Наверх

Надпіс на кнізе

29.08.2013 612 Наш край

Подпісы аўтараў, пакінутыя на кнігах, нагадваюць аб сустрэчах з пісьменнікамі і паэтамі, якія некалі наведвалі цэнтральную гарадскую бібліятэку імя В.П. Таўлая і чые творы засталіся тут, каб і сёння мы мелі магчымасць бачыць і чытаць іх.

Уласнаручныя надпісы Максіма Танка, Алеся Адамовіча, Пімена Панчанкі, Івана Чыгрынава, Івана Пташнікава, Сяргея Грахоўскага, Аляксея Пысіна і іншых слынных асоб беларускай літаратуры адрасаваны чытачам: гэта словы вітання, павагі і зычання шчасця, дабра, падзякі за адданасць кнізе. Шмат добрых пажаданняў адрасаваны бібліятэцы, як скарбніцы роднага слова. Некаторыя з іх пакінутыя болей за 30 гадоў таму, але дораць нам адчуванне, што вось толькі-толькі перад табою кнігу трымаў у руках сам аўтар.

Цікавая і вельмі значная для захавання культурнай спадчыны выстаўка кніжных аўтографаў «Надпіс на кнізе: лёс, эпоха…» разгорнута зараз у чытальнай зале бібліятэкі. Калекцыя выданняў, пазначаных аўтографамі пісьменнікаў, налічвае болей за сотню. Зразумела, на бібліятэчных паліцах захоўваюцца таксама кнігі пісьменнікаў-землякоў і мясцовых аўтараў: Анатоля Клышкі, Ніны Загорскай, Міколы Бусько, Анатоля Станкевіча, Івана Лагвіновіча, Алеся Корнева… Супрацоўнікі бібліятэкі запрашаюць гараджан да знаёмства з экспазіцыяй, каб не толькі ўбачыць гэтыя рэліквіі, але, магчыма, і   прачытаць самі творы. Бо гэта найлепшая даніна павагі да людзей, якія іх стварылі. З 1 верасня цэнтральная гарадская бібліятэка імя В. П. Таўлая працуе без выхадных, з 10.00 да 19.00.  У гэты час можна наведаць выстаўку, пры жаданні атрымаць грунтоўны аповед аб ёй. Даведкі па тэлефоне 45-20-22.



  • Мы в социальных сетях: