2022 год багаты на юбілейныя даты майстроў беларускай літаратуры. Але, здаецца, найбольш маштабна і яскрава адзначаецца 140-годдзе двух песняроў свайго народа – Янкі Купалы і Якуба Коласа. Менавіта ў іх гонар на базе цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Яна Чачота адбыліся ІІ Навамышскія навукова-краязнаўчыя чытанні “Неўміручая спадчына – Купала і Колас”.
Трэба адзначыць: нягледзячы на тое, што сустрэчы такога фармату праходзяць толькі ў другі раз, яны ўжо набылі шмат прыхільнікаў.
На навукова-краязнаўчай канферэнцыi, арганізаванай у межах чытанняў, з дакладамі выступілі:
Зміцер Юркевіч – калумніст газеты “Культура”, арт-куратар, старшыня арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана;
Васіль Туміловіч – краязнаўца, член Лунінецкага краязнаўчага таварыства;
Вольга Пляшэвіч – дырэктар Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы;
Аксана Маркевіч – загадчыца Мікашэвіцкай гарадской бібліятэкі Лунінецкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, член Лунінецкага краязнаўчага таварыства;
Таццяна Маляўка – загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу і рэкламы Ганцавіцкай ЦРБ імя В.Ф. Праскурава.
Акрамя навуковых дакладаў, прысвечаных жыццю і літаратурнай творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа, для ўдзельнікаў і гасцей свята была падрыхтавана і літаратурна-музычная імпрэза “Заўсёды з намі Колас і Купала”, якая дала магчымасць усім прысутным яшчэ раз дакрануцца сэрцам да пранікнёных словаў, што выйшлі з-пад пяра славутых юбіляраў.
Прыемна адзначыць, што вершы Купалы і Коласа гучалі ў выкананні людзей самых розных узростаў.
Дарэчы, самы малодшы ўдзельнік – вучань чацвёртага класа. Творы пісьменнікаў-юбіляраў чыталі юныя карыстальнікі бібліятэк раёна: Пётр Лушчык (Цешаўлянская СБ), Ганна Кузьміцкая (Падгорнаўская СБ), Даніла Лайша (Жамчужненская СБ) і Кіра Гаўрыльчык (Мірская СБ).
Не менш прыемна і тое, што ўдзел у свяце ўзялі і сучасныя паэты Баранавіцкага раёна і Лунінеччыны. А святочны музычны настрой гасцям свята падаравалі супрацоўнікі Навамышскага і Жамчужненскага СДК.
Інфармацыя і фота прадастаўлены Баранавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай