Наверх

Нясвіж запрашае на «ГРАНД КІРМАШ у Палацы Радзівілаў»

24.09.2018 511 Наш край

29 верасня Нясвіж запрашае на традыцыйнае восеньскае свята – “ГРАНД КІРМАШ у Палацы Радзівілаў”!

«Гранд кірмаш» адбудзецца ў цэнтральным двары Палацавага ансамбля. Уваход на кірмаш 2 BYN.

Жыхары і госці Нясвіжа! Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” і Музычны дом “Класіка” запрашаюць усіх вас на свята кірмашовае ў заходнебеларускі павятовы горад Нясвіж у 20-30-я гг. мінулага стагоддзя! У выхадныя дні ў кожным мястэчку гудзіць кірмаш. З усіх бакоў люд сцякаецца ў адное цэнтральнае месца: купіць-прадаць-пагуляць-паглядзець, шум-гам ад гулу, музыкі, забаў і танцаў. Вось так і будзе 29 верасня ў палацы Радзівілаў!

У кірмашы будзе актыўна удзельнічаць этнакрама “Рагна”, якая прывязе унікальныя аўтарскія вырабы больш чым 40 беларускіх майстроў – сувеніры і падарункі ў беларускім традыцыйным стылі: упрыгожванні, рушнікі, кераміку, рэчы, вырабленыя з дрэва, лазы, саломы, металу ‒ ды увогуле шмат-шмат усяго для побыту і дабрабыту.

А за прысмакі на кірмашы адказвае «Свята роднай ежы «УСЁ СВАЁ», якое гэтым разам едзе ў Нясвіж да Радзівілаў! Будзе сапраўднае восеньскае свята ўраджаю ад 20 фермераў і гастраэнтузіястаў са свежым хатнім хлебам, салам, агароднінай, незвычайнымі закаткамі, духмянымі супамі з гарбуза, вяленымі слівамі, травянымі гарбаткамі, сырамі, пасцілой і іншымі прысмакамі для дарослых і дзяцей! Усё можна будзе паспрабаваць і купіць.

Але будзьце пільнымі, бо тыя часы ў Заходняй Беларусі былі “ой цікавымі”, – не пападзіцеся ў рукі кантрабандыстаў, а то яны маюць здольнасці прадаць “тое, што не трэба”. А як вы набудзеце “тое, што не трэба”, – то і крычыце-завіце потым жаўнераў. Часам кантрабандысты называюць сябе артыстамі Тэатра-фрай і вытвараюць розныя цікавосткі: спяваюць песні, расказваюць байкі, сцэнкі паказваюць, акрабатычныя нумары, гандлевыя атракцыёны, ды іншыя правакацыі вытвараюць.

Але будзе на кірмашы і легальная кантрабанда ад кавярні “Бутлегер” з напоямі для дзяцей і дарослых!

Сустрэнецеся вы і з Альбрэхтам Радзівілам. Як раз у гэты час з Еўропы да яго ў госці прыязджае дачка Эльжбета, а яна – знакамітая ў сям’і распавядальніца і заўсёды радая забавіць дарагахіх гасцей гісторыіямі з мінулага.

Музыка, гульні, забавы кірмашовыя ад Васіля “Вясёлага шляхцюка”– усё будзе як і раней, таму чакаем хуткай сустрэчы з вамі!

А галоўнай разынкай кірмашовай праграмы стане бадай што ўнікальная сустрэча гледачоў з самымі сапраўднымі драпежнымі птушкамі – філінамі і сакаламі! Аніматары сакалінага двара кампаніі “Сокал у небе” правядуць майстар-класы, раскажуць пра сакалінае паляванне, пра амуніцыю для выхавання лоўчых птушак. Госці змогуць пасадзіць любую з птушак (а іх будзе 5 – філін і чатыры сокалы) на сакальнічую пальчатку, каб сфатаграфавацца. Усе птушкі прывучаныя да чалавека, яны бяспечныя, неагрэсіўныя.

За музыку і танцы на кірмашы адказная капэла традыцыйнай музыкі «На таку». А турыстычная кампанія «Віаполь» гатуе на кірмаш свае незвычайныя сюрпрызы і забавы для ўсіх жадаючых!

І не забудзьце, што будзе вельмі добра і цікава для ўсіх нас, калі ў элементах сваёй вопраткі вы паўторыце моду 20-30-х гг. ХХ стагоддзя Заходняй Беларусі.

Пачатак дзеі ў 10 раніцы, а заканчэнне а 19 гадзіне.

Да сустрэчы ў мінулым стагоддзі ў мястэчку княжаскім – Нясвіжы!



  • Мы в социальных сетях: