18 лютага а 16 гадзіне Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы і Нацыянальная бібліятэка Беларусі запрашаюць на“Купалаўскі дыктант”, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы.
Гісторыя мовы непарыўна звязана з гісторыяй народа, які гаворыць на ёй. І калі ў вачах адлюстроўваецца душа, то ў мове адлюстроўваецца грамадства.
Кожны жадаючы зможа далучыцца да дыктанта, адчуць смак роднай мовы і магутнасць Купалавага слова, паспрабаваць свае сілы ў валоданні нормамі беларускага правапісу, напісаўшы тэкст аднаго з артыкулаў Янкі Купалы.
На ролю выкладчыка запрошаны акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валянцін Салаўёў.
Для ўдзелу ў “Купалаўскім дыктанце” на пляцоўцы Нацыянальнай бібліятэкі будуць запрошаны першыя 140 чалавек, якія пройдуць рэгістрацыю праз Google-форму, а прамая трансляцыя на YouTube стане выдатнай магчымасцю далучыцца да дыктанта ўсім жадаючым беларусам.
Усе ўдзельнікі цягам 10 дзён атрымаюць па электроннай пошце свае вынікі, а таксама электронныя сертыфікаты ўдзельніка праекта. Тыя, хто напіша дыктант на выдатна (10 балаў), стануць уладальнікамі памятных падарункаў ад арганізатараў.
Мерапрыемства адбудзецца ў рамках святкавання 140-гадовага юбілею першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы і 100-годдзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Для зарэгістраваных удзельнікаў уваход з правага боку Нацыянальнай бібліятэкі (пр-т Незалежнасці, 116). Пры сабе мець шарыкавую або гелевую ручку.
Час рэгістрацыі: з 15.00 да 15.30.
Алена РАКУЦЬ