Ушанаванне светлай памяці паэтаў-землякоў, больш поўнае знаёмства з іх жыццём і творчасцю – ўсё гэта з’яўляецца галоўнай мэтай Корнеўскіх чытанняў, якія штогод праходзяць на базе цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Яна Чачота. Творчыя сустрэчы, якія аб’ядноўваюць і сучасных аўтараў, і прыхільнікаў паэтычнага слова, праходзяць па ініцыятыве актыўнай жанчыны, члена Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі – Раісы Міхайлаўны Раманчук. Разам з супрацоўнікамі галоўнай бібліятэкі раёна быў арганізаваны шэраг мерапрыемстваў, падчас якіх госці і прысутныя дзяліліся ўспамінамі аб многіх і многіх творцах, чый лёс так ці інакш звязаны з Баранавіцкім краем.
Сённяшняя творчая сустрэча была прысвечана адразу чатыром паэтам: Алесю Корневу, Івану Лагвіновічу, Генадзю Козелу і Кастусю Турко. Падчас яе правядзення гучалі ўспаміны і цёплыя словы аб знакамітых родных ад сына Алеся Корнева Вадзіма, унучкі Алеся Гаруна – Браніславы Міхайлаўны Лапкоўскай, сяброўкі па пяру – Соф'і Іосіфаўны Клімец, дачкі Генадзя Козела – Рудаман Марыны Генадзьеўны.
Канешне, творчая сустрэча немагчыма без вершаваных радкоў, якімі шчодра дзяліліся з прысутнымі мясцовыя паэты, члены літаратурна-музычнай гасцёўні “Крыніца” (кіраўнік Раіса Міхайлаўна Раманчук). Гэтае аб’яднанне дзейнічае на базе цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Яна Чачота і аздабляе сваёй творчасцю і натхненнем амаль кожнае літаратурнае бібліятэчнае мерапрыемства. Падчас правядзення Корнеўскіх чытанняў сваім талентам з прысутнымі дзяліліся: Раіса Раманчук, Антаніна Аўчыннікава, Антаніна Сасім, Галіна Станішэўская, Анатоль Хвайніцкі. У іх выкананні гучалі вершы, поўныя цеплыні і любові да сваёй зямлі, Радзімы і землякоў. А ўлічваючы, што паэты, якім была прысвечана сённяшняя сустрэча, з’яўляюцца дзецьмі вайны, асаблівы накал эмоцый і пачуццяў у прысутных выклікаў паэтычны блок, прысвечаны жудасці ваеннага ліхалецця і мужнасці нашага народа ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны.
Канешне, за той час, які доўжылася творчая сустрэча, немагчыма ўспомніць усе цікавыя і знакавыя моманты жыцця творцаў, якія пражылі яскравае і поўнае паэзіі жыццё і ўпісалі свае імёны ў летапіс беларускай літаратуры. Але ж такія мерапрыемствы ў чарговы раз пераконваюць усіх нас у тым, што не так прынцыпова, колькі гадоў і дзе пражыў творца. Галоўнае, які творчы скарб ён пакінуў сваім нашчадкам.
Загадчык аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай працы ЦРБ імя Яна Чачота Святлана Кропатава