Афанасік. – Са снежня мінулага года работа закіпела – і атрымалася сапраўды незвычайная рэч. Эскіз батлейкі распрацоўвала разам з дзядулем Анастасія,  двухпавярховую сцэнічную прастору стварыў  Валянцін Мікалаевіч, усе  лялькі-фігуркі разьбяр выразаў сваімі рукамі.

teatr-batlejka_1.JPGБатлейка на Беларусі існавала з XVI стагоддзя. Яе назва ўзнікла ад слова «Бэтлеем», калісьці так называўся горад Віфлеем, дзе нарадзіўся Ісус Хрыстос. Дзякуючы самаробным лялькам можна было ўбачыць Хрыстова нараджэнне, а таксама жорсткага цара Ірада, які хацеў забіць маленькага Сына Божага, за што і трапіў у пекла з кіпучай смалою. Паступова ад семінарыстаў, якія паказвалі п’есу рэлігійнага зместу, батлейка перайшла да рамеснікаў і сялян, якія ўзбагацілі яе бытавымі, жартоўнымі сцэнамі – інтэрмедыямі.

– Для прэм’еры нашага тэатра мы вырашылі спачатку ўзяць біблейскую тэматыку, тым больш, што зараз святкуюцца Каляды. Першымі гледачамі сталі  вучні малодшых класаў, – кажа Іна Афанасік. – Спадзяюся, што наш драўляны лялечны тэатр будзе радаваць дзяцей на працягу многіх гадоў.

Іна ГАНЧАР

Фота прадстаўлены Мірнаўскай дзіцячы сад - сярэдняй школай

Больш фота тут




  • Мы в социальных сетях: