Наверх

Пісьменніца Вольга Іпатава і рэжысёр Уладзімір Мароз пабывалі ў Баранавіцкім раёне (дапоўнена)

30.06.2014 697 Наш край

Дзень айчыннай літаратуры ў цэнтральнай раённай бібліятэцы, што ў Новай Мышы, запомніцца яе работнікам і наведвальнікам сустрэчай з вядомай беларускай пісьменніцай Вольгай Іпатавай, празаікам і паэтам, кінасцэнарыстам і рэжысёрам Уладзімірам Марозам, якія пакінулі чытачам «Нашага краю» аўтографы з пажаданнямі.

Яшчэ адна госця, выкладчыца Інстытута беларускай культуры Людміла Несцяровіч сказала пра творцаў усяго некалькі слоў, але яны толькі падагрэлі цікавасць да такіх вядомых і разам з тым невядомых асоб.

«Дзяўчынка, якая рана засталася без маці і апынулася ў дзіцячым доме», «летуценніца» і «чалавек, які зрабіў сябе сам», – усё гэта пра Вольгу Іпатаву.

З нашым краем знакамітую пісьменніцу звязвае не толькі тое, што яна некалі жыла ў Баранавіцкай вобласці. Быў выпадак, на нашай чыгуначнай станцыі яе… ледзь не ўкралі.

Вольга Іпатава з чатырох гадоў чытала вершы і маленькую разумную дзяўчынку запрыкмецілі генерал з жонкай, якія ў пасляваенныя гады ехалі праз наш горад на цягніку. Пара была бяздзетнай, і, калі дзяўчо ў купэ стала дэкламаваць Пушкіна, то так спадабалася супругам, што тыя былі не супраць пакінуць яе ў сваёй сям’і. Аднак у апошні момант бацька Волечкі, які ўвесь гэты час беспаспяхоўна шукаў дачку на станцыі, здагадаўся, дзе яна, і літаральна выхваціў з купэ – да адыходу саставу заставаліся секунды.

Добра ведае Вольга Іпатава журналісцкі хлеб – самой колькі год давялося насіць за спіной «Рэпарцёра». Гэта, калі хто не ведае, дыктафон. Ад сучасных ён вельмі і вельмі адрозніваўся памерамі – «гаргара», як назвала яго сама Вольга Міхайлаўна.

Менавіта жырандолі Паўлюка Багрыма была прысвечана першая перадача Вольгі Іпатавай на Гродненскім тэлебачанні. У касцёле, па суседству з жырандоляй, тады ляжала зерне, праз разбітае акенца заляталі галубы. Маладая журналістка знайшла на могілках старую агароджу, як па лесвіцы, забралася па ёй і цераз тое акенца не пабаялася скочыць унутр. Перадача мела рэзананс.

У дзяцінстве Вольга Іпатава марыла стаць прадаўшчыцай цукерак.

– Калі прагу да цукерак я спатоліла, то да кніг – не, – Вольга Міхайлаўна ўспамінае, як у дзетдоме, нягле-дзячы на адбой, яна закутвалася ў коўдру, адкрывала дзверы і ў свеце калідора паўночы чытала кнігі.

Адзін з апошніх яе ўласных твораў «Знак вялікага магістра» – толькі крок на шляху да вялікай мэты Вольгі Іпатавай: стварыць сагу пра гісторыю Беларусі. Дарэчы, «Знак вялікага магістра» Вольга Міхайлаўна збіраецца перакласці на рускую мову, каб пашырыць круг чытачоў.

Пасля заканчэння аспірантуры ў Маскве Вользе Міхайлаўне прапанавалі работу ў газеце «Праўда». На тыя часы гэта было гарантыяй кватэры, кар’ернага росту. Аднак Вольга Іпатава падумала, што ў вялікім горадзе стане іншай, і адмовілася. Ёй казалі: «Падумай, што ты робіш? Такой магчымасці не будзе!», але яна вырашыла працягваць абраны шлях – застацца ў Беларусі і пісаць пра яе, дзеля яе.

Сапраўды, ці ж можна пакінуць краіну, у якой насамрэч здараюцца такія гісторыі? Аднойчы ў адной далёкай ад гарадскога рытму вёсцы прама на пяньку пісьменніца размясціла пішучую машынку і пачала набіраць тэкст, як раптам адчула, што нехта да яе дакранаецца. Аглянулася – а гэта бусел! Напэўна, зацікавіўся, што гэта жанчына робіць…

Дарэчы, у Новай Мышы Вольгу Іпатаву чакаў Міхаіл Трафімук, знаёмы па студэнцкім жыцці. Яны не бачыліся шмат гадоў. Пісьменніца вучылася разам з яго жонкай Кацярынай, якая была на курс малодшая за Міхаіла Трафімука, на філфаку БДУ. Сам Міхаіл Васільевіч, як і пісьменніца, неабыякава ставіцца да мінулага нашага народа. Ён сабраў мноства экспанатаў для музея «Бацькаўшчына» Навамышскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельгасвытворчасці, у якім некалі працаваў. Экспазіцыі распавядаюць пра землякоў з Новай Мышы, жыццё якіх у гады Вялікай Айчыннай вайны можна назваць суцэльным подзвігам, пра гісторыю стварэння ліцэя, захоўваецца памяць і пра яго выпускнікоў, якія з чэсцю выканалі доўг у Афганістане.

…Прадставіла Людміла Несцяровіч і Уладзіміра Мароза, чалавека, які размаўляў з Жарэсам Алфёравым і здольны паказаць у кіно, што старажытны пергамент пад свечкаю робіцца нібы шкло. Уладзімір Вікенцьевіч працуе на студыі «Беларусьфільм», аўтар шасці дзесяткаў сцэнарыяў дакументальных фільмаў і, між іншым, узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь.

Адзін з фільмаў, «Тайна памятника», будзе асабліва цікавым баранавіцкаму гледачу, бо сюжэт яго звязаны з гісторыяй нашых мясцін.

Калі вы жадаеце здзівіць каханую, але не ведаеце як, вывучыце на памяць і працытуйце вершы са зборніка Уладзіміра Вікенцьевіча «Шляхцянка восень» – напісаны яны з асаблівай пяшчотай, бо кожны радок прысвечаны дарагому для паэта чалавеку – жонцы.

Уладзімір Мароз, высветлілася, наш зямляк, з Берасцейшчыны, нарадзіўся ў горадзе Косава Івацэвіцкага раёна. Ёсць і ў яго ўспаміны, што датычацца Палескага вакзала: калі праязджаў раней праз Баранавічы, абавязкова набываў нашы «фірменныя» вафельныя трубачкі з крэмам. І сапраўды, дзе яшчэ такія смачныя знойдзеш?!



  • Мы в социальных сетях: