Наверх

Мірнаўскі калектыў з французскім густам ды беларускім зместам святкуе юбілей

26.03.2015 528 Наш край

SONY DSCХоць і мае народны інструментальны ансамбль «Бон-тон» Мірнаўскай дзіцячай школы мастацтваў гучную французскую назву, значную частку яго рэпертуару складаюць беларускія народныя песні. Аднак разам з тым далёкая рамантычная Францыя мае дачыненне да лёсу невялічкага музычнага калектыву, які святкуе ў гэтым годзе юбілей.

Адна з яркіх старонак яго біяграфіі – выступленне на ХХ Міжнародным фестывалі «FIMU» у французскім горадзе Белфарце. Каларытны ансамбль тады ўразіў замежных утончаных знатакоў сапраўднай, нефанернай музыкі, за 20 гадоў яго творчасць набыла нямала паклоннікаў і ў нашым краі.

Інструментальны ансамбль «Бон-тон» – актыўны ўдзельнік амаль усіх раённых святаў, конкурсаў, фестываляў, – кажа дырэктар Мірнаўскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Ананька (дарэчы, яна сама спявае з «Бон-тонам»). – Кожнае выступленне ансамбля – гэта маляўнічае, непаўторнае відовішча, высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства, адданасць усіх музыкантаў калектыву сваёй справе.

«Бон-тон» у перакладзе з французскай мовы, – «добры густ», «прыемны настрой» – заснавальнік калектыву Сяргей Белановіч, вядома, меў рацыю, калі падабраў гэтую назву ансамблю.

Летась калектыў узначаліла 32-гадовая скрыпачка Алеся Баранава. У «Бон-тоне», дарэчы, з поспехам рэалізуюць свае творчыя памкненні людзі розных пакаленняў: малодшай удзельніцы ансамблю цымбалістцы Ганне Калядзе 21 год, старэйшаму сярод музыкантаў Аляксандру Жыдзіку 59-ць. Аляксандр Васільевіч – і канцэртмайстар, і за ўдарныя інструменты адказны. Акрамя цымбал, на якіх іграе таксама Алена Дзегіль, ёсць у невялікага калектыву і баян (Андрэй Шыла), і акардэон (Таццяна Шутко), і нават бас-гітара (Алена Гізун) – Алеся Баранава хоча ў традыцыі ансамблю ўнесці больш эстраднай яркасці. Зразумела, музыкі не могуць абысціся без «голасу» ансамблю – вакалістаў Інны Нікалайчук, Андрэя Шусты, Таццяны Седас.

Вы і на Дне беларускай культуры і пісьменства ў Ганцавічах выступалі, і на міжнародных ды рэспубліканскіх фестывалях па Беларусі паездзілі даволі. Не інакш, як вам ёсць што расказаць пра прыгоды? – пытаюся ў кіраўніка.

Што ж, ёсць у нас два вясёлых выпадкі, – згаджаецца Алеся Баранава. – Аднойчы паехалі мы на канцэрт, ды – гэта ж трэба! – забылі ўзяць з сабой ноты. Канцэрт вось-вось пачнецца, вяртацца няма часу, што рабіць? Прыйшлося Вользе Стрэчань, нашаму тэарэтыку, па памяці пісаць партыі выканаўцам. І ў такіх стрэсавых абставінах яна бліскуча з заданнем справілася – майстэрства!

Іншы раз, калі «Бон-тон» вяртаўся з санаторыя «Чабарок», дзе ўдала даў канцэрт, згубіліся нават не ноты, а… некалькі чалавек ансамблю. Што ні кажы, музыкі – яны такія, народ вясёлы. Ды й з кім не бывае? Калі аўтобус ад’ехаў, у некага зазваніў мабільны:

– Мы вас ля дзвярэй чакаем! Колькі ж можна?

– Каля якіх такіх дзвярэй? Дзе вы былі? Мы ж даўно паехалі!

Высветлілася, што дзвярэй было двое – кожны выбраў той выхад, які болей спадабаўся.

Віталь ГЕРЦАЎ



  • Мы в социальных сетях: