Наверх

Намалявала проста кветкі…

23.05.2012 474 Наш край

У гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя В. Таўлая адкрылася мастацкая выстава нашай зямлячкі Вольгі Рамейкі, чые габелены і абразы ўпрыгожваюць кватэры добрых людзей у Аўстраліі, Аўстрыі, Беларусі, ЗША, Расіі, Чэхіі і Японіі. Прадстаўленыя на выставе работы прымушаюць паразважаць аб тым, чаму мастачка намялявала менавіта гэта. А намалявала яна ў асноўным нацюрморты: прыгожыя кветкі ў сціплых вазах, фрукты і ўсё тое, што звычайна выкарыстоўваецца пры маляванні ў гэтым жанры. Сама мастачка кажа, што тэму ёй падказала сама прырода: «Калі квітнеюць сады, дай, думаю, пакажу свае ландышы, свае цюльпаны, тое, што ў маім сэрцы нарадзілася».

На выставе Вольгі Іванаўны сабраліся як яе блізкія, знаёмыя ёй людзі, сябры, так і тыя, хто проста хацеў пазнаёміцца з творчасцю мастачкі.

Выставу Вольга Іванаўна прысвячае мужу Уладзіміру Паўлавічу, які, як кажа сама, з’яўляецца самым строгім і самым правільным настаўнікам у яе жыцці, а таксама сваім дзецям і ўнукам.

Аб некалькіх цікавых фактах з біяграфіі Вольгі Іванаўны можна было даведацца адразу ж на ўваходзе ў залу бібліятэкі. Больш 20 гадоў таму разам з мужам стварылі ўласную мастацкую майстэрню, у якой зараз разам з імі працуюць ужо нават іх унукі. Творчасцю мастачка займаецца з маленства і лічыць, што жыццё – гэта і         ёсць найважнейшая творчасць.

У выяўленчым мастацтве Вольга Іванаўна пачынала з батыка і габелена, потым узялася за фарбы, захапілася вельмі, удзельнічала разам з мужам у мностве выстаў на Радзіме і за мяжой.

«Я адчуваю сябе шчаслівым чалавекам: працавітай жанчынай, руплівай жонкай, клапатлівай матуляй, цярплівай бабуляй, вынослівай прабабуляй і маладой мастачкай. Працягваю вучыцца на стацыянары ў Акадэміі жыцця», – піша пра сябе Вольга Рамейка.

Адкрыццё выставы прайшло ў атмасферы цеплыні і святла.



  • Мы в социальных сетях: